О чем писала районная газета в 1945 году

10:09 / 01.02.2020
У артыкуле «Прывітанне з 45-га», надрукаваным у «Астравецкай праўдзе» 28 ліпеня, мы, прааналізаваўшы першыя пасляваенныя выпускі «Сталінскай праўды», паабяцалі расказаць, пра якія мясцовыя навіны і падзеі пісала газета. Паспрабуем разам падыхаць паветрам тых часоў і, чытаючы не толькі газетныя радкі, але і тое, што схавана паміж імі, адчуць, чым жыў раён 75 гадоў таму.

Водгукі кананады

На захадзе яшчэ грымела кананада – і водгукі яе былі чуваць на старонках газеты ў зводках Саўінформбюро і паведамленнях пра галоўныя палітычныя падзеі краіны – яны займалі большую частку дзвюх газетных старонак фармату А4.  Найбольш радасным з іх можна лічыць надрукаваны 13 мая ў №32 Акт аб безумоўнай капітуляцыі Германіі: ад вайны стаміліся ўсе! У тым жа нумары надрукаваны ўказ аб аб’яўленні 9 мая Днём Перамогі.

Але не толькі паведамленні ТАСС расказвалі аб ваенных па­дзеях. У № 27 за 22 красавіка надрукавана заметка «Только Красная Армия спасла мне жизнь», у якой жыхар вёскі Бабраўнікі Свіла расказвае пра зверствы фашыстаў у першыя дні вайны. 

«В 1941 году после оккупации немецкое гестапо схватило меня и еще более ста человек мирных жителей и посадили под стражу в м. Ворняны. Немецкие палачи избивали меня резиновой трубкой, пытали раскаленным железом. Избиениям и пыткам подвергались заключенные, подозреваемые в сочувствии советской власти.» (Тут и далей – мова і асаблівасці правапісу арыгіналу – Н.Р.) Далей Свіла расказвае, як на вачах зняволеных былі расстраляны жыхары Гервяцкага сельсавета Гейба Казімір Андрэевіч і Сыс Людвіг. У заметцы паведамляецца, што толькі ў Рымдзюнах было расстраляна 14 чалавек, а ў Швяйлянскім сельсавеце – 5. Зняволеных, у тым ліку і Свілу, адправілі ў віленскую турму, дзе яны і знаходзіліся да прыходу Чырвонай Арміі. «Только продвижение Красной Армии спасло мою жизнь и теперь я смог вернуться в свою родную деревню», – сцвярджае Свіла. 

1.jpg



Па-рознаму можна адносіцца да стылю гэтай заметкі – зразумела, што пісаў яе не вясковец, а «палітычна падкаваны» партыец. Тым не менш, прозвішчы людзей і назвы населеных пунктаў, што ў ёй прыведзены, дазваляюць  меркаваць, што факты, пра якія ідзе размова, як сказалі б сёння, «мелі месца быць».

Як зямлю абсемянялі

Але найперш пісала газета пра мірнае жыццё, якое прыйшло на вызваленую Астравеччыну. 

Найбольш увагі надавалася справам сельскагаспадарчым. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што ў тагачасным Астравецкім раёне тады была 8 591 адна­асоб­ная гаспадарка, у валоданні якіх знаходзілася 52 805 гектараў зямлі, і толькі тры калгасы – імя Сталіна Астравецкага, імя Молатава Гервяцкага і імя Варашыла Варнянскага сельсаветаў, якія аб’ядноўвалі 63 гаспадаркі і займалі 687 гектараў.  

У «Сталінскай праўдзе» №24 ад 10 лютага паведамляецца аб прайшоўшым у раёне з’ездзе сялян (трэба думаць, не толькі калгаснікаў, бо іх бы на цэлы з’езд, нават раённага маштабу, у раёне не набралася).

Галоўная задача, якая на ім абмяркоўвалася, – веснавая сяўба.

У тым жа нумары за подпісам дырэктара МТС Жука (пісалі заметкі, канешне ж, самі супра­цоўнікі рэдакцыі, спосаб здабычы інфармацыі у некаторых з іх так і пазначаны – «Па тэлефоне») паведамляецца: што «Тракторы вышли в поле». Сёння найбольшую цікавасць уяў­ляюць факты аб тым, што «тракторист Волуевич Иван, работая в колхозе имени Сталина Островецкого сельсовета, с 4 по 8 марта вспахал 15 гектаров земли. Волуевич Леонард, работая на газогенераторном тракторе в колхозе «Молотова» Гервятского сельсовета, вспахал за это время 8 гектар». 

Узнікае пытанне: адкуль у раёне вясной 1945 года ўзяліся механізатары – ды яшчэ, мяркуючы па прозвішчах, мясцовыя? Адказ знаходзім у №37 за 31 мая ў заметцы Алейнікава «К новым трудовым победам, трактористы-выпускники»: «В январе месяце при Островецкой МТС были организованы курсы по подготовке специалистов тракторного дела – трактористов. На курсах до дня выпуска занималось 13 человек. … Курсанты слушали лекции по тракторному делу, которые читал старший механик МТС Олейников, лекции по агрономии читал главный агроном Островецкого Райзо тов. Матвеев; лекции на политические темы (А куда ж трактористам без них?! – Н.Р.) работник РК КП9(б)Б тов. Гудыно Валентина. Из выпущенных курсантов 8 человек сдали экзамены на отлично. Среди них женщины патриотки советской родины. Каятовская Леня Адамовна, Грабовский Иван Фомич, Катинель Иосиф Игнатьевич – вот курсанты отличники. …» 

2.jpg



Пра пачатак веснавой сяўбы паведамляе старшыня Міха­лішскага сельсавета Шпі­ронак: ён расказвае, што сяляне на хутары Турлы і ў вёсцы Падваранцы прыступілі да ворыва, баранавання і пасеву сердарэлы. Пытанне «на засыпку» – хто ведае, што гэта такое?

Дарэчы, пра тагачасную экзотыку: у нумары газеты ад 6 красавіка пад рубрыкай «Парады агранома» расказваецца, як садзіць бульбу вярхушкамі клубняў. Што ж, голад не цётка, і многім даводзілася выбіраць: пасадзіць бульбу і чакаць, калі яна вырасце, – ці зараз накарміць сям’ю, а яшчэ лепш – як зрабіць і тое, і другое.

Але найбольшую цікавасць у людзей, думаецца, выклікалі заметкі пра падзел зямлі: яна для сялян была галоўнай каштоўнасцю. Так, у №28 за 26 красавіка нехта Сільвестраў у заметцы «Крестьяне получают землю» паведамляе, што «С огромным патриотическим подъемом и большой радостью крестьяне Гервятского сельсовета получают в свое пользование землю бывших помещиков. В деревне Ольгиняны в течении двух часов было роздано крестьянам 35 гектар помещичьей земли. За 6 дней по сельсовету наделено землей 40 крестьянских хозяйств, которым роздано 140 гектаров земли бывших помещичьих угодий». 

Вынікі веснавой сяўбы былі падведзены на раённай нарадзе сельскага актыву, пра якую паведамляецца ў раённай газеце №43 ад 23 чэрвеня (праўда, не гаворыцца, калі яна прайшла). З дакладам на ёй выступіў старшыня Выканкама Раённага Савета дэпутатаў працоўных тав. Пермякоў (заўважце, як тады называўся орган дзяржаўнай улады). У дакладзе тав. Пермякова адзначалася, што 181 беззямельная гаспадарка атрымала 860 гектараў зямлі, паміж 426 малазямельнымі было раздзелена 836 гектараў, 240 слабыя гаспадаркі атрымалі пазыку насеннем у 540 пудоў. А яшчэ, што «в районе имеется 2179 безлошадных хозяйств. Но благодаря хорошо обеспеченному руководству со стороны сельских советов  и Районного Совета всем безлошадным хозяйствам оказана помощь и вся их земля обсеменена».

Як аказвалася дапамога такім гаспадаркам, чытаем у заметцы Хасіневіча, старшага агранома МТС «О работе конно-прокатного пункта» у №36 за 27 мая. «Конно-прокатный пункт Островецкой МТС насчитывает 5 лошадей. … За время весенне-полевых работ конно-прокатный пункт оказал помощь 16 крестьянским безлошадным хозяйствам, которым вспахано 15 гектаров, забороновано 25 гектаров и вывезено 125 тон навоза. Из этого видно, что конно-прокатный пункт работает не с полной нагрузкой. …» Цікава, што старшы аграном МТС крытыкуе сваю ж арганізацыю – з’ява па сённяшнім часе, можна сказаць, унікальная.

Мяняем грыбы на запалкі і соль

Пра тое, як жылося жыхарам Атравеччыны ў першы пасляваенны год, таксама можна знайсці інфармацыю на старонках газеты. 

Так, у №61 за 5 верасня, акрамя перадавіцы «Окончить хлебосдачу к 17 сентября», змешчана Пастанова Савета Народных Камісараў Беларускай ССР «О запрещении торговли хлебом до выполнения плана хлебозаготовок», якая патрабуе «Воспретить колхозам, колхозникам и единоличным крестьянским хозяйствам всех областей Белорусской ССР продажу и обмен зерна, муки и печного хлеба впредь до выполнения ими плана сдачи хлеба государству». Пакаранне за невыкананне гэтай пастановы абяцала быць строгім: старшынь калгасаў і іншых службовых асоб адразу аддавалі пад суд, калгаснікаў і адзіналічнікаў на першы раз штрафавалі ў памеры да 300 рублёў, злоўленыя ў другі раз таксама ішлі пад суд.

Пісала газета пра адраджэнне гаспадаркі. Так, у №41 за 16 чэрвеня ужо згаданы вышэй Сільвестраў (як высветлілася з заметкі «Изба-читальня без заведующего», змешчанай у тым жа нумары газеты, – старшыня Гервяцкага сельсавета) змясціў заметку «Крестьяне отстраивают свои дома», у якой, прывёўшы напачатку вялікую цытату з прамовы Сталіна, паведамляе, што «…крестьяне м. Геряты, воодушевленные речью вождя, с еще большей энергией отстраивают свое местечко. Они уже построили 6 домов, в которые уже вселились и живут. Оканчивается строительство еще 12 домов. На строительных работах они работают сообща, помогая один другому. …» 

IMG_5351.jpg



Канешне, тон большасці пуб­лі­кацый быў пазітыўны: я не знайшла ў газеце ні радка пра бандытаў, што ў першы пасляваенны год яшчэ адчувалі сябе гаспадарамі на гэтай тэрыторыі, а савецкія актывісты кожную ноч вымушаны былі начаваць у іншым месцы, каб не трапіць ім на прыцэл; пра голад, неўраджаі і іншыя праблемы таго часу.

Хоць справядлівасці дзеля трэба заўважыць, што з’яўляліся ў «Сталінскай праўдзе» і крытычныя матэрыялы. Так, у №34 за 20 мая у заметцы з красамоўнай назвай «Когда в столовой будет порядок?» В. Ігнатава піша, што ў раённай сталоўцы не хапае абедаў. Але гэта не адзіная бяда: «Ко всему этому, в столовой грязно и неуютно. С потолка течет вода и нередко попадает в тарелку». З заметкі вынікае, што ў тагачасным Астраўцы былі як мінімум дзве сталовыя, бо далей В. Ігнатава (трэба думаць, нехта з партактыву?) з веданнем справы піша: «Не лучше положение и в столовой партактива. Количество обедов почему-то стало уменьшаться, а качество их оставляет желать много лучшего». 

Пісала пасляваенная «Сталін­ская праўда», як і сённяшнія журналісты, пра падрыхтоўку да святкавання першай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашыскіх захопнікаў, пра ахову лясоў ад пажараў, пра экзамены ў школах, пра адпачынак дзяцей ў піянерскіх лагерах, пра падрыхтоўку да новага навучальнага года – дарэчы, у адным з нумароў знайшла спасылку на пастанову Савета Народных Камісараў СССР, якая дазваляла пераносіць пачатак навучальнага года ў школах сельскай мясцовасці для вучняў 5-9 класаў на 1 кастрычніка. Гэтая мера была вымушанай: Вера Аляксандраўна Багачова, якая працавала ў Быстрыцкай школе ў пасляваенныя гады, расказвала, што ў гарачую для вяскоўцаў пару бацькі проста не адпускалі дзяцей у школу: трэба было дапамагаць па гаспадарцы.  

Знайшла я ў тагачаснай «Ста­лінскай праўдзе» нават першую рэкламную аб’яву – не ўпэўнена, праўда, што яна была платнай: раённая нарыхтоўчая кантора паведамляла аб нарыхтоўках грыбоў, ягад, лекавых раслін, скур жывёл… А ўзамен прадавала соль, цукар, запалкі, газу, мыла, баваўняную тканіну і лепшых нават абяцала прэміраваць.  З гэтай аб’явы лепш, чым з любой заметкі, відаць, што ў той час у насельніцтва было ў асаблівым дэфіцыце.

На жаль, немагчыма, расказаць усё, пра што пісала пасляваенная раённая газета, – хоць і вельмі хочацца. Але абяцаем, што вандроўку па старонках «Сталінскай праўды» мы прадоўжым.

Текст: Нина Рыбик