Знаёмімся з Албаніяй з дапамогай Эміліі Гаўрус

11:03 / 23.09.2019
563
Што вы ведаеце пра Албанію?

Дзе яна? Які народ там жыве і чым ён адметны? Якая там кухня, веравызнанне, гісторыя? Усё гэта малавядома – Албанію доўгі час называлі самай закрытай краінай Еўропы, белай плямай на турыс­тычнай карце Балканскага паўвострава.

1.jpg



Аднак з кожным новым турыс­тычным сезонам гэтая краіна адкрываецца і раскрываецца ўсё больш, прычым з самага лепшага боку! Велічныя горы, Адрыятычнае і Іанічнае моры, гістарычныя помнікі, старажытныя замкі ды крэпасці вабяць сюды турыстаў з усяго свету.

Віза ў Албанію на летні сезон беларусам не патрэбна. Кошты ў параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі нізкія. Туры па сістэме «ўсё ўключана» ў чатырохзоркавыя атэлі  на двух дарослых і дзіця з вылетам з Варшавы стартуюць ад 850 еўра. Калі ёсць жаданне арганізаваць падарожжа самому, то гэта таксама нескладана. Краіна хоць і мусульманская, але нават на вуліцах гэтага  не адчуваецца  – дзяўчат у хіджабах мала. Людзі адкрытыя і добразычлівыя. І хоць албанцы англійскую мову ведаюць слаба, усё адно намагаюцца зразумець цябе і быць зразумелымі.

Цікавосткі і адметнасці Албаніі

Калі давядзецца выбіраць паміж адпачынкам ля Адрыятычнага ці Іанічнага мораў, то варта ведаць, што Іанічнае – больш прыгожае, празрыстае, колерам вады  нагадвае Мальдзівы. 

Адзінае, што непрыемна ўразіла – культура адпачынку на пляжы: там спакойна кураць і акуркі кідаюць сабе пад ногі, засыпаючы іх пяском. 

Стаміўшыся ад пляжнага адпачынку, можна адправіцца ў глыбінку. Мы арандавалі аўтамабіль (кошт арэнды са страхоўкай стартуе ад 25 еўра за суткі). Дарогі ў Албаніі доб­рыя, можа напалохаць толькі горны серпантын. Дарэчы, страхоўка нам, на жаль, спатрэбілася – але пра гэта крышку пазней. 

горад Дурэс.jpg



Мы вельмі хацелі паглядзець замкі, якіх тут вельмі шмат. Напрыклад, цудоўны сярэднявечны замак Розафа ля горада Шко­дар, пабудаваны ажно ў 3 ста­годдзі да нашай эры! Паводле старадаўняга падання, тры браты ніяк не маглі ўзвесці крэпасць – яна ўвесь час абвальвалася. І тады вырашылі прынесці ахвяру, крывёю ўмацаваўшы сцены: замураваць жонку малодшага брата прыгажуню Розафу. Яна мужна прыняла гэтае рашэнне, папрасіўшы толькі, каб далі магчымасць карміць дзіця.  І Розафу замуравалі ў сцяну разам з сынам. 

Уразіў і помнiк асманскай архi­­тэктуры – стары мост у вёсачцы Мес, пабудаваны ў 1768 годзе. 

Самае ж прыгожае, што давялося ўбачыць, – гэта Круя, горад на вяршыні велічнай гары Сары Салцікі. У 1190 годзе Круя стала сталіцай першай этнічнай албанскай дзяржавы – княства Арберыя. На ўзвышшы ўзведзена крэпасць, якая была цэнтрам Асманскай імперыі, – за ўсю гісторыю яе не змаглі разбурыць самыя легендарныя заваёўнікі. З вышыні адкрываюцца цудоўныя панарамы, наўкол – захапляльныя горныя краявіды.

Без прыгодаў – аніяк…

Пасля дня падарожжаў па найпрыгажэйшых месцах гэтай краіны, крыху стомленыя, але натхнёныя ўбачаным, мы вярталіся ў атэль і трапілі ў невялікае ДТЗ. 

Вадзіцель машыны, з якой мы сутыкнуліся, быў надзвычай ветлівы і спакойны. Убачыўшы, што мы з дзіцем, прапанаваў ваду. Яго адэкватнасць прыемна здзівіла: ніякіх грубых высвятленняў адносін, агрэсіі, абвінавачванняў. І канешне ж, мы рыхтаваліся, што завіснем на гэтым участку дарогі на некалькі гадзін. Аднак паліцыя прыехала хутка, разабраліся за 40 хвілін. Машына была застрахаваная, таму плаціць за яе пашкоджанне не давялося. 

Але на гэтым нашы выпра­баванні не скончыліся. Заехаў­шы на запраўку, мы папрасілі 5 лiтраў палiва – да атэля засталося пару кіламетраў. А стары албанец заліў нам 30 лiтраў i даў чэк на 40 еўра – маўляў, не зразумеў! Давялося плаціць: албанец аказаўся надзвычай упёртым, а паліва з бака не вернеш.

Але, разбіраючыся, хоць англій­скую мову «пракачалі», – выра­шылі мы, шукаючы плюсы і ў гэтай сітуацыі.

Што яшчэ?

Па ўсёй краіне раскіданы бетонныя бункеры, якія будаваліся на выпадак абароны краіны, – іх узводзілі па загаду Энвера Ходжы, албанскага дыктатара, прыхільніка палітыкі Сталіна. 

Менавіта пад кіраўніцтвам Ходжы краіна стала закрытай, у кожным двары трэба было мець бункер на выпадак нападу на Албанію. Усяго было пабудавана 700 тысяч такіх бункераў, якія сёння застаюцца сімвалам той эпохі. 

Кухня Албаніі фарміравалася пад уплывам турэцкай і італьян­скай. Самая вядомая нацыянальная страва – тавэ-козі – бараніна ў ёгурце. Мяса асаблівае, мяккае, дзякуючы ёгурту, мае незвычайны прыемны смак. 

Увогуле, гастранамічна Алба­нія парадавала: тут шмат страў з морапрадуктаў, свежа­выціс­нутыя сокі, выдатнае абслугоў­ванне, а цэны зусім не куслівыя. Дарэчы, прадукты ў Албаніі экалагічна чыстыя – там забаронена выкарыстоўваць пестыцыды, нітраты і паскаральнікі росту для гародніны і садавіны.

Вартая быць убачанай

Карацей, калі ў вас паўстане пытанне, ці варта ехаць у невядомую Албанію, то вагацца не трэба. 

Краіна багатая на цікавосткі, гасцей прымае з задавальненнем і нікога не пакідае абыякавым. Падыходзіць для адпачынку з дзецьмі: да малечы там ставяцца надзвычай уважліва – і ў аўтобусах, і ў кавярнях, і на пляжы з імі і паўсміхаюцца, і пагуляюць. 

2.jpg



Калі ж ёсць жаданне, то з Албаніі можна лёгка трапіць і ў іншыя краіны. Напрыклад, з паўднёвай яе часткі, дзе горад Саранда, – паромам на грэчаскі востраў Корфу. Недалёка да Македоніі ды Чарнагорыі. 

…Купаючыся ў Адрыятычным моры, мы пазнаёміліся з цу­доўнай парай – Ёляй і Богданам, якія жывуць пад Гдыняй. З імі мы адпачывалі ў адным атэлі, ра­зам бавілі час, а напрыканцы яны запрасілі нас да сябе.

Гэта было неверагоднае супадзенне, бо мы і так планавалі пасля Албаніі наведаць Гдыню. У машыне, якая чакала нас у Варшаве, ляжала палатка, меркавалі, што давя­дзецца начаваць у ёй на беразе Балтыйскага мора. У выніку мы жылі ў гэтай цудоўнай пары. 

І гэта яшчэ адно сведчанне таго, якія цікавыя гісторыі могуць здарыцца і сустрэцца добразычлівыя людзі падчас аднаго падарожжа, якое плаўна перацякае ў другое. За гэтыя дні мы з захапленнем вывучалі Гдыню, Гданьск і Сопат. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя… 

А Албанія з яе каларытам заўсёды будзе ўзгад­вацца з цеплынёй і ўдзяч­насцю.

Эмілія ГАЎРУС



Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений