Внучка о бабушке: как работали бухгалтеры в 60-е годы прошлого столетия

09:41 / 11.09.2019
377
Хачу расказаць гісторыю жыцця сваёй бабулі Валянціны Уладзіміраўны Гаўрош, якой сёлета спаўняецца 80 гадоў.

Бабуля, як і ўсе яе аднагодкі, – дзіця вайны. Яна нарадзілася ў палескай вёсачцы ў Пінскім раёне Брэсцкай вобласці. У вайну вёску спалілі немцы, пасля вызвалення людзі жылі вельмі цяжка: спачатку ў зямлянках, потым будавалі маленькія хацінкі.

І ўсё ж Валі хацелася вучыцца! У 1954 годзе яна, скончыўшы школу, паступіла ў Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум. Але ў той час  вяскоўцам не выдавалі пашпартоў і не адпускалі ў горад ні вучыцца, ні працаваць. Па вялікай просьбе бацькі, удзельніка вайны, дзяўчыне дазволілі паехаць на вучобу.

Вучылася бабуля выдатна. За добрую вучобу давалі стыпендыю, за якую яна жыла сама і дапамагала бацькам: сям’я была вялікая, а Валя – старэйшая. За сваю стыпендыю яна ўмудра­ла­ся не толькі пракарміць сябе, абуць ды апрануць, але яшчэ купляла хлеб, муку, цукар – дзеля гэтага трэба было  адстаяць у чарзе тры гадзіны, а то і болей. У выхадны  ішла дахаты пехатой за 25 кіламетраў – і несла на плячах родным хлеб, бо для іх кожны акрайчык быў на вагу золата.

У 1957 годзе бабуля скончыла тэхнікум, і яе накіравалі працаваць у Астравецкае аддзяленне Дзяржбанка бухгалтарам. Жыць стала лягчэй, бо з’явілася стабільная зарплата. 

1.jpg

Бабуля на ганку  Дзяржбанка (сённяшні магазін «Ліра»)



Работа тагачаснага бухгалтара мала нагадвала сённяшнюю. Спачатку ўсе падлікі рабілі на звычайных драўляных лічыльніках з костачкамі – на іх умелі складваць, адымаць, множыць, дзяліць. Потым з’явілася першая вылічальная машына – арыфмометр «Фелікс», машына СДУ-138, на якой друкаваліся асабовыя рахункі, «Оптыматык» – на гэтай машыне выводзіліся бухгалтарскія балансы. А напачатку асабовыя рахункі арганізацый вяліся ўручную і запісваліся хімічным алоўкам пад капірку.

Акрамя аперацыйнай работы, трэба было кантраляваць і касавую – тут былі свае цяжкасці: шмат грашовых білетаў і манет, частыя рэвізіі – як унутраныя, так і абласныя. 

Працаваць было няпроста, ды бабуля стара­лася. Пра гэта сведчаць  шматлікія Ганаровыя граматы, падзякі за арганізацыю і ўдасканаленне ўлікова-аперацыйнай работы. За выхаванне і ву­чо­бу кадраў Валянціна Уладзіміраўна Гаў­рош атрымала Падзяку ад абласной канторы Дзяржбанка, а пазней – Аграпрамбанка, дзе яна з 1970 па 1975 год працавала галоўным бухгалтарам.

IMG_20190725_091258.jpg

Калектыў Аграбанка


Валянціна Уладзіміраўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці, прафсаюзным руху, ва Усесаюзных спаборніцтвах. Яна падала некалькі прапаноў па ўдасканаленню банкаўскай дзейнасці, і гэта было адзначана ў загадзе кіраўніцтва абласнога Аграпрамбанка. Бабуля ўзнагароджана Ганаровым знакам савецкага Фонду міра, ёй прысвоена званне «Выдатнік Дзяржбанка», яна ўзнагароджана медалём «Ветэран працы».

У 1995 годзе бабулю з пашанай праводзілі на заслужаны адпачынак.

Я ўдзячна лёсу, што ў маім жыцці ёсць бабуля Валя, а ў маіх дзяцей – мудрая і добрая прабабуля, якая словам і справай стараецца дапамагчы дзецям і ўнукам, аблегчыць наша жыццё, даць параду. Хай Бог бароніць яе і дае сілы яшчэ на доўгія гады! 

А ўсіх маладых хачу папрасіць: беражыце сваіх бацькоў, бабуль і дзядуль. Памятайце: без іх не было б і нас.

Вольга АБРАМАВА,
г. Астравец



Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений