Урокам патрыятызму стала сустрэча з паэтам Станіславам Валодзькам

10:41 / 26.09.2019
623

Сустрэча са Станіславам Валодзькам, беларускім паэтам і пісьменнікам, ураджэнцам Астравеччыны, які зараз жыве ў Латвіі, адбылася ў сярэдняй школе № 2.

4.jpg

Спатканне даўніх і новых сяброў са слынным земляком адбылася з нагоды: у выдавецтвах Латвіі і Беларусі выйшла некалькі новых кніг Станіслава Валодзькі, адрасаваных дзецям і дарослым, запісана некалькі зборнікаў песень на яго словы – і сваімі творчымі здабыткамі за апошні час ён захацеў падзяліцца з землякамі: перадаць кнігі і дыскі цэнтральнай раённай бібліятэцы. А бібліятэкары тым часам вырашылі яшчэ раз пазнаёміць астраўчан, найперш – моладзь, з творчасцю паэта. Бо, пагадзіцеся, адна справа – прачытаць верш у кніжцы і зусім іншая – пачуць яго з вуснаў аўтара. Тое ж тычыцца і песень: жывое выкананне даносіць закладзеную ў іх энергетыку да слухачоў так, нібы сам аўтар дзеліцца са слухачамі патаемным.

У актавай зале СШ №2 гучалі вершы ў выкананні аўтара і вучняў школы, песні на яго словы спявалі астравецкі кампазітар Аляксандр Якіменка і сябры паэта па славянскіх суполках з Латвіі муж і жонка Яўген Пашкевіч і Лідзія Знатыня. У цёплай атмасферы ўзгадалі не толькі біяграфію паэта, але і дарагія яго сэрцу мясціны і людзей.

3.jpg

1.jpg

5.jpg

– Сёння адбыўся цудоўны ўрок роднай мовы і патрыятызму,  сказала на заканчэнне імпрэзы старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун.

2.jpg

І было б добра, калі б гэты ўрок засвоілі перш за ўсё тыя, каму ён прызначаўся – школьнікі, і панеслі па жыцці тую любоў да роднага краю і роднага слова, якая працінае ўсю творчасць Станіслава Валодзькі.

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений