Необычное увлечение помогает Юрию Граблевскому справляться с тяжелой болезнью

10:51 / 16.08.2019
1153
…Неба, глыбокае і бяздоннае, падсвечвала чырванню пацямнеўшую сінь на захадзе. Дзе-нідзе ўжо загарэліся зоркі, з якімі пераміргваліся агеньчыкі ляцеўшага ўдалячынь самалёта.

Жанчына палюбавалася вечаровай красой і закрыла варотцы. Яшчэ крыху пастаяла на панадворку, прыслухоўваючыся да цішыні, што разлівалася ў цёп­лым духмяным паветры летняга вечара, і вярнулася ў дом. 

У хаце таксама было ціха – але гэтая цішыня, у адрозненне ад вулічнай, трывожыла Людмілу. Яна ціхенька прыадчыніла дзверы ў пакой мужа – і з палёгкай уздыхнула: Юра засяроджана працаваў над новай карцінай, схему якой нядаўна прыслала дачка. 

Люда ўключыла святло і нетаропка прайшлася па пакоях. Іх сцены былі густа ўпрыгожаны рэпрадукцыямі сусветных шэ­дэў­раў, намаляваных яе Юрам: цэлая галерэя з 35 работ. Ства­рэнне карцін па нумарах – апошняе сур’ёзнае захапленне мужа. Яшчэ больш дзясятка раздораны дзецям, родным, сябрам. Схемы іх клапатліва падбірала яна, Людміла. Ёй хацелася, каб гэта былі копіі работ вядомых мастакоў. У гэтым выпадку праца над імі ўскладнялася – але і вынік прыносіў больш радасці: карціны атрымліваліся выразныя, яркія, напоўненыя радасцю жыцця, нябачнай сілай, якую яны выпраменьвалі.

0.jpg



Люда прайшла на кухню, прысела і задумалася. Калі ўсё гэта пачалося? Дзе вытокі той хваробы, якая сёння стала сур’ёзным выпрабаваннем для іх сям’і? Мо­жа, у першыя гады іх сямейнага жыцця, калі ў Юры выявілі прыроджаны парок сэрца і ўратаваць яго магла толькі аперацыя? На шчасце, тады яшчэ быў знакаміты доктар Амосаў са сваёй клінікай: шчаслівы выпадак дапамог ім уладкаваць Юру на аперацыю. Яна прайшла паспяхова: муж па­правіўся і вярнуўся на працу. Але 28 гадоў, аддадзеных калгаснаму будаўніцтву, не прайшлі бясхмарна…

Люда глянула на гадзіннік і схамянулася: час вячэраць! Яна зварыла кашу, заварыла гарбату і занесла мужу – той падзякаваў і прадоўжыў засяроджана працаваць. Люда не стала яму перашкаджаць. Самой есці не хацелася, але гарбата вярнула яе ў лагодны настрой. Успомнілася іх знаёмства, першыя спатканні, прызнанне ў каханні.

…Яны абое вучыліся ў Астравецкай школе, але ён, высокі шыракаплечы старшакласнік, не звяртаў увагі на нейкую там малечу з коскамі… Ды аднойчы ў дзень нараджэння сваёй стрыечнай сястры Марыі ўгледзеў за сталом яе сяброўку – прыгожую цёмнавалосую дзяўчыну. Яе голас і смех, стройная постаць зачаравалі хлопца. Неўзабаве яны сталі патрэбнымі і дарагімі адзін аднаму – настолькі, што вось ужо сорак тры гады разам у радасці і ў смутку.

4.jpg



…Голас мужа вярнуў Люду да рэальнасці. Яна аднесла Юру лекі: ён сам апрацоўваў свае раны, мераў ціск, рассцілаў і засцілаў ложак, займаўся гігіенічнымі працэдурамі. Нават ноччу, калі боль бязлітасна крышыў і ламаў яго цела, шкадаваў будзіць жонку: стараўся і да болю прыстасавацца, дамовіцца з ім…

Люда ўдзячна мужу за гэты клопат, імкненне не перакладваць на яе свой боль. Удзячная яна за дапамогу і сваім суседзям, бацьку і сыну Івану і Паўліку Кучэўскім, якія, калі бяда прыйшла ў сям’ю Граблеўскіх, усё ў іх доме прыстасавалі да свабоднага праезду з пакоя ў пакой інваліднай каляскі. Яны і сям’я былога Юрынага калегі Віктара Смелякова заўсёды дапамагалі Людміле ў клопатах вясковага жыцця, пра якія яна не дбала, пакуль быў здаровы Юра, – і якія ператварыліся ў амаль невырашальную праблему, калі хвароба стала выпрабаваннем: разараць бульбу, пакасіць панадворак – як з гэтым справіцца жанчыне? Але свет не без добрых людзей… Нават варнянскія вадзіцелі-«дальнабойшчыкі», выязджаючы за мяжу, памятаюць пра бясконцы пякучы боль Юрыя Граблеўскага – і прывозяць яму ле­кі, якія немагчыма купіць у Бе­ларусі.

Калі ўрачы ў адзін голас прамовілі прысуд «ампутацыя», ёй здавалася, што неба абрынулася. Колькі адплакала – ведае толькі яна… 

Аперацыю Юра вытрымаў, нягледзячы на слабае сэрца. І калі Люда праўдамі і няпраўдамі пра­рвалася ў рэанімацыю, каб падтрымаць мужа, ён, расплюшчыўшы вочы, усміхнуўся і ледзь чутна пра­шаптаў: «Ну што, цяпер ты не будзеш плакаць? Усё ж добра!» Люда, трымаючы яго за руку, дрыжачым голасам запэўніла: «Не, Юрачка, не буду…» І трымае слова! Яна не плача, а змагаецца разам з ім. І ўдзячна лю­дзям, якія дапамагаюць у гэтай барацьбе.


Напэўна, за доўгія гады сумеснага жыцця людзі, якія кахаюць адно аднаго, не заўважаюць, як прарастаюць адзін у адным: калі баліць аднаму – разрываецца сэрца ў другога, радасна тваёй палавінцы – светла і шчасліва і табе.

…Юра зняў акуляры і ліхтарык, які прымайстраваў на ілбе,  – патрэбна дадатковае асвятленне, каб працаваць з дробнымі дэталямі карціны, адлажыў сваю работу, паставіў пэндзлік у шклянку з вадой. На сёння досыць! Заўтра ён завершыць тое, што не закончыў сёння, – а цяпер задача-максімум выканана: ветразь, які ён зрабіў на тон святлейшым, чым прапаноўвалі майстры, што распрацоўвалі схему, напоўніўся ветрам сілы і надзеі і дапамог забыць пра боль.

Ён глянуў на свае рукі: дужыя, умелыя, яны ніколі не падводзілі! А вось ногі… Так хочацца ўстаць, прайсціся па роднай хаце, па вуліцы… Але гэта толькі мара. 

А рукі – малайцы! Яны і тады, як даводзілася распрацоўваць будаўнічыя праекты і выконваць складанейшыя чарцяжы – ён гэта любіў і ўмеў рабіць! – былі яго памочнікамі. Калі вучыўся ў Гродзенскім палітэхнікуме на факультэце «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва», некаторыя выкладчыкі не верылі, што Граблеўскі сам робіць чарцяжы – надта ж дасканалыя яны былі! Але Юра змог даказаць сваё аўтарства, заслужыўшы павагу выкладчыкаў і выдатныя адзнакі. 

Увогуле чарчэнне і гісторыя былі яго самымі любімымі прадметамі ў школе. Ён хацеў быць, як маці, настаўнікам. Пасля школы падаўся ў педінстытут у Гродна: гісторыю здаў добра, а сачыненне праваліў. Вярнуўся дахаты, не ведаючы, куды сябе падзець. Нейкі час жыў у дзядзькі ў Полацку, захапіўся хакеем, нават выступаў на першынстве Беларусі. Але зразумеў: мужчына павінен мець сур’ёзную прафесію. Вярнуўся ў Астравец і пайшоў працаваць у міжкалгасную будаўнічую арга­нізацыю. 

Працаваў і вучыўся, набіраўся вопыту – і прайшоў па лесвіцы будаўнічай кар’еры ад памочніка майстра адзінай на той час астравецкай будаўнічай арганізацыі да галоўнага інжынера-будаўніка ў калгасе імя Чапаева, пазней – СВК «Варняны». Амаль 30 гадоў будаўнічага стажу – ці ж гэта жарты?! 

Пачынаў пры Уладзіміру Пострашу, працягваў з Мар’янам Шагуном і Уладзіславам Руком. Практычна ўсё, што пабудавана ў Варнянах у той час, узведзена пры яго непасрэдным удзеле. Калгасныя будаўнікі пад кіраўніцтвам Граблеўскага пабудавалі цэх па перапрацоўцы мяса, пілараму, хімцэнтр, збожжасушылкі, май­стэрні ў Чыжоўшчызне. 

Асаблівы яго гонар – рэстаў­рацыя старадаўніх будынкаў млына і вежы-альтанкі, якія і зараз з’яўляюцца візітнай карткай Варнян. А развадны мосцік да вострава з вежай, які прыдумаў і зрабіў Граблеўскі? Аналагаў яму, кажуць, няма ў Беларусі. Шкада толькі, што зараз усе гэтыя ўнікальныя збудаванні прыхо­дзяць у заняпад – і за змарнаваную працу сваіх рук таксама баліць хворае сэрца Юрыя. 

Тады, у савецкія часы, у летнія месяцы ў калгасе працавала больш як 50 будаўнікоў. Сваіх людзей не хапала – запрашалі так званых «шабашнікаў»: брыгада ўкраінцаў узводзіла дамы, касцёл пад клуб перараблялі яўрэйскія будаўнікі, блокі рабілі азербайджанцы, асфальт – армяне. У распараджэнні калгасных будаўнікоў было два пад’ёмныя краны, трактары, бетонамяшалкі, аўтамабілі-тралы – гаспадарка немалая.

У суседніх Гервятах ён праек­таваў і дапамагаў рабіць добра­ўпарадкаванне прыкасцёльнай плошчы. Юрый любіць узгадваць час працы ў суседзяў – галоўным чынам за сустрэчы і размовы са светлай памяці ксяндзом Леанідам Несцюком. З ім можна было паразважаць на філасофскія тэмы, параіцца аб надзённым, пажартаваць: разумны анекдот любілі і святар, і калгасны будаўнік. 

З-за вялікай занятасці свой дом адбудоўваўся марудна. Люда часам дакарала мужа, што той мала дапамагае ёй па гаспадарцы, але Юра заўсёды ўмеў дасціпным жартам ці добрым словам раз­гладзіць хмарку непаразумення, калі такая раптам узнікала на небасхіле, – і караблік іх сямейнага жыцця плыў далей. Юрый упэўнены: у тым, што ён не толькі не патануў, а нават у сур’ёзны шторм ніколі не трапіў, – заслуга найперш яго мудрай, добрай, працавітай, любячай жонкі. 

Людміла і цяпер  круціцца як вавёрка ў коле: усе хатнія справы – на ёй. Вечарам сама сабе не верыць, што столькі ўсяго за дзень перароблена. Ды ёй не прывыкаць – заўсёды была на людзях: то ў школе дзеці за ёй бегалі па пятах, то як у дырэктара кінатэатра была процьма абавязкаў. Асабліва клопатнай была пасада сакратара Варнянскага сельвыканкама, а найбольшае задавальненне Людміла атрымлівала ад работы ў сельскай бібліятэцы. Яна любіла арганізоўваць сустрэчы з цікавымі людзьмі, абмяркоўваць кніжныя навінкі. Сама перачытала шмат цікавых кніг – і далучыла да гэтага занятку Юру. 

І выхаванне дзяцей было матчыным клопатам: Юра выходзіў з хаты ў шэсць гадзін раніцы, а вяртаўся часта познім вечарам. Але дзяўчаты выраслі дастойнымі людзьмі. Надзея выбрала бацькаву справу: яна – галоўны спецыяліст вытворча-тэхнічнага аддзела кіравання будаўніцтвам Амурскай ЦЭС. А старэйшая Алёна пайшла па шляху бабулі: яна – педагог, працуе ў Мінску. Часта прывозіць да бабулі з дзедам унучку, і дні, калі шасцігадовая Вуллянка гасцюе ў Варнянах – самыя шчаслівыя для Граблеўскіх: малая «чамучка» сваімі бясконцымі пытаннямі нават свайго разумнага і дасціпнага дзеда, які ніколі не страчвае пачуцця гумару, прымушае чухаць патыліцу.

Менавіта Людміла і дзеці натхнілі Юрыя на новы занятак, які цалкам яго захапіў і дапамагае забыць пра боль. Работа над копіямі карцін вялікіх мастакоў дазваляе дакрануцца да высокага мастацтва, а галоўнае – адчуць тую патаемную, нябачную звычайнаму гледачу сілу, якія яны нясуць у сабе. 

Яго карціны радуюць не толькі са­міх Граблеўскіх і іх дзяцей, але і ўсіх, хто пераступае парог іх дома: родных, сяброў, суседзяў, калег. Адзінаццаць работ ён ужо раздарыў, гаворачы: «Калі лю­дзям падабаецца – хай радуюц­ца». 

…Юра спрытна – навучыўся за час змагання з хваробай! – пра­ехаў на калясцы па пакоях, за­зірнуў у кухню: Люда, як звычай­на, ся­дзела за камп’ютарам, выбіраючы для мужа новыя работы.

– Як табе вось гэтая карціна? – азірнулася яна, пачуўшы ці адчуўшы, што Юра тут, побач. – Яркія, насычаныя фарбы. І які глыбокі сэнс: яна, здаецца, выпраменьвае прагу жыцця і тое, што ніколі, ні ў якім разе нельга страчваць надзею! Будзем заказваць? 

– Абавязкова! – пагадзіўся Юрый, паглядзеўшы на карціну. – Будзем! 


Ад аўтара

Героі гэтага расповеду – людзі не выдуманыя: гэта мае суседзі, Юрый Мечыслававіч і Людміла Уладзіміраўна Граблеўскія, з якімі нашу сям’ю на ўсё жыццё звязалі нябачныя нітачкі лёсу. У маладосці мы з Людмілай, тады яшчэ Галоўчыц, пачыналі працаваць у старым будынку Варнянскай сярэдняй школы: я – настаўніцай, яна – піянерважатай. Некалькі гадоў жылі разам на кватэры. Мы са сваім будучым мужам былі шаферамі на іх вяселлі – а праз некалькі месяцаў Граблеўскія гулялі на нашым. Спачатку яны жылі ў Астраўцы, а потым Юрыя запрасілі кіраваць будаўнічай брыгадай калгаса імя Чапаева – і мы зноў сталі жыць побач у Варнянах на Інтэрнацкай вуліцы. 

Мы працавалі, гадавалі дзяцей – і абавязкова забягалі адзін да аднаго на каву пагаварыць «за жыццё». І сёння хочацца пажадаць сваім працавітым, сціплым, шчырым сябрам і суседзям моцы духу і неўміручай надзеі! 

Людміла КУХАРЭВІЧ


Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений