Пасёлак, мястэчка, аграгарадок… Чым можа пахваліцца Гудагайскі сельсавет?

10:57 / 24.09.2019
993

Выязны дзень сельвыканкама сустракаў Гудагайскі сельсавет. Два гады таму падобнае мерапрыемства ўжо тут праходзіла, аднак з таго часу змяніўся і старшыня сельвыканкама – цяпер яго узначальвае Віктар Карповіч, і кіраўнікі некаторых арганізацый, размешчаных на гэтай тэрыторыі.

Дзень сельвыканкама пачаўся з узнагароджання. Ганаровую грамату ўручылі старшыні праўлення раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў» Юрыю Ждановічу.

1.jpg

Пасёлак

А ўласна знаёмства з Гудагайскім сельсаветам, арганізацыямі, прадпрыемствамі і людзьмі, якія на іх працуюць, пачалі з наведвання прадпрыемства па вырабу вокнаў і дзвярэй «КлёнПласт».

2.jpg

Пачатак сённяшняму сельскаму бізнесу паклала створанае некалькі гадоў таму сумеснае беларуска-літоўскае прадпрыемства. Сёння яго гаспадар – мясцовы жыхар Тадэвуш Янкоўскі.

3.jpg

– У мяне працуюць тры чалавекі, але, калі трэба, то і сам станаўлюся каля станка, – расказвае кіраўнік «КлёнПласта». – Заказы ёсць, тым больш што мы выконваем увесь комплекс работ – ад замера да ўстаноўкі вокнаў і дзвярэй.

4.jpg

У былым будынку філіяла Дома быту размясцілася прадпрыемства «Клопат аб людзях» таварыства інвалідаў. Планавалася, што тут адкрыецца станцыя па зарадцы вогнетушыцеляў. Абсталяванне закуплена ўжо некалькі месяцаў таму – але запусціць яго пакуль не атрымліваецца. Чаму? У гэтым спрабавалі разабрацца старшыня райвыканкама Ігар Шалудзін, начальнік РАНС Віталь Рыбак і старшыня раённай арганізацыі інвалідаў Юрый Ждановіч. Нягледзячы на часовыя цяжкасці, прадпрыемства ў хуткім часе ўсё ж адкрыецца. Тым больш што на тэрыторыі раёна такіх паслуг ніхто не аказвае.

5.jpg

Шэраг будынкаў, што стаяць пры ўездзе ў Гудагай з боку Астраўца, належаць Астравецкаму філіялу Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства – і толькі некаторыя з іх здаюцца ў арэнду.

Як паведаміў старшыня сельвыканкама Віктар Карповіч, у хуткім часе ў былым магазіне «Родны кут» адкрые магазін прыватны прадпрымальнік. Былы магазін гаспадарчых тавараў таксама арандуе прадпрымальнік Лілія Грамбоўская, якая і радая б набыць яго ва ўласнасць, адрамантаваць, але не можа гэтага зрабіць – філіялу спажыўтаварыства больш прыбыткова здаваць памяшканне ў арэнду, чым прадаваць яго.

6.jpg

7.jpg

А вось кафэ «Лаванда» па прыбытку не адрозніваецца ад гарадскіх аб’ектаў грамадскага харчавання – попыт на яго ёсць і не толькі ў жыхароў сельсавета.

Гандлёвыя паслугі гудагайцам і жыхарам бліжэйшых вёсак аказваюць яшчэ два прыватныя магазіны, размешчаныя побач з чыгуначным вакзалам. У бліжэйшы час на вуліцы Табарышкі павінен адкрыць свае дзверы «Еўраопт».

8.jpg

Працуе ў Гудагаі і аддзяленне паштовай сувязі, якое абслугоўвае ўсё насельніцтва сельсавета. Афармленне падпіскі на перыёдыку, дастаўка пенсіі, продаж тавараў першай неабходнасці і нават зняцце наяўных грошай з банкаўскіх картак – спектр паслуг шырокі.

9.jpg

– Тым не менш банкамат у Гудагаі патрэбны, – упэўнены старшыня сельсавета Віктар Карповіч. – У суботу пошта працуе да 12 гадзін, нядзеля і панядзелак – выхадныя, і людзі сутыкаюцца з праблемай зняцця наяўнасці.

Добра, канешне, што ў будынку вакзала ўстанавілі інфакіёск, толькі ён не вырашае праблемы, якую неаднойчы ставіла насельніцтва перад старшынёй сельвыканкама.

11.jpg

Чыгуначная станцыя Гудагай – адзін са значных аб’ектаў пасёлка. Тут акрамя яе работнікаў працуюць пагранічнікі і мытнікі. У суткі ў білетнай касе прадаецца каля 100 квіткоў, таварная кантора прымае грузы з розных прадпрыемстваў рэспублікі і замежжа. Уводзяцца і новыя паслугі – напрыклад, у білетнай касе ёсць магчымасць аформіць страхоўку Белдзяржстраха.

10.jpg

Два гады таму змены закранулі Гудагайскі дом культуры – будынак абнавіўся не толькі знешне, але і знутры – у памяшканнях прайшоў рамонт, стала прыгожа і ўтульна.

На тэрыторыі з’явіліся дзіцячыя пляцоўкі – па вытаптаных газонах бачна, што дзеці тут частыя госці. Адзінае, што хацелася б замяніць у Доме культуры і ў мясцовай бібліятэцы – мэбля. І гэта не такая вялікая праблема, упэўнены старшыня раённага выканаўчага камітэта Ігар Шалудзін.

12.jpg

Некалькі гадоў таму ў Гудагаі закрылі дзіцячы садок – дашкольнікаў сталі падвозіць у аграгарадок Палушы. Праз час будынак перадалі ва ўласнасць цэнтральнай раённай бальніцы, кіраўніцтва якой пасля рамонту адкрыла тут інтэрнат для сваіх работнікаў.

Не абмінулі ўдзельнікі сельвыканкама і Гудагайскую сярэднюю школу, вядомую ваенна-патрыятычнымі класамі і цудоўным музеем. У мінулым годзе, дзякуючы падтрымцы райвыканкама, у школе адрамантавалі спартыўную залу. Большасць жа работ у гэтай установе робіцца гаспадарчым спосабам. І школьнікі і настаўнікі спадзяюцца, што ў хуткім часе ўдасца абнавіць фасад будынка, пабудаваць новыя спартыўныя пляцоўкі і добраўпарадкаваць тэрыторыю – такія праблемы яны агучылі перад старшынёй райвыканкама, які паабяцаў вывучыць сітуацыю.

14.jpg

15.jpg


Наведалі кіраўнікі арганізацый і дэпутаты і школьны музей «Зямля гудагайская», які славіцца цікавымі і пазнавальнымі экспазіцыямі. Апошняя прысвечана акцыі памяці – цяпер у Гудагайскім музеі захоўваецца капсула з зямлёй, узятай з воінскіх пахаванняў Астравеччыны. А ў наступным годзе яна будзе перададзена на захоўванне ў Мінск у крыпту Храма-памятніка ў гонар Усіх Святых.

16.jpg

Мястэчка

На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца некалькі святыняў – касцёлы ў мястэчку Гудагай і вёсцы Градаўшчызне і капліца ў вёсцы Лошы. Адну з іх – Гудагайскі касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, вядомы цудатворным абразам Маці Божай Гудагайскай, – наведалі ўдзельнікі дня сельвыканкама.

17.jpg

18.jpg

У пачатку лета ў мястэчку з’явілася аграсядзіба – яе гаспадыня Алена Ковель расказала пра свае справы і паказала гаспадарку.

19.jpg

20.jpg


– Аграсядзіба размешчана ўдалечыні ад шумнай трасы, на ўскрайку вёскі, вакол прыгожыя лясы – усё гэта спрыяе спакойнаму адпачынку на ўлонні прыроды, – расказала Алена Антонаўна. – Адпачываючыя бываюць амаль кожныя выхадныя.

Аграгарадок

Завіталі ўдзельнікі семінару і ў аграгарадок Палушы, дзе спачатку наведалі механічныя майстэрні. Старшыня КСУП «Гудагай» Эдуард Садоўскі расказаў пра планы гаспадаркі і звязаныя з імі перспектывы. З бліжэйшых – адкрыццё ў аграгарадку сталовай, увод у эксплуатацыю цэха па перапрацоўцы рапсу, будаўніцтва некалькіх дамоў для работнікаў сельгаспрадпрыемства.

21.jpg

22.jpg

Дзіцячы садок, фельчарска-акушэрскі пункт, лясніцтва – кіраўнікі кожнага аб’екта пахваліліся дасягненнямі і падзяліліся планамі.

На тэрыторыі сельсавета размешчана чатыры фельчарска-акушэрскія пункты. З работай аднаго з іх – Палушскага – і пазнаёміліся ўдзельнікі семінара. Прыём пацыентаў у ФАПе і на даму, продаж безрэцэптурных лекавых прэпаратаў – пра тое, як працуюць работнікі медыцыны ў вёсках, расказаў намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Сяргей Радзько.

Было на што паглядзець і на наступным аб’екце. Добраўпарадкаванасць тэрыторыі, дастойная зарплата і ўмовы па ахове працы – усё гэта створана на тэрыторыі лясніцтваў раёна. І Палушскае не выключэнне.

23.jpg

Мясцовы дзіцячы садок працуе з 1982 года. Сёння тут выхоўваецца 63 дзіцяці, прычым 48 з іх – падвазныя.

– У гэтым годзе пры падтрымцы аддзела адукацыі зроблены рамонт харчблоку, – расказвае загадчыца садка Вольга Карвэль. – Летась заменены батарэі, устаноўлены насос – і ўжо мінулай зімой праблем з ацяпленнем не было.

24.jpg

А вось асфальтавае пакрыццё на тэрыторыі садка так і «просіць» замены.

На падвядзенне вынікаў дня сельвыканкама ўдзельнікі сабраліся ў зале пасяджэнняў Гудагайскага сельсавета.

– Чарговы дзень сельвыканкама паказаў, што ў раёне многае робіцца па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Такая практыка будзе працягвацца. Для кіраўнікоў сельвыканкамаў, прадпрыемстваў і арганізацый, размешчаных на падведамасных тэрыторыях гэта стане стымулам па падтрыманні парадку, – адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук. – Мы вучымся адзін у аднаго і ўдасканальваем сваю работу.

25.jpg

Традыцыю – раз у квартал – наведваць адзін з сельсаветаў раёна вырашылі прадоўжыць і надалей. Так, старшыня райвыканкама Ігар Шалудзін прапанаваў у наступны раз сустрэцца ў Гервятах.


З першых вуснаў

Віктар Карповіч, старшыня Гудагайскага сельвыканкама:

26.jpg

– Гудагайскі сельсавет размешчаны вакол горада Астраўца. Ад адміністрацыйнага будынка да найбольш аддаленых пунктаў у розных накірунках адлегласць складае каля 20 кіламетраў.

Работа па падрыхтоўцы да правядзення сельвыканкама вялася планава. І зроблена было нямала. Штосьці па навядзенні парадку зрабілі нашы работнікі, дапамагала і насельніцтва.

З жыхарамі мы сустракаемся пастаянна, тлумачым правілы навядзення парадку – і людзі прыслухоўваюцца. Задача – падтрымліваць у парадку населеныя пункты сельсавета – выканальная. Важна, каб да гэтага далучыліся ўсе.


ЛІЧБА

– 55 населеных пунктаў, у якіх пражывае 3 678 чалавек, размешчаны на тэрыторыі Гудагайскага сельсавета

Текст: Елена Ярошевич
Фото: Елена Ярошевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений