Усё малако на МТФ «Ліпнішкі» здаюць вышэйшым гатункам
11:26 / 22.10.2019
Летась падчас раённага свята ўшанавання працаўнікоў вёскі ажно дзве даяркі з МТФ «Ліпнішкі» падымаліся на сцэну за ўзнагародай: Ганна Сцефановіч паказала трэці вынік у вобласці сярод аператараў машыннага даення, а сёлета яе партрэт занесены на раённую Дошку гонару, а Яніна Мядзейша па выніках раённага спаборніцтва стала лепшай даяркай у сваёй гаспадарцы.
Сакрэтамі такога поспеху цікаўлюся ў загадчыцы фермы Таццяны Ступенькі.
– А сакрэту няма, – усміхаецца жанчына. – Дзяўчаты добра працуюць, стараюцца – адсюль і вынік. У змену на ферме працуюць чатыры аператары машыннага даення: Ганна Сцефановіч, Ірына Мацкель, Яніна Мядзейша, Лілія Супрановіч, ёсць два падменныя: Алена Жукоўская і Юрый Мікліс, які працуе замест Алены Бейнер, пра якую пісала ваша газета, – яна ж на Дзень маці трэцюю дзяўчынку нарадзіла.
На МТФ «Ліпнішкі» ўтрымліваецца 175 кароў. У кожнага аператара машыннага даення свая група – а гэта каля 50 кароў. А яшчэ жанчыны даглядаюць нованароджаных цялят.
– Малыша трэба як мага хутчэй выпаіць малозівам, тады ён будзе здаровым, лепш расці і развівацца, – расказвае аператар машыннага даення Яніна Мядзейша.
Даярка Яніна Мядзейша са сваімі гадаванцамі
У групе жанчыны 51 карова, але найбольш ёй падабаецца працаваць з цяляткамі. У прафілакторыі цяпер 22 малышы, якімі даяркі апякуюцца каля двух месяцаў, потым іх пераводзяць у групу дарошчвання.
Працоўны дзень у даярак пачынаецца ў 5.30. Спачатку яны выпойваюць цёплым пастэрызаваным малаком цялят, перасцілаюць клеткі, а потым каля 7.00 пачынаюць даіць кароў – кожная сваю групу.
Памочнік загадчыка фермы Галіна Міхайлоўская працуе ў «Ліпнішках» больш за 25 гадоў
– Самае галоўнае ў нашай рабоце – добры настрой, – прызнаецца жанчына. – Пачухаеш карову за вушкам, скажаш ёй добрае слоўца – а яна табе малаком аддзячыць.
Летась на ферме памянялі абсталяванне – змены да лепшага не прымусілі сябе чакаць: усё малако тут мае вышэйшы гатунак.
– У малакапровад мыючыя сродкі раней залівалі самі. Цяпер уся сістэма камп’ютарызаваная: малочнае абсталяванне грунтоўна апрацоўваецца пасля доек, – расказвае загадчыца фермы.
– А яшчэ ў кароўніках зрабілі кормасталы, што значна аблегчыла работу, – да размовы далучаецца даярка Ірына Мацкель, якая працуе на ферме з 2003 года. – Раней паспрабуй ты дастаць недаедзены корм з жолаба. Цяпер – любата!
У дзяцінстве даярка Ірына Мацкель марыла стаць выхавацелем і працаваць у дзіцячым садку. Але пабаялася ехаць у вялікі горад здаваць экзамен. Часткова мара жанчыны спраўдзілася: цяляткі не менш за дзяцей патрабуюць клопату і ўвагі
На МТФ «Ліпнішкі», як і на астатніх фермах, практыкуецца кругласутачны выпас кароў: летам два разы на дзень рагуль з пашы прыганялі на ферму на дойку.
Уладзімір Замара адкачвае гной на многіх гудагайскіх фермах
– З верасня перайшлі на стойлавае ўтрыманне, – расказвае загадчыца фермы Таццяна Ступенька. – Праўда, яшчэ ганяем кароў на пашу – такі праменад добра ўплывае і на страваванне жывёліны, і на яе агульны стан. Пераход, вядома, ажыццяўлялі паступова. Каля трох дзён дадаткова выдавалі кілаграм канцэнтратаў каб не страціць малако. Надой на карову складае амаль 18 кілаграмаў малака – не рэкорд, канешне, будзем імкнуцца да большых надояў. Але радуе тое, што ўсё ліпнішскае малако мае вышэйшы гатунак.
Віктар Войдак і яго памочнік конь Вася. Мужчына развозіць і раздае ўручную кармы для 300 галоў