Алеся Кашко: «Працуй так, каб не было сорамна за вынік»

11:03 / 05.10.2019
562
У кастрычніку  намеснік начальніка аддзела адукацыі Алеся Кашко адзначае не толькі сваё прафесійнае свята. Сёлетні кастрычнік для яе – юбілейны: пяць гадоў таму яна прыехала на Астравеччыну. 

01.jpg


Глыбоччына – пачатак пачатку

У сям’і  Алесі Казіміраўны ніколі не было педагогаў, але дзяўчынка марыла быць менавіта настаўніцай. Любоў да гэтай прафесіі сфарміравала яе першая настаўніца. 

– Дома ў мяне была свая школа. Цацкі былі вучнямі. У кожнай з іх былі сшыткі, я ў іх пісала – і сама ж потым іх правярала і выстаўляла адзнакі ў класны журнал. Дзяцінства ў мяне было актыўнае: я вучылася ў музычнай школе па класу баян (дарэчы, ў першы год работы  выкладала ў школе музыку), хадзіла на танцавальны, у  гурткі  мяккай цацкі і інкрустацыі саломкай, – расказвае Алеся Казіміраўна.

У  старэйшых класах яе мара, дзякуючы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, яшчэ больш умацавалася. 

– Вучыцца мне падабалася заўсёды. Помню, у  восьмым класе  зламала ключыцу, урач выпісаў даведку. Але даведка і я – рэчы несумяшчальныя. Я кожны дзень хадзіла ў школу, хоць пісаць не магла, але каля дошкі адказвала, часам нават замяняла настаўнікаў.

А  пасля 9 класа Алеся падала дакументы ў Полацкі педагагічны каледж.

– Настаўніца ў музычнай школе не раз мне гаварыла, што мама мяне, такую маленькую, нікуды не адпусціць. Але і мама адпусціла, і я паступіла, – усміхаецца Алеся Казіміраўна.

І ў школе, і потым у каледжы Алеся была выдатніцай.

Чатыры гады вучобы пра­ляцелі хутка. Самыя запа­мі­наль­ныя моманты таго часу – педагагічная  практыка. Спачатку ў пачатковай школе, канс­пекты ўрокаў тых часоў яна захоўвае і сёння.

– Потым была практыка ў старэйшых класах. У мяне двайная спецыяльнасць: настаўнік пачатковых класаў і беларускай мовы і літаратуры. А на пераддыпломную практыку я паехала ў сваю родную школу. І гэта была двайная адказнасць – для мяне было важна не падвесці настаўнікаў.

Алеся Казіміраўна марыла прадоўжыць навучанне ва ўні­вер­сітэце па спецыя­ль­насці  «Беларуская мова і літа­­ра­тура», але… практыка ў аздараўлен­чым летніку «Зубраня» пера­крэс­ліла раней­­шыя планы.

– Гэта была змена для дзяцей з прытулкаў, дзяцей з парушэн­нямі зроку, слыху і інтэлекта. У мяне і сёння захоўваецца пісь­мо хлопчыка Толіка, які напісаў яго ў апошні дзень змены. Яго словы – «я буду рабіць усё, толькі не ад­праўляйце мяне назад» – сталі для мяне пераломнымі. Дамоў я прыехала з упэўненасцю, што буду паступаць на спецыяльнасць «Сацыяльны педагог. Алігафрэнапедагог».

Са школы ў БРСМ  

Педагагічную дзейнасць Алеся Казіміраўна пачынала з працы настаўніка рускай мовы і літаратуры. «Мовы славянскія – справіцеся!» – сказалі ёй  пры размеркаванні ў  аддзеле адукацыі. І яна справілася. 

Адпрацавала – і  праз два гады вярнулася ў родную школу. Там якраз адкрылі пункт карэкцый­на-педагагічнай дапамогі і класы інтэграванага навучання. 

Былі ў яе біяграфіі праца на­меснікам дырэктара па выха­ваўчай рабоце са шмат­лікімі кон­курсамі, пад­рых­тоў­ка школьнай каманды юных інспек­тараў дарожнага руху,  іх перамога ў абласным і ўдзел рэс­публіканскім конкурсах, су­працоўніцтва з раённай арга­ні­зацыяй БРСМ.

– Паралельна я падпрацоўва­ла   ў раённым Доме культуры інструктарам па рабоце з моладдзю і вучылася ў Акадэміі па­с­лядыпломнай адукацыі. Магчыма, усё гэта прывяло да таго, што мне прапанавалі ўзнача­ліць райкам БРСМ. І гэта была асобная старонка ў маёй біяграфіі, – расказвае Алеся Казіміраўна.

Пад яе кіраўніцтвам раённая маладзёжная арганізацыя была прызнана лепшай у рэспубліцы. Алеся Казіміраўна ажыццяўляла  новыя праекты і акцыі,  па яе ініцыятыве працавалі маладзёжныя атрады аховы правапарадку, праходзілі  раённыя злёты Дзедаў Марозаў і Снягурачак, яна арганізоўвала дабрачынныя акцыі, дні моладзі і злёты байкераў, дзякуючы ёй, актыўна працаваў савет маладых  спецыялістаў…

–  Аб гэтым этапе майго жыцця можна гаварыць бясконца. Асаблівы  мой гонар – сумесныя праекты з Рэспублікай Карэлія: мы арганізоўвалі патрыятыч­ныя агляды, міжнародныя фота­сесіі, праекты «Гаспадар зямлі» – сён­няшні «Валадар сяла» на­ра­дзіўся на Глыбоччыне, – успа­мінае сён­няшні на­меснік начальніка аддзела адукацыі. –  Наша моладзь была вельмі ак­тыўнай і, што не­малаваж­на, – іні­цыя­тыў­най! Раён жыў! Разві­ваўся студ­атрадаўскі і валан­­цёрскі рух – штогод мы былі лепшымі ў краі­не ў гэтым накі­рунку!

А потым актывістцы прапа­на­валі дзяржслужбу. Спачатку спе­цыялістам, а потым началь­нікам аддзела арганіза­цыйна-кадравай работы райвыкан­кама.

– Гэта быў зусім іншы накі­рунак, але я прайшла добрую школу. Работа з людзьмі і для людзей, узаемадзеянне з кі­раўнікамі розных аргані­за­цый і прадпрыемстваў, арганіза­цыя выбарчых кампаній – усё пакі­нула асаблівы след. 
 
Астравец. Новы этап 

– У Астравец я трапіла, можна сказаць,  выпадкова. Аднойчы мы з сяброўкай былі на экскурсіі ў гервяцкім касцёле Святой Тройцы. Уражаныя яго прыгажосцю і добраўпарадкаванасцю тэрыторыі, вырашылі заехаць у Астравец. Горад мне вельмі спадабаўся. Малады і перспектыўны – і я адправіла рэзюмэ ў аддзел адукацыі.

Праз нейкі час ёй патэле­фа­на­валі – і прапанавалі працу ў карэкцыйным цэнтры.

– Мне вельмі хацелася вярнуцца ў педагогіку. Але на гэты раз трэба было яшчэ змяніць і месца жыхарства. Я паразважала, спытала ў сябе: ці змагу, ці спраўлюся? –  і адправілася ў Астравец. 13 кастрычніка будзе пяць гадоў,  як я тут.

Намеснік дырэктара карэкцыйнага цэнтра, потым яго дырэктар, а затым і намеснік на­чаль­ніка аддзела адукацыі – за пяць гадоў на Астравеччыне Алеся Казіміраўна, як сказалі б некаторыя, зноў зрабіла кар’еру.

– Нядаўна  злавіла сябе на думцы, што, знаходзячыся дома – на Глыбоччыне,  – я часта гавару «мой Астравец», «мая малая радзіма». Безумоўна, нішто не заменіць мне маю родную вёсачку і мой любімы ўтульны дом і прыгожы  сад – усё тое, што аб’яднана словамі родныя, дзяцінства, юнацтва… Менавіта на Глыбоччыне маёй сям’ёй, сябрамі, калегамі закладвалася ўсё, што я  ведаю і ўмею. Там месца, куды я еду, калі мне доб­ра, ці,  наадварот,  дрэнна, дзе можна проста памаўчаць – і цябе зразумеюць… Але цяпер у маім жыцці ёсць Астравец – і я ведаю, што нічога не атрымаецца, калі не будзеш любіць тое месца, дзе жывеш і працуеш. І я з упэўненасць гавару мая Астравеччына, і ўсё раблю для гэтай маёй маленькай радзімы і яе жыхароў, – гаворыць Алеся Кашко.

– Мяне вельмі радуе тое, што ў горадзе ўзводзяцца новыя ўстановы адукацыі. Так сталася, што іх будаўніцтва якраз прыпала на маю дзейнасць на Астравеччыне. Асаблівая мая гордасць – дзіцячы сад №3. Ра­зам з яго загадчыцай мы прайшлі школу будаўнічага майстэрства. Давялося ўспомніць чарчэнне,  якое недавучыла ў школе – за час вучобы ў мяне была толькі адна «3» па першай практычнай рабоце па гэтым прадмеце, – калі прынеслі першыя чарцяжы і праект гэтага садка  на ўзгадненне. Гэта быў складаны, але цікавы вопыт работы, – працягвае намеснік начальніка аддзела адукацыі. – Дзякуючы падтрымцы раённага выканаўчага камітэта,  папаўняецца матэ­рыяль­на-тэхнічная база і старых навучальных устаноў, праходзяць рамонты, набываецца новае абсталяванне на харчблокі, абнаўляюцца мэбля і  спартыўная база, рашаюцца праблемы мінулых гадоў. Усё гэта абавязвае кожнага з нас працаваць на вынік – адукацыйны і выхаваўчы. Поспехі сістэмы адукацыі – гэта сумесная штодзённая праца ўсіх кіраўнікоў,  педагогаў і работнікаў навучальных уста­ноў раёна. Разам нам пад сілу рашаць самыя складаныя задачы.

Яна і сёння працягвае вучыцца. Цяпер у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. І для яе гэта зноў-такі новы вопыт, новыя веды і яшчэ адзін крок да далейшага самаразвіцця.

Бліц-апытанне

– У вас ёсць любімая кніга?

– Я люблю чытаць. І кнігі люблю розныя: творы беларускіх класікаў Івана Шамякіна і Васіля Быкава,  вершы Максіма Танка і дэтэктывы Агаты Крысці. 

Але ёсць адна, якую я часта перачытваю, – працу Васіля  Сухамлінскага  «Як выхаваць сапраўднага чалавека».

– А самы важны жыццёвы прынцып?

– Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. Я  стараюся прытрымлівацца гэтага прынцыпу. На любым участку работы я заўсёды старалася што-небудзь пакінуць пасля сябе. Хочацца быць карыснай для тых, хто побач. І, азіраючыся  назад,  бачу, што часцінку сябе я пакінула не толькі на Глыбоччыне, але ўжо і на Астравеччыне.

А яшчэ: калі нешта робіш, то рабі добра, або ўвогуле не рабі – гэтага патрабую ад сябе і гэтаму вучу іншых.

– Лепшая парада, якую вам калі-небудзь давялося пачуць.

– Проста працуй. Працуй так, каб табе не было сорамна за вынік.
Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений