Слоним предлагал, «зажигал», угощал, награждал, удивлял

11:32 / 03.09.2019

– кого, чем и как, рассказывают непосредственные участники праздника – островецкие журналисты.

Святкаванне Дня беларускага пісьменства ў Слоніме пачалося яшчэ ў суботу. Пакуль будаўнікі і камунальнікі «залізвалі» апошнія агрэхі – ім, як і студэнтам, заўсёды не хапае адной ночы, каб зрабіць усё як след – гандляры, рыхтуючыся да наплыву пакупнікоў, расстаўлялі палаткі і вулічныя «парасончыкі», на сцэне ў чарговы раз «праганялі» святочную праграму –  на пляцоўцы каля фантанаў віравалі людзі і падзеі.

У гэты дзень у горадзе была адкрыта кнігарня «Санет» (хоць бы да нас калі гэтае свята дайшло – мо, і ў нас тады б кнігарня з’явілася…).

Шматлюдна было каля друкарскага двара 16-га стагоддзя, дзе можна было ўласнаручна на адноўленым станку – амаль на такім жа працаваў Скарына, надрукаваць першую старонку яго Бібліі…

1.jpg

Ад мноства кніг, які прадаваліся не толькі ў новай кнігарні, але і ў шматлікіх палатках, у кнігалюбаў разбягаліся вочы і пусцелі кашалькі.

Астравецкія совы

У суботу пачаліся і прэзентацыі раённых газет Гродзеншчыны. Кожная рэдакцыя старалася, як магла: хто вучыў рабіць паперу з трыснягу (мы таксама паспрабавалі – можаце пабачыць майстар-клас у відэа на сайце), хто запрашаў прыняць удзел у віктарынах, хто спяваў песні пра свой край.

2.jpg

«Астравецкая праўда» прывезла ў Слонім калекцыю соў, у якой ужо больш за 70 экземпляраў. Гэтыя птушкі, якія сімвалізуюць мудрасць, не спяць начамі і бязлітасна знішчаюць дробных шкоднікаў, нечым нагадаюць нас, журналістаў. Яны «прыляцелі» ў рэдакцыю з усяго свету – з Шатландыі і Дудутак, Йошкар-Олы і Сасновага Бора, Шры-Ланкі і Шчучына – мінулай гродзенскай сталіцы пісьменства; совы, зробленыя рукамі нашых аўтараў, чытачоў і супрацоўнікаў… Совы і іх гісторыі, цесна звязаныя з газетнымі матэрыяламі і праектамі, а таксама каталог, які падрабязна расказвае пра кожную з іх, выклікалі непадробную цікавасць мінакоў, якія спыняліся і распытвалі – пра калекцыю, газету і Астравеччыну ўвогуле.

3.jpg

5.jpg

Гісторыю астравецкіх соў выслухаў і ацаніў у тым ліку і намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі.

4.jpg

Каменная святыня

Напярэдадні Дня беларускага пісьменства ў Слоніме была асвечана часоўня ў гонар святых Пятра і Фяўроніі, апекуноў сямейнай любові і вернасці. Складзеная з каменя, увенчаная залочаным купалам з праваслаўным крыжам, які атуляюць косы маладых бярозак, яна прыцягвала погляды мінакоў – і многіх прымушала збочыць і перахрысціцца.

13.jpg

2.jpg

Чын асвячэння часоўні правеў архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, якому саслужыў епіскап Веніямін, кіраўнік духоўна-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» – яна ў той дзень прыбыла ў Слонім з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга.

IMG_2396.jpg

– Божая Маці абрала слонімскую зямлю – пра гэта сведчыць хоць бы той факт, што нерукатворны абраз Маці Божай Жыровіцкай з’явіўся менавіта тут. Цудоўна, што напярэдадні Дня беларускага пісьменства  асвечана часоўня ў гонар святых Пятра і Фяўроніі, якія, веру, дапамогуць жыхарам горада па іх малітвах захаваць у сем’ях любоў і згоду, – сказаў архіепіскап Гурый, звяртаючыся да сабраўшыхся.

Помнік Льву Сапегу

А эпагей свята прыпаў, безумоўна, на нядзелю. Пачатак шматлікім мерапрыемствам паклала адкрыццё помніка слыннаму земляку сланімчан Льву Сапегу, які ў гады Вялікага княства Літоўскага быў старастам гэтага горада.

IMG_2446.jpg

Помнік работы вядомага скульптара Івана Міско ўстаноўлены на плошчы Леніна – дарэчы, скульптар выказаў спадзяванне, што неўзабаве і сама плошча будзе насіць імя слыннага земляка, вялікага канцлера ВКЛ, стваральніка Статута Вялікага княства Літоўскага. Яго прапанову сустрэлі гарачымі апладысментамі.

Я вельмі рады, што слаўныя сыны Беларусі нарэшце вяртаюцца на Радзіму, – сказаў на ўрачыстым мітынгу міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. – Вялікі дзякуй Слоніму і сланімчанам за гэты помнік Льву Сапегу.

Белае покрыва саслізнула – і пад апладысменты прысутных перад іх вачамі паўстала велічная фігура вялікага чалавека. Леў Сапега вярнуўся ў Слонім!

2.jpg

А затым урачыстае шэсце пад акампанемент старажытнай беларускай дуды, на чале з харугвамі з гербамі гарадоў, якія ў розныя гады былі сталіцамі Дня беларускага пісьменства, рушыла на цэнтральную плошчу. Дзе адбылося галоўнае дзейства: адкрыццё свята, тэатралізаванае шэсце і святочны канцэрт, уручэнне нацыянальных літаратурных прэмій лепшым пісьменнікам краіны.

IMG_2493.jpg

4.jpg

Ганаровы дыплом – і жалудовая кава

У рамках святкавання Дня беларускага пісьменства былі ўзнагароджаны пераможцы традыцыйнага рэспубліканскага конкурсу, арганізаванага Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай бібліятэкай «Бібліятэкі – асяродак нацыянальнай культуры».

Сярод пераможцаў – і Астравецкая цэнтральная бібліятэка, якая стала трэцяй у намінацыі «За навуковую і даследчую работу». Адпаведны дыплом, да якога дадаецца і салідная прэмія, намесніку дырэктара бібліятэкі Наталлі Ачарэтавай уручыла першы намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алена Даўгаполава.

1.jpg

…А тым часам у гарадскім парку супрацоўнікі астравецкай бібліятэкі, яе сябры і чытачы дэманстравалі, што ўзнагароды яны атрымліваюць недарэмна. Наш бібліятэчны падворак быў адным з самых цікавых і арыгінальных. Тут дэманстраваліся самаробныя кнігі – адна з якіх, нагадаю, прызнана лепшай падчас Дня беларускага пісьменства ў Шчучыне; мінакоў запрашала на жалудовую каву адмысловая кавярня, а пад шыкоўным дубам бавіліся хлопцы ды дзяўчаты. Прываблівалі гасцей аўтарскія песні і вершы ў выкананні Людмілы Кухарэвіч.

IMG_2592.jpg

IMG_2613.jpg

IMG_2611.jpg

IMG_2624.jpg

Словам, паглядзець і паслухаць было што – і жыхары горада і яго госці, якія ў той дзень са шматлікіх пляцовак выбралі гарадскі парк, бібліятэчны падворак астраўчан не міналі.

Увесь горад – святочная пляцоўка

У мінулую нядзелю ўвесь Слонім ператварыўся ў адну святочную пляцоўку, дзе кожны мог знайсці сабе занятак адпаведна ўзросту і пажаданням. Спартсмены і балельшчыкі апанавалі стадыён, дзе адны спаборніцтвы змянялі другія; тыя, хто любіць нешта рабіць рукамі – незлічоныя рады і палаткі горада майстроў, дзе можна было не толькі набыць арыгінальны сувенір, але і паглядзець-павучыцца, як ён робіцца. 

Дзеці цягнулі бацькоў у гарадскі парк на атракцыёны і за прысмакамі. Нехта смакаваў збіцень і медавуху, нехта прымяраў даспехі рыцараў, нехта пазіраваў мастаку, нехта пускаўся ў скокі перад шматлікімі сцэнічнымі пляцоўкамі, што раскінуліся па ўсім горадзе. Было весела, цікава, прыгожа, смачна. Многія прыйшлі-прыехалі ў беларускім нацыянальным адзенні і ў вышымайках, тут і там гучала беларуская мова.

Адметна, што сімвалам свята арганізатары абралі васілёк, які красаваўся не толькі на сукенках і лацканах пінжакоў, але і ўпрыгожваў нават балконы дамоў.

IMG_2575.jpg

Без сумнення: свята ўдалося на славу! Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме прайшоў грандыёзна і разам з тым цёпла і душэўна – такім і павінна быць свята, што яднае нацыю.


Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик, Елена Ярошевич