Как выходила островецкая «районка» в 1945 году
15:18 / 02.02.2020
І нават першыя выпускі адноўленай у 1944 годзе пасля вызвалення Беларусі і Астраўца ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў раённай газеты «Сталінская праўда», органа Астравецкага РК КП(б)Б і райсавета дэпутатаў працоўных на той час ужо Маладзечанскай вобласці, мы не знайшлі – іх няма нават у Нацыянальнай бібліятэцы: там архіў Астравецкай раённай газеты пачынаецца з 1945 года. Прычым не з першага нумара, а з дзявятага, які выйшаў 9 лютага. Гэты ж нумар выдання з нарастаючым, які звычайна пішацца побач у дужках, пазначаны як 39, – значыць, у 1944 годзе і пачатку 1945 года было выпушчана – і беззваротна страчана?! – 30 нумароў газеты. Шкада…
Ды і падшыўка за 1945 год няпоўная: у ёй адсутнічае 17 нумароў, прычым некаторыя – цэлымі серыямі, як да прыкладу, нумары з 71 па 78. І заканчваецца падшыўка за 1945 год нумарам 84 (114) ад 3 снежня. А падшыўка за 1946 год пачынаецца з №1 (125) – выходзіць, напрыканцы года ў галоўны архіў краіны не трапіла яшчэ 11 нумароў «Сталінскай праўды».
Сёння можна толькі здагадвацца, чаму: ці то адказныя да адпраўку газет у галоўную бібліятэку краіны былі, прабачце за таўталогію, не вельмі адказнымі, а кантроль за гэтым, не ў прыклад сённяшняму, – не самым пільным; ці надрукавалі нешта не тое – хоць сумніўна, што ў сямі нумарах запар; ці якія іншыя прычыны заважалі.
Усё ж трэба памятаць, што на захадзе яшчэ грымела вайна, на вызваленых тэрыторыях ішло аднаўленне, а на самой справе – станаўленне савецкай улады, у лясах хаваліся ўзброеныя банды, якія трымалі ў страху мясцовае насельніцтва, якое да таго ж не вельмі добра ведала рускую мову, на якой выдавалася «Сталінская праўда». Словам, было мноства прычын, па якіх выданне раённай газеты было не самай галоўнай справай кіраўніцтва раёна.
І тым не менш яна выходзіла!
Кожны нумар – адзін аркушык фармату А4. Хоць здараліся выключэнні: да прыкладу, нумары 11-12 – два нічым не змацаваныя аркушы таго ж фармату. Для здвоенага нумара падзея была значная: чатыры старонкі цалкам прысвячаліся Крымскай канферэнцыі, больш вядомай нам як Ялцінская, падчас якой лідары трох дзяржаў-саюзніц Сталін, Рузвельт і Трумэн вырашалі лёс пасляваеннай Еўропы.
У першых пасляваенных газетах практычна не было ілюстрацый: на рэдкіх «фотаплямах» – партрэты Сталіна, плакаты-заклікі, фотаздымкі герояў вайны ці лепшых узбекскіх ці сібірскіх працаўнікоў. Клішэ якіх фотаздымкаў даслалі – тыя і ставілі. Па-іншаму ў той час і быць не магло: першыя друкарні ў вызваленых раёнах сяк-так аснасцілі касамі ручнога набору і прымітыўнымі друкавальнымі машынамі, іншым самым неабходным для выпуску газеты абсталяваннем – а больш складаная тэхніка, якая дазваляла рабіць фотаздымкі і рыхтаваць іх да друку ў газеце, па тым часе была раскошай. Ды і працаваць на ёй не было каму.
Газету падпісваў то адказны рэдактар (трэба меркаваць, што пасада кіраўніка рэдакцыі ў тыя гады называлася менавіта так) М.І. Гарбаценка (звестак пра яго, на жаль, таксама не здалося адшукаць), то яго намеснік М.С. Беркутаў.
Праз нейкі час Мікалай Сяргеевіч Беркутаў стаў рэдактарам газеты. Дзякуючы Адаму Мальдзісу, які са школьных гадоў быў з ім знаёмы і захаваў таварыскія адносіны на ўсё жыццё, вядома, што Мікалай Сяргеевіч – былы партызан, якога, як і многіх іншых яго баявых таварышаў, пасля вызвалення Астраўца ад немцаў пакінулі тут для аднаўлення народнай гаспадаркі, у дадзеным выпадку – раённай газеты. Нарадзіўся ён 20 жніўня 1922 года ў вёсцы Гурэц Чашніцкага раёна. Калі на пасадзе рэдактара газеты яго змянілі маладзейшыя «спецыяльна навучаныя» кадры, працаваў дырэктарам школ у Лепелі і Крупках. Пазней пра ўдзел у партызанскай барацьбе напісаў кнігу «Ой, бярозы ды сосны…», некалькі артыкулаў. 6 кастрычніка 1991 года Мікалай Сяргеевіч Беркутаў памёр. Пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.
Адрас рэдакцыі пазначаны як Ленінская, 69 – па ўспамінах Галіны Бунчук, якая ў 1951 годзе прыйшла на работу ў друкарню наборшчыцай ручнога набору, будынак стаяў на месцы дома №11 каля сённяшняй пракуратуры. У выхадных дадзеных пазначаны нават нумар тэлефона – 14. Значыць, тэлефонная сувязь у той час ужо была – ажыццяўляла яе «барышня» на камутатары.
А вось тыраж газеты ў першых нумарах не ўказаны – звесткі пра колькасць аддрукаваных экзэмпляраў упершыню з’явіліся толькі ў нумары 22 за 31 сакавіка – 1 000 экзэмпляраў.
І, хоць на кожным нумары пазначана цана – 15 капеек, наўрад ці газету нехта выпісваў ці купляў за свае грошы – яе бясплатна дастаўлялі ў дзяржаўныя ўстановы, школы, хаты-чытальні, ды і насельніцтву.
Пра гэта ўскосна сведчыць адна з першых крытычных заметак «Чаму няма газет?» (назва перакладзена з рускай мовы – Н.Р.), надрукаваная ў 1945 годзе за подпісам Н. (Мікалай Беркутаў?), дзе аўтар абураецца, што ў школы Рымдзюнскага сельсавета нерэгулярна паступаюць газеты. А яшчэ Віталій Лянкевіч, успамінаючы свайго дзеда Рафала, які ў той час працаваў паштальёнам, расказваў, як той, прыносячы «свежую прэсу» вяскоўцам, папярэджваў: «Гэта вам газеты на сёння і на тыдзень наперад». Цяпер гэта ўспрымаецца як жарт – але ў пасляваенныя гады так і было: папера патрэбна была ў кожнай сялянскай хаце, а чытаць, ды яшчэ па-руску, мала хто ўмеў.
Большая частка змешчанай на старонках «Сталінскай праўды» ўзору 1945 года інфармацыі – паведамленні ТАСС, пастановы ЦК КПСС і іншая афіцыйная інфармацыі. Яна займала 80-90% газетнай плошчы, а ў некаторых выпусках ім была прысвечана ўся газета. Ішла вайна, і ў кожным нумары друкаваліся зводкі Саўінфармбюро.
Але і мясцовыя навіны «прасочваліся» на старонкі раённай газеты. Якія? Пра што пісала «Сталінская праўда» ў 1945-м і наступных гадах?
Пра гэта мы раскажам у наступных публікацыях.
(Працяг будзе)