Па-сямейнаму ўтульна адзначыла Альхоўка свята
Фестываль сямейнай творчасці, майстар-класы па танцах, спартыўныя спаборніцтвы і многае іншае – з ранку да позняга вечара ў Альхоўцы адзначалі свята вёскі.
У гэты дзень альхоўцаў і гасцей вёскі чакала насычаная і разнастайная праграма. Артыстычныя сем’і прадэманстравалі таленты на фестывалі сямейнай творчасці. Падчас майстар-класа «Танцы роднай старонкі» добраахвотнікі з задорам развучвалі рухі ойры, кракавяка, каханачкі і падыспаня.
Знайшлі сабе занятак па душы і аматары спорту: асілкі спаборнічалі ў падыманні гіры і армрэстлінгу, самыя трапныя – у дартсе; шашысты і шахматысты варушылі звілінамі, прадумваючы хады, а прыхільнікі каманднай гульні сустрэліся пад валейбольнай сеткай. Усе пераможцы спаборніцтваў атрымалі прызы.
Не засталіся без увагі маленькія госці свята – іх забаўлялі роставыя лялькі і вясёлыя клоўны, запрашалі паскакаць ды пагойдацца розныя атракцыёны, а ў гандлёвых палатках можна было купіць прысмакаў.
Галоўным відовішчам стаў канцэрт, на якім спевакі і танцоры Астравеччыны парадавалі гледачоў яркімі нумарамі.
Таццяна СЯНКЕВІЧ