Ситуация в гомельской школе с точки зрения педагогов и журналиста
15:03 / 24.09.2019
Трэба думаць, што настаўнік вышэйшай катэгорыі з 35-гадовым стажам не з парога ўхапілася за парту і стала крычаць на вучня – пэўна ж, кульмінацыі канфлікту папярэднічала нешта, што прапусціў «аператар» скандальнага відэа і што давяло педагога да такога эмацыянальнага стану. Тым не менш, настаўніка звольнілі. Аляксандр Лукашэнка, даведаўшыся пра гэта, пракаментаваў інцыдэнт вельмі эмацыянальна і загадаў аднавіць на рабоце настаўніцу – а з пасады вызвалілі хуткага на расправу дырэктара школы.
Але справа не ў тым, каго знялі з работы, а каго – аднавілі. Праблема нашмат больш шырокая. Узаемаадносіны настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў з кожным годам становяцца ўсё больш вострымі – хоць старонняму гэтага не бачна. Вось і наша спроба атрымаць каментарый спецыяліста па гарачых слядах сустрэла катэгарычную адмову.
– Нам забаранілі выказваць сваё меркаванне па гэтым і іншых пытаннях, – адказала нам настаўніца са шматгадовым стажам, якая папрасіла не называць яе прозвішча.
Дырэктар гімназіі № 1 Алена Севасцьян была больш шчырай і канкрэтнай:
– Настаўнік павінен заставацца інтэлігентам, як бы яго ні правакавалі: трэба памятаць, што гэта – дзеці, а ён – дарослы чалавек і да таго ж – педагог. Але ў гомельскім інцыдэнце мяне, шчыра кажучы, больш хвалююць адносіны грамадства да гэтай сітуацыі, чым яна сама. Вельмі непакоіць, што бацькі ўсё больш трацяць на сваіх дзяцей грошай і ўсё менш – часу. Многія з іх перакладваюць выхаваўчыя функцыі на плечы школы – і пры гэтым усё больш павялічваюць патрабаванні да педагогаў за якасць выхавання сваіх жа дзяцей.
Так, сапраўды, настаўнік у Гомелі павёў сябе непедагагічна. Але нельга не пагадзіцца з прэзідэнтам: павальная гаджэтызацыя нашых школ, якая ўсяляк заахвочваецца бацькамі, набыла небывалыя формы.
– Так, ёсць урокі, дзе патрэбен інтэрнэт і выкарыстоўваюцца пэўныя мабільныя дадаткі – такое патрабаванне часу, – гаворыць Алена Севасцьян. – Але гэта 5-10 хвілін на пэўных уроках – да прыкладу, на фізіцы, інфарматыцы. А ў астатні час школьнікі павінны вучыцца! І таму на савеце гімназіі мы прынялі рашэнне, якое ўнесена ў наш статут, аб забароне мабільных тэлефонаў у ходзе адукацыйнага працэсу. Канешне, ніхто ў дзяцей мабільнік не забірае – але настаўнік можа, калі ўзнікне такая неабходнасць, зрабіць вучню заўвагу і запатрабаваць схаваць тэлефон.
Так, запатрабаваць можа. Іншая справа – ці выканае вучань патрабаванне – я маю на ўвазе не гімназію, а нашы школы ўвогуле. Тут і там расказваюць пра канфліктныя сітуацыі, калі вучні не проста не слухаюць настаўнікаў – абражаюць іх, пагражаюць, адчуваючы сваю беспакаранасць, ведаючы, што бацькі заўсёды будуць на баку пакрыўджанага дзіцяці. І не стануць разбірацца, ці мелі рацыю іх сынок ці дачушка, бо для іх дастаткова слёз малога і таго, што ён расказаў. А калі яшчэ скаргу на «дрэннага» педагога падмацаваць вырваным з кантэксту падзей кавалачкам знятага з-за вугла ці з-пад парты відэа – тады трымайся, настаўнік!
…Была ў мяне знаёмая, а ў яе – дачка. Пакуль тая хадзіла ў школу, усе калегі і суседзі ведалі, якія ў той школе дрэнныя настаўнікі, повары, тэхнічкі, дырэктар. Складвалася ўражанне, што адзіны прыстойны чалавек на ўсю школу, – гэта яе дачка. І калі здараўся нейкі канфлікт, разгневаная матуля ішла ў школу «на разборкі».
Потым дзяўчына паступіла ў каледж – і там выкладчыкі былі такімі ж, як і настаўнікі ў школе: некампетэнтнымі, нядобрасумленнымі, абыякавымі (вядома ж, маці выкарыстоўвала больш вострыя сінонімы гэтых слоў, якія – прыдумайце самі). Пайшла на працу – «дурнымі» сталі начальнікі і калегі. Потым – муж і свякруха дачкі. А аднойчы «дрэннымі» сталі міліцыянеры і следчыя. На гэты раз мамачка не змагла выбавіць дачушку з праблем.
…У нас у школе настаўнікі таксама былі рознымі: тыя, да каго на ўрокі мы беглі подбегам і сядзелі, як зачараваныя, ловячы кожнае слова, – і тыя, з каго пасміхаліся. Але толькі за іх спінай – сказаць дрэннае слова ў адрас любога старэйшага чалавека ў наш час было недапушчальным. А калі б гэта, крый божа, пачулі бацькі, то выхаванне непедагагічнай, але эфектыўнай дзяжкай было б забяспечана.
Я не думаю, што чалавек заслугоўвае павагі толькі таму, што ён закончыў педагагічны факультэт і атрымаў размеркаванне ў школу. Яму, як і любому іншаму, любоў і павагу людзей, у тым ліку і сваіх маленькіх выхаванцаў, трэба заслужыць. Але нават калі ён гэтай павагі па нейкай прычыне не мае, пакуль ці ўжо, – гэта не азначае, што яго можна абражаць, зневажаць каму б то ні было, і асабліва – яго вучням.
Гэтак жа, як вучні і іх бацькі, заслугоўваюць калі не павагі – сярод іх таксама розныя «экзэмпляры» сустракаюцца – то, ва ўсякім разе, паважлівых да сябе адносін.
Бо ўсе мы – людзі. І павінны паводзіць сябе па-людску.