Виктор Свилло, знакомый и неизвестный
08:53 / 06.09.2019
Але, як гэта часта бывае, пра таго, хто ва ўсіх навідавоку, ведаюць мала. Якая сутнасць хаваецца за заўсёды элегантным, дасведчаным, дасціпным вобразам Віктара Свілы? Не ўпэўнена, што гэтае інтэрв’ю дапаможа яе раскрыць цалкам, – але мы паспрабавалі гэта зрабіць.
А што застанецца пасля мяне?..
– Віктар Збігневіч, ужо пятнаццаты год вы штодня катаецеся з Ашмян, дзе жывяце, у Астравец, дзе працуеце. Не надакучыла?
– Дарога – гэта ўжо частка майго жыцця: я, як вы кажаце, «катаўся» на работу ў Астравецкі раён, яшчэ калі працаваў на мытні – у Катлоўку, на станцыю Гудагай. І не такая ўжо гэта вялікая адлегласць: у Гродне, не кажучы ўжо пра Мінск, людзі, здараецца, далей на працу дабіраюцца.
Наадварот: я люблю гэты час у дарозе, калі можна спакойна спланаваць дзень, падумаць, што і як будзеш рабіць.
– Ведаю, што вам паступалі даволі выгадныя прапановы аб змене месца работы. Калі не сакрэт, чаму адмовіліся?
– Так, такія прапановы былі – не стану крывіць душой: прыемна, што заўважылі, ацанілі. Але на той час у мяне заставаліся пэўныя маральныя абавязацельствы перад людзьмі, з якімі працаваў тут. Я не мог пакінуць шматлікія распачатыя справы.
– І якія змены адбыліся ў сацыяльнай сферы Астравеччыны за час, што вы яе курыруеце? Ну калі не браць пад увагу сённяшнія ледзь не штотыднёвыя адкрыцці новых сацыяльна-культурных аб’ектаў – гэта, канешне, не можа не радаваць астраўчан, але, тым не менш, з’яўляецца вынікам рэалізацыі штогадовых дзяржаўных інвестыцыйных праграм…
– Але ж дзяржаўныя інвестыцыйныя праграмы таксама не з неба зваліліся! Не стаялі і не пыталіся ў нас: мо, вам тое патрэбна ці гэтага хочацца? Яны – вынік рэалізацыі зацверджанага Пастановай Савета Міністраў краіны ў снежні 2009 года Комплекснага перспектыўнага плана развіцця горада энергетыкаў Астраўца. А над яго распрацоўкай працавалі, апроч іншых, усе кіраўнікі ўстаноў сацыяльнай сферы раёна: галоўны ўрач Валянцін Тачоны, начальнік аддзела адукацыі Лілія Янкоўская, начальнік аддзела культуры Сяргей Сяўко, начальнік аддзела ідэалагічнай работы Аляксандр Клімчэня, Сяргей Шэін, які ў той час адказваў за спорт. Ну і я як кіраўнік галіны. А львіную долю ўсіх арганізацыйных клопатаў узяў на сябе тагачасны старшыня райвыканкама Адам Кавалька – без яго настойлівасці, напорыстасці, умення пераконваць, ісці да канца, не баяцца адкрываць дзверы ў высокія кабінеты мы не мелі б многага з таго, што цяпер ёсць.
Усе школы, дзіцячыя садкі, новая бальніца, ФАК і іншыя аб’екты спачатку «маляваліся» ў нашых галовах, затым трэба было даказаць, што яны патрэбны новаму гораду – і толькі пасля многіх карэкціровак і ўзгадненняў на розных узроўнях гэтыя аб’екты ўвайшлі спачатку ў Комплексны перспектыўны план, а затым – і ў дзяржаўныя інвестыцыйныя праграмы.
Але вы маеце рацыю: і да пачатку будаўніцтва горада энергетыкаў у раёне многае было зроблена. Да прыкладу, у сярэдзіне нулявых мы пайшлі на стварэнне ў сельскіх школах вучэбна-педагагічных комплексаў, якія дазволілі не толькі зрабіць нармальныя ўмовы для навучання і выхавання дзяцей, але і стварыць пераемнасць адукацыйнага працэсу. І горад «падцягнулі». У гэтым сэнсе асаблівая мая радасць – СШ №1 Астраўца, якую ўдалося не толькі капітальна адрамантаваць, але і вырашыць яе адвечную праблему – падтапленне падчас ліўняў і паводак. За гэта асаблівую ўдзячнасць хочацца выказаць сённяшняму кіраўніку раёна Ігару Шалудзіну, які, што называецца, з паўслова зразумеў сутнасць праблемы, прыняў валявое рашэнне – і з раённага бюджэту былі выдзелены грошы на абуладкаванне дрэнажнай сістэмы прышкольнай тэрыторыі.
Сёння мы рыхтуемся да адкрыцця новай раённай бальніцы, якая павінна стаць сучасным міжрэгіянальным медыцынскім цэнтрам, – а калі пра яе і марыць баяліся, уласнымі сіламі, з мінімальнымі затратамі зрабілі рамонт практычна ўсіх аддзяленняў.
Змянілася за гэты час і сфера сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва: адкрыты дом сумеснага самастойнага пражывання пажылых людзей, крызісны пакой, дзе могуць перачакаць праблемныя моманты тыя, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які 15 гадоў таму праходзіў перыяд свайго станаўлення, сёння аказвае мноства паслуг: яго супрацоўнікі заворваюць людзям агароды, колюць дровы, косяць траву, мы першымі ў вобласці адкрылі паслугу сацыяльнага таксі.
Спорт у нас развіваўся нядрэнна – але, скажам прама, у асноўным за кошт прафесіяналізму і энтузіязму такіх трэнераў, як Аляксей Маргуж, Андрэй Блашкевіч, Ігар Гануліч і іх таленавітых выхаванцаў. Інфраструктуры практычна не было. Вырашылі рэаніміраваць Гервяцкі фізкультурна-аздараўленчы комплекс, затым на яго базе мы нават прымалі абласныя спаборніцтвы. Пазней у пустуючай спартыўнай зале завода «Радыёдэталь» зрабілі фізкультурна-аздараўленчы комплекс – на той час ён быў запатрабаваны. Гэта сёння, калі ў нас з’явіліся цудоўная спартыўная зала і баскетбольная пляцоўка ў гімназіі, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, сучасны стадыён, на падыходзе шматфункцыянальны спартыўны комплекс, у ім няма ранейшай патрэбы – плануецца перадаць гэтую залу дзіцячай спартыўнай школе, якая пакуль знаходзіцца ў прыстасаваных памяшканнях.
Менш за ўсё нам удалося зрабіць у сферы культуры. Тут пакуль што няма чым пахваліцца – хіба што адроджанай «Кемялінай», якая, верыцца, хутка верне званне народнага калектыву. Хочацца спадзявацца, што гэтае званне нарэшце атрымае і «Польскае рэха Астраўца», якое разам з літоўскім фальклорным ансамблем «Жыльвіціс» прадстаўляе не толькі Астравеччыну, але і ўсю Гродзенскую вобласць на маштабных рэспубліканскіх імпрэзах – такіх, як Фестываль нацыянальных культур. Думаю, што сацыяльна-культурны цэнтр, які ў наступным годзе адкрыецца ў Астраўцы, дзе будуць і музей, і бібліятэка, і шматлікія забаўляльныя паслугі кшталту боўлінгу, дасць новы штуршок развіццю раённай культуры.
Хоць увогуле не інфраструктура, не школы, бальніцы, залы і палацы рухаюць наперад сацыяльную сферу – а людзі, у якіх свецяцца вочы, прафесіяналы і энтузіясты. Каб прыцягнуць такіх у раён і зрабіць усё магчымае, каб яны тут засталіся, мы кожны год праводзім ушанаванне маладых спецыялістаў, якое дазваляе ім пазнаёміцца з раёнам і адзін з адным, зразумець, што яны тут патрэбны, іх тут чакаюць.
Хоць асноўнае пытанне, вядома ж, – жыллёвае. У яго вырашэнні здарыўся пэўны прарыў: сёлета ўсе маладыя спецыялісты, што прыехалі працаваць у медыцыну і адукацыю раёна, атрымалі дах над галавой. Але і раней мы не сядзелі склаўшы рукі. Многае ў гэтым накірунку зрабілі медыкі: можна ўспомніць пераабсталяванне пад інтэрнат Слабодкаўскага ФАПа, будынка былога Белдзяржстраху, дзіцячых садкоў «Дубок» і Гудагайскага. Інтэрнатам для педагогаў стаў жылы дом на вуліцы Петруся Броўкі, а для работнікаў культуры – адміністрацыйны будынак раённага аддзела КДБ.
І гэта толькі некаторыя, самыя важныя справы, якімі даводзілася займацца па пасадзе намесніка старшыні райвыканкама.
– Так, зроблена нямала. Але ўсё гэта – ваша работа, непасрэдныя абавязкі. А вось калі б нехта запытаў: а што такога асаблівага зрабілі за гэтыя амаль паўтара дзясятка гадоў працы ў Астравецкім райвыканкаме, што застанецца пасля вас? Што б вы адказалі?
– Я сам пра гэта час ад часу думаю, спрабую сам сабе адказаць на гэтае пытанне. І ведаеце, без пахвальбы магу сказаць, што сёе-тое застанецца, нават акрамя ўсяго ўзгаданага вышэй.
Да прыкладу, геральдычныя сімвалы Астраўца – герб і сцяг, нягледзячы на больш чым паўвекавую гісторыю, іх у нашага горада не было. Яны былі распрацаваны пры маім непасрэдным удзеле і зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2008 годзе напярэдадні 540-годдзя Астраўца.
У тым жа 2008 годзе ў нас прайшоў міжнародны пленэр скульптараў, ініцыятарам якога стаў вядомы астравецкі краязнаўца Алесь Юркойць.
Райвыканкам забяспечыў удзельнікам пражыванне і ўсе ўмовы і затым выкупіў работы – дзякуючы гэтаму, у нашым горадзе засталося дзесяць каменных скульптур, так ці інакш звязаных з Астраўцом – яго геральдыкай, легендамі, гісторыяй, славутымі асобамі. Сёння яны адна з адметнасцяў нашага горада – мне прыемна ўсведамляць, што я з’яўляўся адным з арганізатараў гэтага пленэру.
Можна ўспомніць і сплаў па Віліі, прысвечаны 150-годдзю легендарнай экспедыцыі графа Тышкевіча, які адбыўся ў 2007 годзе. Акрамя таго, што я стаў адным з арганізатараў гэтага цікавага краязнаўчага мерапрыемства – першым з дзяржаўных чыноўнікаў падпісаў адпаведны зварот, знайшоў магчымасць прайсці з экспедыцыяй на байдарцы частку шляху, хоць і не вельмі вялікую: 18 кіламетраў.
Думаю, застанецца ў гісторыі і знак Ганаровага грамадзяніна Астраўца, які распрацоўваўся пры маім непасрэдным удзеле. Першым яго ўладальнікам стаў Адам Кавалька – але сярод нашых землякоў нямала дастойных людзей, вартых гэтага звання.
Акрамя таго, можна ўзгадаць помнік воінам-інтэрнацыяналістам, які ўдалося ўстанавіць зноў-такі дзякуючы падтрымцы і разуменню Ігара Шалудзіна; мемарыяльную дошку на вуліцы імя Гашкевіча ў гонар нашага слыннага земляка; раённы чэмпіянат па інтэлектуальных гульнях, які мы арганізоўвалі разам з вамі, – гэта ўсё справы, якімі мяне ніхто не прымушаў займацца і за якія ніхто не пытаў. Але ад таго яны найбольш каштоўныя, бо гэта сапраўды тое, што застанецца.
– Ёсць розныя стылі кіраўніцтва, якія ўмоўна можна абазначыць як «Я начальнік – ты дурань», «Хочаш, каб было зроблена добра – зрабі сам», «Рабі, як я», «Не перашкаджай людзям працаваць». Які з іх вам бліжэй?
– Свой стыль кіраўніцтва я б вызначыў як сімбіёз усяго вышэйпералічанага. Увогуле па сваім характары я чалавек дэмакратычных поглядаў, мне бліжэй калегіяльны стыль кіраўніцтва – але толькі на стадыі выпрацоўкі рашэння: тады можна раіцца, кансультавацца, спрачацца… А калі рашэнне прынята, наступае дыктатура: дыскутаваць позна – трэба працаваць!
Але не хацелася б, каб склалася ўражанне, што я гэткі мудры старац, які ўсё ведае і ўсё ўмее. Мяне таксама часам захлістваюць эмоцыі, здараецца, што я не магу іх стрымаць – асабліва калі людзі не тое, што не пагаджаюцца з табой – гэта я ўспрымаю нармальна, а калі цябе элементарна не чуюць, калі словы і аргументы, якія ты старанна падбіраеш, каб данесці сваю думку, проста не жадаюць выслухаць. Калі так здараецца, то віню найперш сябе – за тое, што страціў кантроль, не стрымаў эмоцый, не знайшоў адпаведных слоў, каб пераканаць суразмоўцу.
Тутэйшыя мы…
– На Астравеччыне, я заўважыла, даволі раўніва ставяцца да «прышлых», асабліва кіраўнікоў. Маўляў, не будуць яны дбаць пра гэты край так, як тыя, што звязаны з ім пупавінай…
– Лічыць мяне прышлым могуць толькі тыя, хто не ведае, што нарадзіўся на тэрыторыі сённяшняга Астравецкага раёна – праўда, у 1963-м, пасля ліквідацыі Маладзечанскай вобласці і расфарміравання Астравецкага раёна, вёска Жарнэлі, дзе я нарадзіўся, адносілася да Ашмянскага раёна.
Дзяцінства маё прайшло на хутары Вайдацішкі, дзе жыла бабуля Зося і дзе я са сваімі стрыечнымі сёстрамі на ўлонні цудоўнай прыроды і на экалагічна чыстым здаровым вясковым харчаванні праводзіў кожнае лета. Там жа мы набывалі і першы працоўны вопыт: грыбы, ягады, дапамога ў нарыхтоўцы сена – гэта было нашым святым абавязкам. А калі крыху падраслі, то дапамагалі родзічам, якія працавалі на падсобным цэху ў калгасе імя Яўсеева, паяць пластыкавую біжутэрыю – за гэта нам нават нешта плацілі. Памятаю, на першую заробленую дзясятку купіў афіцэрскую планшэтку, пра якую мроіў – у маленстве марыў стаць ваенным.
– І калі вы чуеце словы «малая радзіма», то перад вачамі паўстае…
– …Хутар Вайдацішкі. Непаўторная астравецкая прырода. Дзедава хата. Бабуля, якая была захавальніцай гісторыі нашай сям’і і нашага краю, гэта ад яе я навучыўся польскай мове. Яна заўсёды выпісвала шмат польскай прэсы: «Жыццё Варшавы», «Шпількі», «Чырвоны штандар» і іншыя – гэта была ўнікальная магчымасць чытаць па-польску і асвойваць мову: запамінаць новыя словы, правільна будаваць сказы. Гэта са мной засталося на ўсё жыццё. Хоць па першай адукацыі я інжынер, гуманітарныя навукі, найперш гісторыя, цікавілі мяне заўсёды – і цікавасць гэтая пайшла адтуль, з дзяцінства, з хутара Вайдацішкі.
– Як вы самаідэнтыфікуеце сваю нацыянальную прыналежнасць? Хто вы – паляк, беларус? Ці, можа, літовец або рускі?
– Калі б вы задалі гэтае пытанне гадоў дзесяць таму, я б, напэўна, адказаў інакш: раней у мяне не было ніякіх сумненняў, што я паляк. І, безумоўна, польскія мова, гісторыя, культура, літаратура, асабліва творы Генрыка Сянкевіча, зрабілі на маю самасвядомасць значны ўплыў.
Але чым больш я ўнікаю ў пытанне сваёй нацыянальнай прыналежнасці, чым больш чытаю, аналізую, тым больш разумею, што адказаць на яго вельмі складана. Адно магу сказаць дакладна: наш род – з мясцовых. І маё нацыянальнае самавызначэнне сугучна словам Адама Міцкевіча, які ў «Пане Тадэвушы» пісаў «О Літва, мая Айчына…» Пісаў па-польску, і кожны, хто хоць крыху ведае літаратуру, скажа, што Міцкевіч вялікі польскі паэт – а Айчынай сваёй ён называў Літву, Вялікае княства Літоўскае, па сутнасці – беларускія землі, якія ўваходзілі ў склад фэдэратыўнай дзяржавы, якой была першая Рэч Паспалітая.
У нашым краі ўсё так перамешана... Магчыма, некаму мае словы не спадабаюцца, але як мы можам лічыцца патомнымі палякамі, калі Польшча была на гэтай тэрыторыі непрацяглы міжваенны перыяд з 1919 па 1939 год – а Свілы жылі тут спакон веку? І калі я даследую паходжанне свайго прозвішча, то прыходжу да высновы, што яно мае хутчэй літоўскія, чым польскія карані: «свіліс» па-літоўску «гарэлы», «палены».
Я лічу, што кожны чалавек павінен на гэтае няпростае пытанне адказаць сабе сам. І пажадана, каб пры гэтым ён абапіраўся не толькі на сямейныя паданні і традыцыі – іх захаванне, вядома ж, заслугоўвае павагі, але гэтага для нацыянальнага самавызначэння, па маім уласным перакананні, мала. Кіравацца трэба найперш гістарычнымі фактамі і атрыманымі на іх аснове ведамі.
Сям’я – яна ўсяму аснова
– Для кожнага чалавека, а для мужчыны, мне здаецца, асабліва, вялікае значэнне мае самарэалізацыя, прафесійны рост. А якое месца пры гэтым займае сям’я – у прыватнасці, у вашым жыцці?
– Прафесійны рост сапраўды мае вялікае значэнне. Але сям’я – асноўнае. Таму што працаваць і рабіць кар’еру можна дзе заўгодна – а вось сям’я пажадана, каб была адна – і на ўсё жыццё. Больш таго, я заўважыў: калі ў кіраўніка ўсё добра ў сям’і, то ў яго парадак і ў падначаленай арганізацыі.
– Тым не менш, наколькі я ведаю, у вас другі шлюб…
– Так, я жанаты другі раз – у першым шлюбе сям’я не склалася, і ні я, ні мая першая жонка не лічылі, што трэба прыносіць сябе ў ахвяру памылкам маладосці. Мы рассталіся, але захоўваем нармальныя адносіны. Тым больш, што ў нас ёсць дачка Вікторыя, у выхаванні якой я заўсёды прымаў самы непасрэдны ўдзел і якая і сёння часты госць у нашым доме, сябруе з маімі дочкамі ад другога шлюбу: у іх свае адносіны, яны раяцца адна з адной, дапамагаюць, падтрымліваюць, калі ёсць такая неабходнасць. Мне гэта вельмі падабаецца, бо я разумею: бацьку і нават маці не заўсёды раскажаш тое, што сястры.
У другім шлюбе ў мяне дзве дачкі – Насця і Ліза. Старэйшая ўжо працуе, малодшая праходзіць інтэрнатуру. Жонка – галоўны бухгалтар у рэдакцыі «Ашмянскага весніка». Яшчэ, дзякаваць Богу, жывыя і для свайго ўзросту адносна здаровыя бацькі. Так што тыл у мяне, лічу, надзейны, без падводных рыфаў. На вялікія рэлігійныя і сямейныя святы мы збіраемся разам, як правіла, у маім доме – неяк так сталася, што ўжо я з’яўляюся галавой сям’і. З найбольш любімых святаў – Ражаство. Яго мы святкуем у адпаведнасці з традыцыямі: з дванаццаццю стравамі і сенам пад абрусам, лішнім прыборам на стале, з чытаннем Евангелля, ламаннем аплаткі і ціхімі сямейнымі размовамі.
– Вы ўплывалі на прафесійны выбар сваіх дзяцей?
– Безумоўна!
Калі школьнікі выбіраюць свой шлях у жыцці, яны часта робяць гэта неўсвядомлена. Ды і адкуль яшчэ ўзяцца той свядомасці? Добра, канешне, калі са школы дзіця ведае, кім хоча стаць – тады задача бацькоў толькі дапамагчы яму ажыццявіць мару. Так у нас было з Лізай, якая ў дзявятым класе вырашыла, што стане фармацэўтам, – і мэтанакіравана ішла да ажыццяўлення задуманага.
А вось Вікторыі і Насці, якія вагаліся, якую прафесію абраць, я, сам выпускнік юрыдычнага факультэта, параіў атрымаць гэтую, лічу, універсальную адукацыю, бо нават калі жыццё далей павядзе ў іншым накірунку, яна не пашкодзіць, а стане добрым падспор’ем у любой прафесіі. Так і атрымалася. Віка закончыла ўніверсітэт, працавала юрыстам у Мінскім райвыканкаме, зараз яна ў парку «Вялікі камень» на даволі адказнай пасадзе. Работа ёй падабаецца, яна расказвае пра яе з захапленнем – і мяне гэта радуе.
Насця таксама закончыла юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсітэта, але, адпрацаваўшы пасля размеркавання належны тэрмін, вырашыла змяніць прафесію і пайшла ў ІТ-сферу, зараз атрымлівае другую адукацыю. Я не раблю з гэтага трагедыі. Тут, як і ў шлюбе: галоўнае, каб чалавек займаўся сваёй справай і жыў са сваім чалавекам.
– Вам знаёма праблема бацькоў і дзяцей? І як яна вырашаецца ў вашай сям’і?
– Канешне! Яна вечная, як свет: юначы максімалізм, бацькоўскае жаданне абмежаваць ад памылак…
Мы з жонкай у падобных канфліктных сітуацыях падзялілі ролі: яна на ўсё рэагуе эмацыянальна, я ж займаю пазіцыю слухача: імкнуся ў адпаведнасці са сваёй любімай лацінскай прыказкай «Выслухай другі бок» пачуць і зразумець кожнага. Часам – у межах разумнага, вядома, – дазваляю дзіцяці зрабіць памылку, каб яно набіла гузак і зразумела, што рашэнне, прынятае насуперак парадам, было няправільным. Мне здаецца, што бацькі ва ўзаемаадносінах з дарослымі дзецьмі павінны быць актыўнымі назіральнікамі, а не вырашальнікамі іх праблем.
Усё лепшае напісана да нас…
– Вы ўзгадалі лацінскую прыказку – ведаю, што гэта адно з вашых захапленняў. Адкуль яно ў тутэйшага, як вы сябе назвалі, амаль вясковага хлапчука?
– Яшчэ ў дзяцінстве, калі чытаў творы сваіх любімых аўтараў Вальтэра Скота, Генрыка Сянкевіча, часта сустракаў выказванні на лацінскай мове. Знізу старонкі, як правіла, быў пераклад, але я не адразу слізгаў вачыма ўслед за зноскай, а імкнуўся найперш прачытаць выслоўе па-лацінску: мне падабалася яго ўнутраная мелодыка, нейкая незразумелая прыгажосць і сіла. А калі перакладу не было, стараўся знайсці, што азначаюць гэтыя словы ў тэксце. Даволі захапляльны занятак – асабліва калі крыніц для пошуку не так і шмат, гэта ж сёння Гугл усё раскажа і падкажа.
Калі мая першая жонка вучылася ў медыцынскім інстытуце, у іх быў курс лацінскай мовы, студэнтам трэба было вучыць на памяць лацінскія прыказкі і прымаўкі – я з яе канспекта выбіраў, што мне найбольш падабалася, і завучваў. Гэта мне спатрэбілася, калі ўжо сам на юрыдычным факультэце вывучаў лацінскую.
Мне вельмі падабаецца дакладнасць, вытанчанасць, унутраная гармонія лацінскіх выказванняў, якія прайшлі праверку тысячагоддзямі і не страцілі сваёй актуальнасці. Яны дапамагаюць аналізаваць сучасныя рабочыя сітуацыі: прачытаеш – і становіцца зразумела, што рабіць. Гэта – сціснутая да цытаты, заключаная ў некалькіх словах векавая мудрасць.
Адна з маіх любімых лацінскіх прыказак – тая, што я прыводзіў раней: «Audiatur et altera pars» – «Выслухай другі бок». Лічу, кожны кіраўнік, дзяржаўны служачы павінен трымаць гэтае выказванне ў сябе на рабочым стале ў прыгожай рамачцы, а яшчэ лепш – вышыць крыжыкам і павесіць на сцяну, каб помніць пра гэта кожную хвіліну. Бо толькі выслухаўшы другі бок, валодаючы інфармацыяй з розных крыніц, можна прыняць правільнае рашэнне.
– Якая кніга ляжыць на тумбачцы каля вашага ложка?
– Не паверыце – Біблія. Прычым не адна, у мяне тры кнігі. Адну, на польскай мове, мне падарыў ксёндз Анджэй, «Новы запавет» на беларускай мове – айцец Георгій. Ну і для паўнаты камплекту – Біблія на рускай мове.
Не скажу, што я кожны вечар ці раніцу чытаю пэўную колькасць старонак. Але часта ўзнікаюць нейкія пытанні – і хочацца праверыць, як там, у першакрыніцы. Да прыкладу, нядаўна я паглядзеў захапляльны серыял «Цары і прарокі» – і стала цікава: а з чаго ж усё пайшло, як было на самой справе. Перачытаў адпаведную частку Бібліі. Гэтак жа і ў іншых сітуацыях, часам звычайных, жыццёвых, калі неабходна прыняць важнае рашэнне і патрэбна мудрая парада. Усё ж ужо даўно напісана, за тысячагоддзі да нас – трэба толькі не ленавацца чытаць! «Кніга Экклезіаста» – гэта квінтэсенцыя ўсіх праблем грамадства, сутнасць якіх, па вялікім рахунку, не змянялася ад старажытнасці да нашых дзён. Біблія, гэтая вечная кніга, абавязкова падкажа кожнаму, хто захоча прыняць гэтую падказку, як іх вырашыць, – толькі чытайце – хоць у каментарыях, хоць у цытатах – у першакрыніцы, зразумела, непадрыхтаванаму цяжкавата…
– Што для вас адпачынак?
– Паляванне. Прычым не ў сэнсе здабычы звера, а як яднанне з прыродай. Таму найбольш люблю паляванне з падыходу, калі ты проста ідзеш па ўзлеску, любуешся прыродай, яе яркімі сакавітымі фарбамі, удыхаеш водар лесу, поля… Тады на другі план адыходзяць усе праблемы, трывогі, думаецца лёгка і ўзнёсла, і сапраўды адпачываеш, як казаў паэт, сэрцам і думамі.
Постфактум
– Віктар Збігневіч, жыццё вас, як сведчыць біяграфія, паматала: былі ў камсамоле, працавалі ў мытні, прычым у той складаны час, калі яна толькі фарміравалася. Былі ў вашай біяграфіі і падатковая інспекцыя, і работа на пошце, цяпер вы – чыноўнік даволі высокага рангу ў раённай вертыкалі. І ўсё ж, калі б была такая магчымасць, у які час вы хацелі б вярнуцца і якой справай займацца?
– Ведаеце, дзе б я ні працаваў – мне не сорамна ні за маю работу, ні за адносіны з людзьмі: з усімі сваімі былымі і сённяшнімі калегамі я сустракаюся, не хаваючы вачэй.
Але вяртацца нікуды не хочацца. Трэба жыць сённяшнім, а не мінулым. З кожнага перыяду трэба зрабіць пэўныя высновы, адпусціць яго – і ісці далей.
– Ну што ж, дзякуй за гутарку – было цікава пазнаёміцца з невядомым Віктарам Свілам. І добрай вам дарогі на далейшым жыццёвым шляху!