Иосиф Витковский – слесарь с душой водителя

16:05 / 25.10.2019

Портрет слесаря Иосифа Витковского занесен на районную Доску почета.

Працоўную дзейнасць Іосіф Мечыслававіч пачынаў у сельгастэхніцы – спачатку вучнем токара, потым токарам. Адтуль праз год пайшоў у армію. Вярнуўся дадому зноў пайшоў працаваць. Ну не мог хлопец ні дня сядзець без работы!

У 1980 годзе Іосіф Віткоўскі сеў за руль аўтабазаўскага МАЗа. Нягледзячы на маладосць і невысокі рост, з вялікай машынай ён спраўляўся лепш, чым многія вопытныя вадзіцелі.

0.jpg

– Яшчэ да майго прыходу ў аўтабазу не раз бачыў Іосіфа Мечыслававіча за рулём вялізнай тэхнікі, – гаворыць дырэктар аўтапарка №4 Аляксандр Жук. 

– Не ведаў, хто гэта, але дзіву даваўся, як упэўнена і па-майстэрску круціў ён баранку, з-за якой была бачна толькі галава.

Так і застаўся б у працоўнай кніжцы Іосіфа Віткоўскага апошнім запіс «вадзіцель» – яму падабалася гэта прафесія, ён любіў велічную і магутную тэхніку, да якой за дваццаць гадоў работы прыкіпеў душой. Але нечаканая хвароба, якая ў прамым сэнсе аглушыла мужчыну, паставіла перад сур’ёзным выбарам: змяніць прафесію або месца працы. Па медыцынскіх паказальніках чалавек з парушэннямі слыху не можа працаваць вадзіцелем.

Як адчувае сябе чалавек, калі вымушаны пакінуць справу свайго жыцця, які стрыжань трэба мець, каб годна выйсці з такога складанага не толькі для яго самога, але і для ўсёй сям’і становішча, якія думкі і пытанні роіліся ў той час у галаве – аб гэтым Іосіф Мечыслававіч не раскажа, аднак будзе памятаць заўсёды…

Але бязвыхадных сітуацый не бывае. Калі кіраўніцтва аўтабазы, якое не хацела страціць надзейнага, стараннага работніка, якому можна было даручыць любую справу, прапанавала вадзіцелю Віткоўскаму перакваліфікавацца ў слесара, той адразу згадзіўся: калі не ездзіць – то хоць бы знаходзіцца побач з тэхнікай ён будзе...

Як раней аддаваўся любімай вадзіцельскай справе, так з 2010 года Іосіф Мечыслававіч з адданасцю рамантуе абсталяванне і тэхніку аўтапарка. І для гэтага яму не патрэбны слых – за якасць выкананай работы адказвае яго душа.

На пытанне, што больш падабаецца рамантаваць – грузавыя машыны ці аўтобусы, слесар Віткоўскі з усмешкай паціскае плячыма: «А якая розніца – галоўнае, каб уся тэхніка была на калёсах».


ГАВОРАЦЬ КАЛЕГІ

Аляксандр Жук, дырэктар аўтапарка №4:

– Іосіф Мечыслававіч – майстар сваёй справы. Да работы адносіцца адказна, абавязкі выконвае старанна і хутка. Гэта добры, працавіты, сумленны чалавек, адданы сваёй справе на 100%. Глядзіш на слесара Віткоўскага і думаеш: пакуль ёсць такія, як ён, не ўсё яшчэ страчана.

У 2005 годзе Іосіф Мечыслававіч ўзнагароджваўся граматай прадпрыемства, у 2018-м – Падзячным лістом раённага Савета дэпутатаў за добрасумленныя адносіны да. У гэтым годзе партрэт слесара нашага аўтапарка занесены на раённую Дошку гонару – і гэта заслужаная ўзнагарода.

Уладзімір Кацінель, начальнік гаража:

– І вадзіцелем быў, і слесар Іосіф, як кажуць, ад Бога. Такіх адкрытых і добрых людзей яшчэ трэба пашукаць. За любую справу бярэцца з гатоўнасцю і ахвотай. І ўвесь час пры рабоце. Нават у свабодную хвіліну знаходзіць занятак: то яму пачысціць, то з венікам па гаражы праляціцца. Любая справа ў яго руках спорыцца. І калі работа даручана слесару Віткоўскаму, я ўпэўнены, што яна будзе зроблена якасна і без затрымкі. А здарыцца форс-мажор – да прыкладу, трэба выйсці ў выхадны, каб тэрмінова адрамантаваць тэхніку на панядзелак, – Іосіф Мечыслававіч абавязкова будзе сярод першых.


Кожны дзень, сустракаючыся са слесарам Віткоўскім на рабоце, адзначаюць яго шчырасць, адкрытасць, чалавечнасць і прафесіяналізм. І даўно не звяртаюць увагі на захворванне, якое не ўплывае ні на характар Іосіфа Мечыслававіча, ні на яго стасункі з людзьмі.


Текст:
Фото: Ольга Хотянович