Нужны ли бани в Островце и за какие деньги?

15:43 / 26.07.2019

Адзін вясковы жыхар неяк заўважыў, што раней конь быў асноўным памочнікам і кармільцам селяніна, а цяпер ён – забаўка для багатых. Прыкладна тое ж можна сказаць і пра лазню: раней туды хадзілі з адзінай мэтай – памыцца, цяпер жа, калі не толькі ў кожнай кватэры, але і ў прыватных дамах ёсць халодная і гарачая вада, санітарнае прызначэнне лазні адышло на другі план, а на першы – выйшаў прыемны і карысны адпачынак. Сёння паход у лазню з сябрамі – хутчэй наведванне клуба па інтарэсах, чым падтрыманне асабістай гігіены. Нават жарт адпаведны з’явіўся: “Пайду ў лазню – заадно і памыюся”.

1377c83562.jpg

Тым не менш, не ўсё так адназначна. У горадзе і ў вёсцы і зараз ёсць людзі, у якіх няма асабістай лазні, якія не ў стане – няма сродкаў ці магчымасці -- правесці ў хату ваду і ўстанавіць ванну ці душавую кабіну, і грамадская лазня для іх па-ранейшаму – адзіная магчымасць нармальна, а не ў карыце ці тазіку, памыцца. Іх не вельмі многа, яны, як правіла, пажылога ўзросту ці адносяцца да малазабяспечаных грамадзян, таму не ў стане заплаціць значную суму за білет – для іх кожная капейка дарагая. Іх, паўтаруся, не вельмі шмат – адпаведна, невялікая загрузка грамадскіх лазняў не можа забяспечыць іх самаакупнасці. А гэта азначае, што прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, на балансе якога яны знаходзяцца, ад утрымання лазняў нясе немалыя страты і таму глядзіць на іх, як на нелюбімае бесталковае дзіця, якое, колькі яму грошай ні дай, усё роўна на свае ногі не стане.

Каб не быць галаслоўнай, прывяду некалькі лічбаў і фактаў.

На балансе РУП ЖКГ сёння знаходзіцца пяць грамадскіх лазняў, тры з іх – у аграгарадках Гервяты, Падольцы, Кямелішкі.

Пятая, што ў Малях, здадзена ў арэнду прыватнаму прадпрымальніку – ён адкрыў там “Царскую лазню”. Мяркуючы па тым, што на гэтым тыдні ўсе дні там распісаны, яна карыстаецца попытам у аматараў рэлаксу. “Ці можна ў “Царскай лазні” не адпачыць у прыемнай кампаніі, а проста памыцца?” – пацікавілася я, патэлефанаваўшы па ўказаным у рэкламе нумары. Аказваецца, можна – але толькі ў тым выпадку, калі лазня на гэты дзень не будзе замоўлена. Памыцца аднаму чалавеку на працягу адной гадзіны будзе каштаваць 10 рублёў. Цяжка сказаць, як часта наведваюць “Царскую лазню” вяскоўцы не “царскай крыві” – але добра ўжо тое, што такая магчымасць у іх ёсць і што будынак не стаіць закінуты, а прыносіць хоць некаму карысць.

Астравец адносіцца да тых гарадоў-шчасліўчыкаў, дзе не адна, а дзве грамадскія лазні. Праўда, адкрытая ў лістападзе мінулага года ў ФАКу, якой прысвоена першая катэгорыя, пакуль толькі набірае абароты і напрацоўвае кліенцкую базу. Максімальная колькасць наведвальнікаў тут была ў сакавіку – без малога тысяча чалавек. Кошт паслугі – шэсць з паловай рублёў за паўтары гадзіны задавальнення. Але камфорт і ўмовы, хай прабачаць мяне аматары старой гарадской лазні, непараўнальныя: у раздзявалцы гучыць музыка; можна паплаваць у басейне – не агульным, а спецыяльным, лазневым; апранаючыся, пасушыць валасы, а калі вельмі хочацца, то нават зрабіць прычоску ў прафесійнага цырульніка. Не так даўно тут нават з’явіліся спецыяльныя лазневыя СПА-праграмы. Ёсць у ФАКу і некалькі саўн для аматараў фінскай лазні. Так што тыя, для каго лазня – найперш здаровы лад жыцця, адпачынак і рэлакс, а памыцца можна і пад душам, ужо ацанілі, а калі не, то, думаю, у хуткім часе ацэняць усе перавагі новай астравецкай лазні.

З тых лазняў, якімі апякуецца РУП ЖКГ, найбольш запатрабаваная гарадская, якая працуе кожны тыдзень па суботах і нядзелях, – яе наведаюць у сярэднім ад 500 да 900 чалавек у месяц, загрузка складае адпаведна 18-32%. Лазні ў Кямелішках і Падольцах працуюць па пятніцах і суботах: адзін дзень – “жаночы”, другі – “мужчынскі”, а ў Гервятах – толькі два разы на месяц. У апошнім аграгарадку самая нізкая запатрабаванасць лазневых працэдур. Калі ў Кямелішках у гэтым годзе ў лазні мылася ад 38 да 60 чалавек у месяц, у Падольцах – 21-27 , то ў Гервятах у студзені грамадскую лазню наведала 12 чалавек, а ў чэрвені – “ажно” 5!

Раней памыцца ў грамадскай лазні каштавала ад 5 рублёў у вёсцы да 6,50 у Астраўцы. Цяпер жа цана ў горадзе і вёсках аднолькавая – 4 рублі, таму што паслугі лазняў агульнага карыстання пастановай Савета Міністраў і рашэннем Гродзенскага аблвыканкама ўнесены ў пералік сацыяльна-значных.

Але тое, што плацяць людзі за магчымасць памыцца, не ідзе ні ў якое параўнанне з сабекоштам гэтай паслугі! Калі ў гарадской лазні ён у два, а ў асобныя месяцы -- чатыры разы вышэй кошту квітка, то ў сельскіх – і называць страшна… У Кямелішках сабекошт адной памыўкі ў маі склаў амаль 48 рублёў, у Падольцах у сакавіку – амаль 105 рублёў, а ўсе рэкорды пабілі ў Гервятах, дзе сабекошт адной памыўкі ў чэрвені “выскачыў” ажно ў 725(!) рублёў. Адпаведна, страты ад работы лазняў у 2018 годзе у РУП ЖКГ склалі 72,63 тысячы рублёў, сёлета за першыя шэсць месяцаў – ужо амаль 60 тысяч рублёў.

Пастанова Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь і прынятае на яго падставе рашэнне Гродзенскага аблвыканкама дазваляюць частку страт ад дзейнасці лазняў агульнага карыстання, што знаходзяцца ў населеных пунктах, пералік якіх зацверджаны аблвыканкамам (лазні Астраўца, за выключэннем ФАКаўскай, і тыя, што знаходзяцца ў агарагарадках, акрамя здадзенай у арэнду) часткова кампенсаваць за кошт. Магчыма, калі такое рашэнне, калі яно будзе прынята, дазволіць захаваць паслугі лазняў і, як абяцала кіраўніцтва РУП ЖКГ, што звярнулася ў райвыканкам з такім хадайніцтвам, запланаваць сродкі на іх бягучы рамонт, набыццё новага абсталявання і інвентару.

Асобная размова – прыватныя лазні. Мне ніхто не здолеў назваць дакладную лічбу, колькі іх у раёне, але адно не паддаецца сумненню: менавіта ў іх, у каго старэнькіх, яшчэ дзедаўскіх, а дзе – суперсучасных міні-палацах, і адбываецца асноўная колькасць, кажучы мовай афіцыйных справаздач, “чалавека-памывак”. І сабекошт іх, упэўнена, не такі, як у Гервятах і нават у Астраўцы: пара абярэмкаў дроў, з дзясятак-другі вёдраў вады – і ўся сям’я, ды яшчэ і родзічы-сябры-суседзі на цэлы тыдзень – чыстыя і шчаслівыя.

Дык, можа, грамадская лазня і ўвогуле непатрэбная, можа, гэта перажытак мінуўшчыны? Жывуць жа ў краінах Заходняй Еўропы без лазняў – і нічога, каростай не зараслі…

Гэта мы паспрабавалі высветліць у жыхароў горада і раёна ў відэа- і газетных апытаннях, а таксама ананімным апытанні на сайце. Вынікі яго даволі парадаксальныя: найбольшую і амаль роўную колькасць галасоў набралі варыянты “Мне дастаткова ваннай” -- 11, “Рэгулярна наведваю астравецкую лазню”, “Дзе на вёсцы грамадскую лазню знойдзеш?” - па 10. Калі ж суміраваць падобныя варыянты адказаў, то за лазню выказаліся 44% прыняўшых удзел у апытанні, 39% лічаць, што без яе можна абысціся, а 17 % і рады б папарыцца, ды няма дзе.

І ўсё ж хочацца спадзявацца, што “саламонава рашэнне” мясцовай ўлады аб частковай кампенсацыі страт ад дзейнасці грамадскіх лазняў дазволіць іх захаваць і яны застануцца даступнымі большасці людзей, для каго ні душ, ні ванная не заменяць лёгкай пары. І пры гэтым яна будзе сапраўды лёгкай, а не ляжа непад’ёмным цяжарам на плечы тых, хто яе рыхтуе.

Эдуард СВІРЫД, супрацоўнік РУП БелАЭС:

– У Міхалішках у мяне свой дом і лазня – яна, вядома, па-за канкурэнцыяй: для мяне няма нічога больш прыемнага, чым пасля працоўнага тыдня прыехаць дахаты, папарыцца з сынамі, адпачыць…

Але ў Міхалішкі кожны тыдзень не паедзеш, а зімой – тым больш, таму я, як толькі перабраўся ў Астравец, стаў хадзіць у гарадскую грамадскую лазню. Нічога дрэннага пра яе сказаць не магу – але, як ў лістападзе мінулага года адкрылася лазня ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе, змяніў “прапіску”. Кожныя выхадныя, калі не еду ў Міхалішкі, іду ў ФАК. Мне там падабаецца: чыста, акуратна, утульна. Прасторныя раздзявалкі, мыечная зала, хапае кранаў – не трэба ў чарзе за вадой стаяць. Асаблівае задавальненне – цудоўны басейн. Адзіны мінус – непрадуманае архітэктурнае рашэнне: парылка цеснаватая. А ў астатнім, перакананы: хто наведаў лазню ў ФАКу – у старую гарадскую ўжо не вернецца.

Галіна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ, пенсіянерка, жыхарка Астраўца:

– Я даўні прыхільнік лазні, і менавіта старой гарадской: з ёй звязана ўсё маё жыццё ў Астраўцы. У нас сфарміраваўся, можна сказаць, клуб па інтарэсах: прыходзім у адзін час, парымся, мыемся, лячэбныя працэдуры праводзім, маскі накладваем…

Хатнія лазні я не люблю: там адна тэмпература і для парылкі, і для мыцця, мне гэта цяжка вытрымаць. А ў грамадскай лазні я магу зайсці ў парылку на 5-10 хвілін, адпачыць – і зноў вярнуцца.

Кажуць, а ФАКу добрая лазня -- але мы сваёй не здраджваем! Ды і кошт цяпер, дзякуй мясцовым уладам, знізілі да чатырох рублёў – усё ж для пенсіянераў кожны тыдзень заплаціць за лазню 6,50 было цяжкавата.

Люцыя ЛЯХ, старшыня Гервяцкага сельвыканкама:

– У Гервятах каля 70 прыватных лазняў – але і грамадская, лічу, вельмі патрэбна. Ні ў якім разе нельга яе зачыняць! Часта гавораць: маўляў, нерэнтабельна, не акупляецца. Але нерэнтабельная яна таму, што нядаўна зрабілі рамонт і затраты леглі на сабекошт – канешне, ён вырас! І не ўсё трэба вымяраць адной толькі рэнтабельнасцю. Тут людзі жывуць, і не ў кожнага ёсць свая лазня, не кожны можа ў хаце душ устанавіць – а ў людзей павінна быць магчымасць памыцца. Хопіць ужо, што спажыўкааперацыя ў пагоні за рэнтабельнасцю з колішніх 11 магазінаў на тэрыторыі сельсавета 2 пакінула, усе астатнія зачынены… А ў вёсках жа таксама людзі жывуць, не толькі ў гарадах, дзе хочаш у супермаркет ідзі, хочаш – у басейн.

Таму, нягледзячы на затраты, лічу, лазню ў Гервятах патрэбна захаваць. Тым больш, што там зараз працуе старанная энергічная Марына Шыманская – з цягам часу, упэўнена, наведвальнікаў стане больш і затраты знізяцца.

Текст: Нина Рыбик