На фінішнай прамой жніва – КСУП «Міхалішкі»
Напачатку тыдня наш карэспандэнт пабываў на страчанскіх нівах, дзе міхалішкаўскія хлебаробы заканчвалі ўбіраць ячмень.
– Пра ўраджайнасць збожжавых пакуль рана меркаваць: нават на адным участку ў розных месцах зерне сыплецца па-рознаму, – разважае дырэктар КСУП «Міхалішкі» Аляксей Паўлоўскі. – Рапс, пад які сёлета ў гаспадарцы было адведзена 400 гектараў, даў на круг 18 цэнтнераў – не рэкордны, канешне, ураджай, але лепшы за леташні. У мінулым годзе ўраджайнасць крыжакветкавага была толькі 11 цэнтнераў з гектара. Збожжа сёлета таксама лепш урадзіла: сыплецца пад 25 цэнтнераў.
На ўборцы новага ўраджаю ў КСУП «Міхалішкі» задзейнічаны восем камбайнаў, якія ў сярэднім за дзень абмалочваюць крыху больш за 100 гектараў, ці 4 % ад агульнай плошчы.
– Маглі б, канешне, і больш, – працягвае Аляксей Міхайлавіч. – Але страчанскія нівы, дзе зараз заканчваюць убіраць ячмень, ні ў якое параўнанне не ідуць з міхалішкаўскімі: пагорак на пагорку, контурнасць палёў самая дробная ў раёне. Ды і ўраджайнасць спондаўскіх палеткаў ніжэйшая за сярэднюю па гаспадарцы: усяго 16 цэнтнераў з гектара.
Шаснаццаты сезон запар на жніве працуе камбайнер Іван Юшчык, восем гадоў – на камбайне КЗС-1218.
– Самі бачыце, які ячмянёк маленькі. Цяжка яго захапіць жаткай і зрэзаць, – гаворыць хлебароб. – А вось азімая пшаніца вырасла на радасць – адно задавальненне было яе ўбіраць.
Адзін з самых вопытных камбайнераў гаспадаркі Іван Юшчык
Сяргей Аноп працуе на камбайне Астравецкай сельгастэхнікі
Для памочніка камбайнера Сяргея Грынкевіча сёлетняе жніво – першае
Збожжавы клін гаспадаркі сёлета складае амаль 2 800 гектараў, з якіх 1 818 гектараў ужо абмалочаны. Не толькі рапс, але і пшаніцу, якая на круг дала 31,6 цэнтнера, хлебаробы ўжо цалкам зжалі.
Аператар зернесушыльнага комплекса Сяргей Рукойць разам з напарнікамі ўжо перасушылі 3 000 тон збожжа
Станіслаў Мілашэвіч сёлета стаў прызёрам жніўнага спаборніцтва
Трэці год на жніве разам працуюць бацька і сын Валерый і Антон Дзенюшы. У дзень майго прыезду да жаданай тысячы тон камбайнерам не хапала некалькі дзясяткаў тон збожжа. Цікаўлюся ў хлебароў, якую культуру яны любяць найбольш.
– Канешне, пшаніцу! – з усмешкай гаворыць Валерый Феліксавіч. – Яна добра сыплецца.
Валерый Дзенюш неаднойчы першым у гаспадарцы намалочваў тысячу тон збожжа
– А я рапс, – прызнаецца Антон. – Гэта найбольш эканамічна выгадная сельскагаспадарчая культура. Нездарма яго чорным золатам называюць.
Трэці год разам з бацькам на жніве працуе Антон Дзенюш
Па ўсім бачна, што вучоба на агранамічным факультэце Навагрудскага аграрнага каледжа для Антона не прайшла дарэмна.– Я не памыліўся з выбарам прафесіі, – працягвае памочнік камбайнера. – Хоць на ўборцы даводзіцца працаваць да позняга вечара, але мне гэта падабаецца. Агранамія – дакладна маё!
Другі год у КСУП «Міхалішкі» памочнікам брыгадзіра раслінаводчага ўчастка № 2 працуе Алег Кавалевіч.
– Мая адпрацоўка ў гаспадарцы ўжо скончылася, але кантракт працягнуў яшчэ на месяц. Ну не кінеш жа справу падчас уборкі, – гаворыць аграном. – Думаў, што за два гады ўжо вывучыў усе землі, але моцна памыляўся.
На адвозе збожжа не першы год працуе Станіслаў Бернюкевіч.
– Каб ураджай атрымаць, у зямлю трэба ўгнаенне даць, – па-філасофску жартуе вадзіцель. – У гаспадарцы працую з 1985 года. На гэтым МАЗе збожжа важу дзясяты сезон.
Станіслаў Бернюкевіч адвозіць збожжа з поля на зернесушылку
Зярняты новага ўраджаю з поля трапляюць на зернесушылкі.
Вадзіцель Гроднарайаграсэрвісу Валерый Варона дапамагае міхалішкаўцам на ўборцы
– Зараз вільготнасць збожжа, якое прывозяць на наш комплекс, – каля 20 %, – расказвае загадчыца зернесушыльнага комплекса «ЛідАрай» Ірына Серакова. – Сушылка працуе круглыя суткі. За змену да патрэбнай кандыцыі даводзім да 250 тон збожжа. Надвор’е не падвяло б, тыдзень – і мы ўбралі б увесь ураджай.
Загадчыца зернесушыльнага комплекса Ірына Серакова правярае вільготнасць збожжа