Наталья Мотрунич нарезает резьбу на гайках

10:03 / 29.09.2019
542

Портрет сверловщицы завода «Радиодеталь» Натальи Мотрунич занесен на районную Доску почета.

На завод у Астравец Наталля трапіла, калі прыйшоў час выходзіць з адпачынку па доглядзе дзіцяці.

– Тое, што праца на заводзе – справа не з лёгкіх, я ведала, – гаворыць Наталля Станіславаўна. – Але сын Арцём пайшоў у садок, таму мне патрэбна была работа з падыходзячым графікам. Дзевяць гадоў таму ў Астраўцы выбіраць работу асабліва не даводзілася. Падвярнулася месца на «Радыёдэталі» – пайшла. Так да гэтай пары і свідрую. (Усміхаецца

2.jpg

Праца свідравальшчыка ў асноўным фізічная, таму для жанчыны цяжкая.

– Свідрую, на штампах працую, – гаворыць Наталля. – Розныя аперацыі даводзіцца выконваць, з аднаго станка на другі часта пераходзіць. Цэлы дзень на нагах.

– Ці ўзнікала жаданне знайсці што іншае? – перапытвае. – Па праўдзе кажучы, было. Не таму, што работа не падабаецца, – а каб лягчэйшую знайсці. Але так склалася, што чатыры месяцы таму ў нас нарадзілася дачушка Сафія, якая і дала мне магчымасць адпачыць. А пасля дэкрэту зноў з’явіцца неабходнасць у добрым графіку: каб дзіця паспяваць у садок адводзіць і забіраць, бальнічны атрымаць, калі яно захварэе... Ды і зарплату тут выплачваюць без затрымак. 

Наталля Матруніч успамінае свой першы працоўны дзень у цэху: шмат людзей, станкі  шумяць, свёрдлы вялізныя… 

– Страшна было, – усміхаецца жанчына. – Рукі трэсліся спачатку, хоць і быў каля мяне калега-настаўнік. І калектыў у нас добры – да кожнага можна падысці і папрасіць дапамогі. У брыгадзе ўвогуле спарней і надзейней працаваць. Страх прайшоў ужо праз месяц – дзякуй калегам. 

Да любой справы Наталля Станіславаўна адносіцца аднолькава: на які ўчастак работы накіруюць, на такім і працуе.

– Работу ж любую трэба выконваць, –  лічыць яна. – Праўда, не люблю разьбу на гайках наразаць – марудна гэта. Мне больш даспадобы рухацца. Таму кожны дзень з радасцю бяруся за новую прапанову. 

Шмат людзей за гады працы Наталлі на «Радыёдэталі» прыходзіла сюды паспрабаваць сябе ў ролі рабочага завода. Некаторыя засталіся – і іх нямала. А былі такія, што месяц-другі пабылі – і звольніліся.  

– Мабыць, камусьці гэта работа падалася непасільнай, – паці­с­кае плячыма свідравальшчыца з дзевяцігадовым стажам…

Асноўнымі рысамі свайго харак­тару Наталля Матру­ніч лі­чыць адказнасць, няўрым­слі­васць і стрыманасць.

– Свердзел, да прыкладу, трэба ператачыць, каб ён стаў у памер дэталі, – тлумачыць жанчына. – Не адыдуся, пакуль не зраблю так, як трэба. Хоць, бывае, на месцы не сядзіцца – тады так і хочацца прыклеіць сябе да крэсла. (Смяецца.) А з іншага боку, няўрымслівасць дазваляе хутчэй перасоўвацца, больш паспяваць. Калі надыходзіць момант і эмоцыі гатовы выбухнуць – прайдуся, займуся чым іншым, супакоюся і вяртаюся да таго, што не атрымалася. 


АДНЫМ СКАЗАМ

– Калі з’яўляецца хвілінка на адпачынак, вы?.. 

– Стараюся прылегчы перад тэлевізарам. (Смяецца.)

– Чаго вам не хапае на рабочым месцы? 

– З задавальненнем папрацавала б на  новым абсталяванні – але на яго, зразумела, вялікія грошы патрэбны. 

– Што адчулі, калі даведаліся пра Дошку гонару?

–  Здзівілася: думала, пайшла ў дэкрэт – і пра мяне забыліся. 


Свідравальшчыца завода «Радыёдэталь» Наталля Матруніч пакуль знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе дачушкі.  Аднак упэўнівае: як толькі выйдзе на рабочае месца, адразу пачне адпрацоўваць высокую ўзнагароду, якой для яе з’яўляецца прызнанне адміністрацыі і калег. 


Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений