Варнянская школа: людзі і справы

10:56 / 06.10.2019
618
Ласасёвы цэнтр, перамогі школьнага лясніцтва, феерычныя выступленні каманды КВЗ «Міледзі» – гэта далёка не ўсе адметнасці  Варнянскага НПК. Чым ганарыцца школа і чым адрозніваецца ад іншых навучальных устаноў – пра гэта і іншае мы пагутарылі з  яе дырэктарам  Аленай Іванаўнай Юркойць.

Наша школа – буйнейшая сель­ская навучальная ўстанова, – расказвае Алена Іванаўна. – 377 навучэнцаў і выхаванцаў штодзень спяшаюцца ў школу і садок. Тут іх чакаюць 43 педагогі. Усяго ж у школе працуе 91 чалавек  – праўда, 12 з іх знаходзяцца  ў дэкрэтным адпачынку.

IMG_9415 Юркойть.jpg



У 2006 годзе ў школе зрабілі капітальны рамонт – і яна зажыла новым жыццём. Прыходзілі новыя настаўнікі, школу пакідалі выпускнікі, але школа жыла і развівалася.

Тады ж, у 2006 годзе, яе тагачасны дырэктар Надзея Андрэеўна Субач запрасіла на пасаду намесніка дырэктара Алену Іванаўну Юркойць, якая да гэтага працавала выхавацелем у сацыяльным прытулку.

– Я  згадзілася, – гаворыць Алена Іванаўна. – А калі Надзея Андрэеўна пайшла на заслужаны адпачынак, школу прапанавалі ўзначаліць мне. І я вырашыла паспрабаваць.

За тры гады, што Алена Іва­наўна з’яўляецца дырэктарам, школа таксама абнавілася і папрыгажэла.

– Усе нашы педагогі стараюцца стварыць добрыя ўмовы працы на сваім рабочым месцы. Нас падтрымліваюць  аддзел адукацыі і бацькі выхаванцаў – без  гэтага многія ідэі так і засталіся б ідэямі.

– Дапамагае нам і  Астравецкі лясгас, – працягвае дырэктар школы. – 26 гадоў таму ў школе было створана школьнае ляс­ніц­тва. Тады ім кіравала Лі­дзія Аляк­сандраўна Лакевіч, потым эстафету перанялі Ула­дзі­мір Вік­таравіч Саленік і я. Мы і ця­пер працягваем гэтую работу.

Перамогі ў міжнародных алім­­піядах па пасадцы дрэў, рэспубліканскім конкурсе «Квіт­ней, мой лес!», рэспуб­лікан­скім злёце юных лесаводаў – гана­рыцца ёсць чым! Менавіта таму да першага ве­расня астра­вецкі лясгас зра­біў дзецям і настаўнікам цудоўны падарунак – інтэрактыўную дошку!

– Працягваем мы работу і ў ласа­сёвым цэнтры. Тут прахо­дзяць экскурсіі і майстар-класы – у тым ліку і на англійскай мове. Не першы год на базе цэнтра і школы працуе кругласутачны лагер «Экакраязнаўцы», – расказвае Алена Іванаўна.

Ёсць у школе і музейная экспазіцыя. Яна патрабуе пашырэння: экспанатаў для яе хапае, а вось месца не стае. Аднак і гэтая  праблема ў хуткім часе павінна вырашыцца.

– Цяпер  афармляюцца дакументы на перадачу нам будынка залы пасяджэнняў, у якім мы плануем размясціць рэсурсны цэнтр, – дзеліцца запаветным дырэктар школы.

Вялікую ўвагу ў школе на­даюць здароваму ладу жыцця і заняткам спортам. Настаў­нікі, школьнікі і іх бацькі з задавальненнем далучыліся да міжнароднага праекта «Планета баскетбола – Аранжавы атам». За гэты час дзеці атрымалі мноства ўзнагарод і пазітыўных уражанняў ад сустрэч.

– Сёлета мы зрабілі поле для гульні ў міні-футбол, пад­рых­та­­ва­лі пляцоўку для заліўкі мі­ні-кат­ка, – расказвае Алена Іва­­наўна. – Ёсць і іншыя ці­ка­выя планы, якія, мы вельмі спа­дзяёмся, абавязкова ажыццявяцца.

Канешне! У калектыве творчых, ініцыятыўных і актыўных педагогаў і такіх жа школьнікаў інакш і быць не можа!


Лічба

301 школьнік і 76 выхаванцаў наведваюць Варнян­скія яслі-сад – сярэднюю школу.

Дзе нарадзілася, там і спатрэбілася 

– гэтыя словы цалкам адпавядаюць лёсу  настаўніцы рускай мовы і літаратуры Тарэсы Багдановіч.

IMG_9361 Богданович.jpg



Маленькая дзяўчынка марыла быць юрыстам, толькі мара так і засталася марай. А выпускніца першага выпуску Варнянскай школы 43 гады таму падала дакументы ў Гродзенскі педагагічны інстытут на філалагічнае аддзяленне і пасля яго заканчэння вярнулася на Астравеччыну.

– Напэўна, лёсавызначаль­ным у выбары будучай прафесіі стаў уплыў маіх настаўнікаў – класнага кіраўніка, філолага Нэлі Пятроўны Аскеркі, настаўнікаў рускай мовы і літаратуры Часлава Казіміравіча Навіцкага і Надзеі Андрэеўны Субач, – гаворыць  Тарэса Рыгораўна.

Працаваць маладога педагога  накіравалі ў Быстрыцкую школу – як потым не раз гаварыла настаўніца, адправілі  ў пяцігадовую ссылку.  Кожны дзень трэба было рана ўставаць і дабірацца на працу, а вяртацца  дадому позна – шлях быў няблізкі… 

– Я і сёння помню вочы маіх шасцікласнікаў – у іх так і чыталася: што яна скажа, ці будзе патрабавальнай? І, прызнаюся, мне таксама было страшна.

Тады за маладымі спецыяліста­мі не замацоўвалі ніякіх старэйшых настаўнікаў. Ты быў адзін на адзін са сваімі ведамі і класам, дзе выкладаў, – успамінае Тарэса Рыгораўна. 

Потым была праца ў роднай Варонскай школе, а пасля яе рэарганізацыі – у Варнянскім НПК.

– Сёлета я выкладаю рускую мову і літаратуру ў 9, 10 і 11 класах, – расказвае  настаўнік. – Вядома, чытаць дзецям  даво­дзіцца шмат – і не ўсе гэта любяць. А  мне не вельмі падабаецца, калі дзеці прыдумваюць сабе апраўданне, калі не падрыхтаваліся да ўрока. Любому больш прыемна пачуць праўду. І я хутчэй прыму: «Не вывучыў, таму што не вывучыў», чым нейкую прыдуманую «адмазку».

Сама ж Тарэса Рыгораўна не ўяўляе свайго жыцця без кнігі. Праўда,  час на любімыя творы знаходзіць  толькі летам. Таму кожныя летнія канікулы пачынаюцца з любімага «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна.

А яшчэ яна вельмі ганарыцца сваімі вучнямі – многія з іх пакінулі трывалы след у настаўніцкай памяці. Сярод апошніх – Дзмітрый Юркойць, які вучыцца на філалагічным факультэце,  і многія  іншыя.

Прыехала – і засталася

На Астравеччыну Кацярына Сульжыцкая прыехала з Шаркаўшчыны пяць гадоў таму. 

IMG_8693 Сульжицкая.jpg



На размеркаванні ў  Мінскім  індустрыяльна-педагагічным каледжы маладому спецыялісту сярод іншых раёнаў прапанавалі Астравецкі. І Кацярына зга­дзі­лася. Падстава была больш чым сур’ёзная: падчас вучобы яна пазнаёмілася з юнаком з Астраўца – Аляксандр служыў у Мінску. І аднойчы падчас патрулявання горада звярнуў увагу на прыгажуню-студэнтку – яны пазнаёміліся.

У астравецкім аддзеле аду­ка­цыі дзяўчыну накіравалі ў Варнянскую школу.

– Школа  добрая, сказалі мне падчас сустрэчы ў аддзеле аду­кацыі. На адпрацоўку па­едзеце туды – і я згадзілася, – усміхаец­ца Кацярына Сярге­еў­на.

І школа, і педагагічны калек­тыў, і школьнікі спадабаліся маладому спецыялісту з першага дня. Незаўважна ў падрыхтоўцы да ўрокаў, удзелу ў конкурсах і грамадскім жыцці  праляцелі два гады адпрацоўкі –  і Кацярына, не раздумваючы, прадоўжыла кантракт на наступны тэрмін.

Нейкі час Кацярына Сяргееўна працавала педагогам-аргані­за­та­рам, цяпер яна выкладае пра­цоўнае навучанне ў дзяў­чынак і з’яўляецца класным кіраў­ніком.

– Навучыць дзяўчынак  гатаваць ежу, вязаць, вышываць – вельмі важна, – упэўнена настаў­ніца. – Тым больш што ім гэта па­дабаецца. 

Нягледзячы на тое што сёння многаму можна навучыцца ў інтэрнэце  – ёсць мноства цікавых лайфхакаў і па прыгатаванні ежы,  і па вырабу розных прыгожых рэчаў,  – школьнікі ўсё ж  зацікаўлена ловяць кожнае слова, запісваюць рэцэпт і  гатуюць. А потым з задавальненнем  спрабуюць прыгатаванае сваімі рукамі.

– Я марыла стаць настаўніцай, але ніколі не думала, што буду класным кіраўніком, – гаворыць Кацярына Сяргееўна. – А сёння шчаслівая, што ў мяне ёсць клас  і мы разумеем адзін аднаго. Шчаслівая, што працую побач з таленавітымі, актыўнымі і пазітыўнымі педагогамі, якія, як і я, любяць КВЗ – у нас ёсць каманда «Міледзі», песні, забавы і работу, якая дорыць пазітыў і добры настрой.

Другая мама малышоў

Сённяшняя выхавальніца старэйшай групы Варнянскіх ясляў-сада – сярэдняй школы Эма Трамбовіч з дзяцінства ведала, што будзе працаваць з дзецьмі.  Прыклад  быў побач – яе маці працавала загадчыкам дзіцячага  садка, ды і  цётка, з якой часта бавіла час Эма, таксама  была выхавальніцай. І дзяўчынка часта дапамагала ёй рыхтаваць раздатачны матэрыял для дашкалят.

IMG_8718 Трамбович.jpg



Пасля заканчэння школы Эме давялося папрацаваць – год яна была піянерважатай у Гоз­скай школе. А на наступны – паступіла ў Полацкае педа­гагічнае вучы­лішча.

Пасля яго заканчэння маладога спецыяліста адразу ж прызначылі загадчыкам дзі­ця­чага садка ў  Вароне – таго самага, якім калісьці кіравала яе мама і ў які ў дзяцінстве хадзіла яна сама.

– Канешне, было не па сабе. Асабліва, калі загадчыца была яшчэ і кладаўшчыком, і касця­­лян­шай, ды і мноствам іншых важных  спраў таксама зай­малася, – расказвае Эма Ген­ры­хаўна.

Але побач былі вопытныя выхавальніцы, якія дапамагалі і падказвалі маладому спе­цыялісту.  Сёння за плячыма выхавальніцы ўжо 33 гады стажу, большую палову з іх педагог адпрацавала ў варнянскім садку.

– Пасля рэарганізацыі школы ў навучальна-педагагічны комплекс, умовы ў нас па­лепшыліся, – расказвае выха­вальніца. – Праўда, дзяцей у групе шмат  – па 25 чалавек, але знаходзім агульную мову. За­няткі прахо­дзяць у гульнявой форме, дашкалятам гэта падабаецца.

– Эма Генрыхаўна мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, яна прыгожа малюе, яе любяць і выхаванцы, і іх бацькі, – гаворыць дырэктар школы.

Летась выхавальнік выпус­ціла сваіх малышоў у 1 клас. Цяпер працуе у старэйшай інтэграванай групе – і зноў вучыць маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак быць добрымі, стараннымі і цікаўнымі. 
Текст: Елена Ярошевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений