Сельскі сход прайшоў у аграгарадку Дайлідкі

13:41 / 27.09.2019

Па традыцыі, раз на месяц на Астравеччыне праходзяць сельскія сходы, падчас якіх прадстаўнікі розных структур і мясцовыя жыхары абмяркоўваюць злабадзённыя пытанні.

На гэты раз падобная сустрэча змяніла фармат: прадстаўнікі раённай рабочай групы па стварэнні бяспечных умоў на чале з яе старшынёй Віктарам Свілам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ірынай Тальчук завіталі на механічныя майстэрні КСУП «Гервяты», што ў аграгарадку Дайлідкі.

1.jpg

Гэтай восенню нас чакаюць дзве значныя падзеі: з 4 па 30 кастрычніка – перапіс насельніцтва, 17 лістапада – выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

– У нашай краіне перапіс насельніцтва праходзіць раз у 10 гадоў. Сабраныя падчас яго звесткі маюць асаблівае значэнне: зыходзячы з іх фарміруюцца рэспубліканскі і рэгіянальны бюджэты, задаецца накірунак сацыяльна-эканамічнаму развіццю краіны ў цэлым і раёна ў прыватнасці, – расказаў Віктар Збігневіч. – Сёлета кожны можа прайсці перапіс самастойна ў інтэрнэце.

2.jpg

На подступках – ацяпляльны сезон, таму асаблівую актуальнасць набываюць пытанні пажарнай бяспекі. Намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Васіль Бордак прывёў статыстыку пажараў па раёне і вобласці і зрабіў акцэнт на эксплуатацыі печак і выкарыстанні аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, якія, як паказвае практыка, уратавалі не адно жыццё.

 – З надыходам восені дбайныя гаспадары наводзяць на падворках парадак. Нагадваю, што спальваць лісце і сучча можна толькі ў спецыяльна абсталяваных месцах, не бліжэй за 15 метраў ад пабудоў, таксама павінны быць сродкі для тушэння агню – пясок ці вада, – падкрэсліў Васіль Мікалаевіч.

Галоўны інжынер раёна газазабеспячэння Алег Безляповіч паведаміў, што ў сувязі з масавай газіфікацыяй многіх населеных пунктаў Астравеччыны дастаўка газавых балонаў будзе адбывацца толькі раз на два тыдні. Аднак для вяскоўцаў ёсць выйсце: можна карыстацца двума балонамі – для гэтага трэба заключыць дагавор з райгазам, спецыялісты якога дапамогуць з яго ўстаноўкай. Па словах галоўнага інжынера, за аплату гэтай паслугі прадугледжана разтэрміноўка.

Вынікі сустрэчы камісіі з працаўнікамі КСУП «Гервяты» падвяла Ірына Тальчук: 

4.jpg

– Толькі агульнымі намаганнямі мы можам дасягнуць пэўнага выніку. Пра ўласную бяспеку і бяспеку сваіх блізкіх павінен памятаць кожны з нас.


У тэму

Падчас сельскага сходу вяскоўцы скардзілся на стан дарог: у прыватнасці, у накірунку з Мацкан да Гервят, з Дайлідак да Даўкшышак, у Вялікіх Якентанах. Старшыня Гервяцкага сельвыканкама Люцыя Лях узяла на кантроль усе праблемныя пытанні.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич