Островчанка Виктория Шляхтун победила в республиканском конкурсе рисунков «Я вижу добро», проводимого Красным Крестом

16:21 / 30.09.2019
560

Малюнак выхаванкі Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Вікторыі Шляхтун прызнаны лепшым на рэспубліканскім этапе міжнароднага конкурсу «Я бачу дабрыню», які праходзіў пад эгідай Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа і быў прымеркаваны да 70-годдзя прыняцця Жэнеўскіх канвенцый 1949 года.

1.jpg

Вікторыя спасцігае мастацка-выяўленчую навуку ў гуртку «Арт-DEKO» Аляксандры Мікалаеўны Букель ужо тры гады. За гэты час дзяўчынка не аднойчы станавілася пераможцам і прызёрам конкурсаў.

– Вікторыі больш падабаецца працаваць над малюнкамі сацыяльна значнай тэматыкі. Гэта вельмі складаны накірунак для дзяцей, – гаворыць Аляксандра Мікалаеўна. – Яна перадае цікавае бачанне свету, яе малюнкі – гэта работы-сімвалы, работы-эмоцыі. Цяжка перадаць якасці і ўласцівасці прадметаў – а яна менавіта такія тэмы выбірае. І малюнкі ў яе атрымліваюцца гаворачымі – не трэба тлумачыць, што яна хацела імі сказаць, якую ідэю выказаць.

2.jpg

Не дзіўна, што і намінацыю конкурса наша юная зямлячка выбрала нялёгкую – «Прынцыпы Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца», дзе трэба было адлюстраваць уяўленні чалавечых каштоўнасцей. Дзяўчынка намалявала дрэва, якое бярэ пачатак з сэрца і «пладаносіць» каштоўнасцямі гуманізму: дабрыня, міласэрнасць, спагада....

– Дрэва сімвалізуе сілу чалавека, яго ўнутраную моц, а сэрца – пачуцці,  тлумачыць Віка Шляхтун ідэю сваёй работы. – Я, па шчырасці, калі ўбачыла на сайце вынікі конкурсу – не паверыла, што стала пераможцай. Спачатку вырашыла, што гэта проста дзяўчынка з такім жа імем і прозвішчам, як і ў мяне, а потым патэлефанавала Аляксандры Мікалаеўне – і яна мяне ўпэўніла, што гэта ўсё ж мая работа.

Дарэчы, нядзіўна, што Вікторыя засумнявалася: на конкурс было даслана 400 малюнкаў і толькі 18 аўтараў адзначаны ў ліку лепшых.

Узнагароджанне пераможцаў адбылося ў Нацыянальным гістарычным музеі, дзе на працягу тыдня працавала выстава работ-пераможцаў. Дыплом І ступені і фітнес-бранзалет за лепшую работу ва ўзроставай катэгорыі 6-12 гадоў Вікторыі Шляхтун уручыў кіраўнік Місіі Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа ў Беларусі Джорджэ Дрндарскі.

Віншуем Віку і яе настаўніка!

Текст: Рита Дремо
Фото: Александра Букель
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений