На пяць пытанняў аб галоўным адказваюць лесаводы

11:43 / 15.09.2019
Яны розныя па ўзросце,  характары, звычках. Хтосьці выпадкова прыйшоў у лясную гаспадарку – і знайшоў справу свайго жыцця, іншы працягвае сямейныя традыцыі; некаму падабаецца працаваць за станком, камусьці – на ўлонні прыроды. Але аб’ядноўвае іх адно – любоў да лесу.


Работнікам лясной гаспадаркі напярэдадні іх прафесійнага свята мы задалі пяць пытанняў аб галоўным:

1. Як вы трапілі ў лясную гаспадарку?

2. Раскажыце пра адзін працоўны дзень.

3. Першыя ўспаміны, звязаныя з лесам.

4. Што найбольш здзівіла ці ўразіла за гады работы ў лясгасе?

5. Прадоўжыце фразу: лес для мяне – гэта…


Сяргей МІСЕВІЧ, майстар лесу Катлоўскага доследна-вытворчага лясніцтва:

Місевіч.jpg



1. Родам я з вёскі Пешчанка Мастоўскага раёна. На Астравеччыну трапіў па накіраванні пасля заканчэння Полацкага ляснога тэхнікума ў 1989 годзе. У маёй працоўнай кніжцы адзін запіс – Катлоўскае лясніцтва. Трыццаць гадоў на адным месцы працую. Па першым часе жыў у Катлоўцы ў канторы. Тады думалася: куды я трапіў – уцякаць трэба! Але ад лёсу, відаць, не ўцячэш, як і ад сябе. Тут знайшоў сваю другую палавінку: з жонкай Валянцінай, якая працуе настаўніцай беларускай мовы ў Варнянскім навучальна-педагагічным комплексе, пазнаёміліся на танцах у Вароне. Глянулася яна мне з першага погляду – спакойная, разважлівая  жанчына. У згодзе і павазе пражылі шмат гадоў, выгадавалі траіх дзетак. А што больш для шчасця трэба?

2. Адводзім лесасекі, адпускаем драўніну, садзім лес… На маіх дзялянках ужо прарэджванне раблю. Колькі за гэты час дрэў пасадзіў? Тысячу гектараў дакладна будзе! У лес нашых работнікаў возяць на УАЗіку. Я перасоўваюся на «мінскачы» – хутка і практычна на любы ўчастак можна даехаць. 

3. Тры кіламетры хадзіў пешшу ў школу праз лес, дапамагаў садзіць і асвятляць яго работнікам Курылавічскага лясніцтва. Усё маё жыццё звязана з лесам.

4. У нас спакойная размераная работа – няма чаму дзівіцца. Буралом бачыў і дзікіх жывёл. Грыбнікоў, якія заблукалі, неаднойчы выводзіў з лесу.

5. Лес – маё жыццё. Мы карыстаемся яго дарамі, але аддаём яму сваю душу. Так спакойна, як сярод дрэў, нідзе сябе не адчуваю.

Жадаю здароўя, дабрабыту, шчасця. Астатняга дабівайцеся самі! 

Алег БАЙКОЎСКІ, ляснік Варнянскага лясніцтва:

Байкоўскі.jpg



1. Вырас я ў Астраўцы. Ніхто з родных дачынення да лясной гаспадаркі не меў: тата працаваў вадзіцелем у сельгастэхніцы, маці – швачкай у Доме быта. У лясную гаспадарку трапіў выпадкова – ажаніўся з дзяўчынай з Варнян, жыць сталі там жа. Выбар, куды ісці працаваць, на той час быў небагаты. У калгас не хацелася, таму пайшоў у Варнянскае лясніцтва. Спадабалася. У іншай сферы сябе ўжо проста не ўяўляю.

2. У нас кожны дзень адрозніваецца ад папярэдняга. Даглядаем пасадкі, садзім лес, адводзім участкі пад высечку, адпускаем драўніну, збіраем шышкі, насенне ліпы і бярозы… Словам, работы хапае цэлы год. 

3. Першыя ўспаміны пра лес, напэўна, як і ў кожнага, звязаны з дзяцінствам. У Астраўцы мы жылі каля лесу, дзе часта з сябрамі бавіў час. А яшчэ помню, як разам з бацькамі хадзілі ў грыбы.

4. За шаснаццаць гадоў работы ў лясніцтве мяне ўжо нічым, напэўна, не здзівіш. Дзікіх жывёл не баюся. Што найбольш уразіла? (Задумваецца). Летась моцны ўраганны вецер пашкодзіў лес, асноўны ўдар стыхіі прыйшоўся якраз на мой абыход. Жудасна, што за некалькі хвілін столькі агромністых дрэў з коранем павыкручвала! 

Яшчэ за гады працы ў лясніцтве ў мя­не з’явілася хобі: штогод удзельнічаю ў конкурсе вальшчыкаў лесу – займаў прызавыя месцы ў раённых і абласных спаборніцтвах. Найбольш люблю мантаж ланцуга бензапілы. Хлопцы пытаюцца, у чым сакрэт, што цяпер хутчэй за ўсіх спраўляюся. Адказ просты: спрытнасць рук – і ніякага ашуканства. (Усміхаецца).

5. Лес – гэта мая работа.

Усім жадаю моцнага здароўя – гэта самае галоўнае ў жыцці. Ну і, канешне, добрай зарплаты!

Руслан ГЕРМАН, начальнік лесапункта:

Герман.jpg



1. Дзень работнікаў лесу – наша сямейнае свята: я пяты, хто звязаў сваё жыццё з лясной гаспадаркай. Бацька і маці з 1976 па 2014 гады адпрацавалі ў лясгасе. Дзядуля быў майстрам лесу, прадзед да вайны  – лесніком… Бацькі з ранняга дзяцінства бралі мяне з сабой у лес, таму іншай дарогі, акрамя як у гэту галіну, у мяне не было. Агульны стаж працы ў лясной гаспадарцы нашай сям’і ўжо пераваліў за сто гадоў. Дачка, як і я ў свой час, вучыцца ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, праўда, на інжынерна-эканамічным факультэце. Хто ведае, магчыма, сын Яраслаў стане прадаўжальнікам нашай сямейнай дынастыі.

2. Чатыры гады таму на базе Астравецкага лясгаса быў створаны лесапункт – асобнае структурнае падраздзяленне, якое займаецца выключна нарыхтоўкай драўніны. З тэхнікі ў нас тры фарвардары, тры харвэстары і трактар з пагрузчыкам. У маім падначаленні 31 чалаве­к. Людзі працуюць у лесе вахтавым метадам. Начуюць у спецыяльных вагончыках, дзе створаны ўсе ўмовы: ёсць электрычнасць, вада, ложкі.  

3. Чамусьці вельмі запомнілася, як з татам на матацыкле ехаў у лес. Мяне, малога, напэўна, і з каляскі не было бачна. Такі гонар распіраў, што ў мяне, як у дарослага, быў шлем. А прадчуванне ціхага палявання не давала спакою – да гэтага часу люблю хадзіць у грыбы.

4. Гадоў дваццаць таму ў Падольскім лясніцтве здарыўся моцны пажар, на які былі кінуты ўсе сілы лясгаса і лясніцтва. Я тады працаваў інжынерам па ахове і абароне лесу. Дзякаваць богу, усё абышлося –  мы не дапусцілі, каб пажар стаў верхавінным, але шмат лесу было пашкоджана агнём. Верагоднай прычынай ляснога ўзгарання стала непатушаная цыгарэта. Хочацца, каб людзі больш адказна ставіліся да прыродных багаццяў, каб не выкідвалі ў лесе акуркі. Уявіце: нават адна запалка, кінутая ў сухое лісце ці мох, можа знішчыць не адзін гектар лесу.

5. Лес уяўляе сабой вельмі кволую экасістэму, дзе ўсё цесна ўзае­ма­звязана. Хоць асноўная задача лесапункта – нарыхтоўка драўніны, але місія лесавода застаецца нязменнай на працягу стагоддзяў: захоўваць і прымнажаць галоўнае багацце  нашай краіны – лясы. Гэтаксама, як і нашы прадзеды збераглі для нас, мы павінны зберагчы іх для нашых нашчадкаў.

Прафесія лесавода – адна з самых высакародных. Будзьце да канца адданымі сваёй справе. Няхай хваробы і няшчасці ніколі не пераступаюць парога вашага дома. Няхай надзейнымі сябрамі па жыцці будуць здароўе і поспех. Няхай побач заўсёды будуць родныя і блізкія, а кожны дзень прыносіць радасці і новыя адкрыцці. Са святам, дарагія калегі!

Дзмітрый СІНІЦА, станочнік дрэваапрацоўчага цэха:

Сініца.jpg



1. Я з мясцовых: нарадзіўся ў вёсцы Масцяны. Цяпер юнакі мараць пра прэстыжныя прафесіі, а мы ў свой час былі больш прыземленымі: дарога была адна – у калгас ці ў лясгас. (Усміхаецца.) Некалькі гадоў працаваў лесніком у Спондаўскім лясніцтве пад кіраўніцтвам Войцеха Лукашэвіча,  апантанага сваёй справай чалавека і справядлівага кіраўніка. Ён дамагаў мне спас­цігаць прамудрасці прафесіі лесавода. Жонка мая таксама са Спондаўшчыны. Як шматдзетная сям’я мы пабудавалі ў рай­цэнтры кватэру і пераехалі ў Астравец. Працаваць, вядома, пайшоў у лясгас: спачатку быў сарціроўшчыкам на дрэваапрацоўчым цэху, потым – вадзіцелем. Некалькі гадоў таму вярнуўся ў цэх – працаваць на станку мне больш падабаецца. 
Старэйшы сын Максім таксама выра­шыў звязаць жыццё з лесам – цяпер праходзіць вытворчую практыку ў Негарэльскім вучэбна-доследным лясгасе. Малодшы сын Павел і дачушка Вера яшчэ вучацца ў школе. 

2. Я працую на лініі зрошчвання.  Зранку ў нас невялікая планёрка, а потым кожны ідзе на сваё працоўнае месца. Некаму можа падацца работа за станком нецікавай, але гэта не так! З кавалка драўніны столькі розных вырабаў можна зрабіць: вагонку, плінтус і шмат чаго іншага. Галоўнае ў нашай рабоце – не сапсаваць сыравіну і зрабіць з яе прадукт, які адпавядае зададзеным пара­метрам і задавальняе заказчыкаў.

3. Падчас вучобы ў Спондаўскай сярэдняй школе мы штогод дапамагалі садзіць лес. Памятаю, як упершыню ў рукі ўзяў галоўны інструмент лесавода – меч Колесава. Спачатку не ведаў, што з ім рабіць, але Войцех Рамуальдавіч хутка навучыў ім карыстацца. Не адзін дзясятак  дрэўцаў я пасадзіў за сваё жыццё! 

4. У дрэваапрацоўчым цэху працоўныя дні падобныя. У рабоце станочніка важныя адказнасць, дакладнасць і акуратнасць. Памылка можа дорага каштаваць. Работа леснікоў больш разнастайная, яны шмат часу праводзяць у лесе. 
Што найбольш запомнілася ці ўразіла за гады работы ў лясной гаспадарцы? (Задумваецца.) Нічога асаблівага не здара­лася. Адзінае, што магу адзначыць, – гэта калектыў. Ён  у нас класны і дружны: мы не толькі разам працуем, але і адпа­чываем, удзельнічаем у конкурсах, спаборніцтвах і выставах. 

5. Лес люблю ўсёй душоў. Ён ачышчае ад дрэнных думак і напаўняе бадзёрасцю. Калі едзем да бацькоў на вёску, абавязкова стараюся схадзіць у лес – калі не за грыбамі, то за адпачынкам. 

Па-першае, усім жадаю здароўя. Калі нешта баліць – свет нямілы. Па-другое, добрага настрою. Даказана, што аптымісты даўжэй жывуць. Па-трэцяе, каб збываліся жаданні. Чалавек не можа жыць без мары! І, як кажуць, у нас: каб вялося, хацелася і маглося. (Усміхаецца.) 


Текст:
Фото: Алёна Ганулич