Кароў на ферме «Смілгі» пасуць круглыя суткі
      11:03 / 27.08.2019
      
        			          
    
  Працяглыя дажджы нарэшце адпаілі сасмяглую зямлю: атава на вачах пацягнулася ўгору. Пярэстыя рагулі непадалёк ад смілгоўскай фермы ў дзень майго прыезду з апетытам шчыпалі траву.
  
Смак пастухоўскага хлеба не па чутках ведае Андрэй Дарашкевіч, які апошнія дзесяць гадоў кожнае лета мяняе звыклую работу – зімой мужчына на кані развозіць кармы – на рамантыку поля.
  
Пастух Андрэй Дарашкевіч
– Дойны статак МТФ «Смілгі» складае 167 кароў, якіх па чарзе пасвім з двума напарнікамі, – расказвае пастух. – Кароў на дойку на ферму ганяем два разы на дзень: а палове сёмай раніцы і ў шэсць гадзін вечара.
Цікаўлюся ў пастуха надоямі.
– Нараканняў ад даярак няма – значыць, нармальна ідзём. Не мной прыдумана, што малако ў каровы на языку. Каб з вясны такія травы былі, як зараз, дык заліліся б малаком!
Да размовы далучаецца Эдуард Юркойць, які прывёз на пашу ваду:
– Надоі залежаць ад наяўнасці на пашы трох кампанентаў: траў, вады і солі. Калі спякота стаяла, дык каровы нават жуйку не хацелі жаваць: збіваліся ў кучу ля паілкі і адно ваду пілі. Я на пашу ваду прывожу разы чатыры на дзень, у Ліпнішкі часцей, але там і дойны статак большы – 215 галоў.
  
 Эдуард Юркойць прывозіць ваду на пашу
З веданнем справы мужчына разважае:
– Калі карова сытая, тады і малако будзе. Не дае рагуля 25-30 літраў у дзень – трэба выбракоўваць. Усюды гаспадарскі падыход патрэбен, тады і толк будзе, – сказаў механізатар на развітанне і павёз ваду рагулям.
Відаць, на малочна-таварнай ферме «Смілгі» працуюць гаспадарлівыя людзі: за 7 месяцаў тут надаілі 436 тон малака, а гэта на 21 тону больш, чым летась.
 
  
								 
								![ТВой Островец - ТВОИ НОВОСТИ [Выпуск 518] ТВой Островец - ТВОИ НОВОСТИ [Выпуск 518]](/cache/upload/iblock/fe1/a1bu8wgcms918gvspqaoijzvi6r3uq4c/tv_518-225x150.jpg)