У Гудагаі ўшанавалі Маці Божую Шкаплерную

12:31 / 16.07.2019
1792

На свеце ёсць месцы, дзе прысутнасць Бога адчуваецца кожнай клетачкай цела і фібрай душы; дзе крылы вырастаюць за спінай; дзе ўся існасць за некалькі хвілін напаўняецца невымоўнай гармоніяй, якая не выпускае са сваіх абдымкаў на працягу некалькіх дзён… Адно з іх – касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў мястэчку Гудагай, дзе знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай.

Сёлета на шкаплерную ўрачыстасць, якая па традыцыі працягваецца два дні, прыпала некалькі юбілейных дат: 255-годдзе высвячэння парафіяльнага касцёла, 10-годдзе аднаўлення крыжовай дарогі – Кальварыі, 5-годдзе надання храму статусу санктуарыя – прызнанне яго асабліва намоленым святым месцам і 30-годдзе абвяшчэння першага ў гісторыі Беларусі біскупа.

2019-07-14-gudagaj-night-046.jpg

Вяртанне да вытокаў

З раніцы суботы неба зацягнуў тугі гарсэт свінцовых аблокаў. Але ў Гудагаі падчас вячэрняй святочнай імшы, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, было сонечна. Моладзь, сямейныя пары з дзеткамі, людзі старэйшага ўзросту, пілігрымы з Маладзечна і Нарачы прыехалі і прыйшлі ў Гудагай, каб пакланіцца Маці Божай.

8.jpg


7.jpg

4.jpg

13.jpg

14.jpg

15.jpg

– Марыя – не толькі Маці Божая, але і прыклад самаадданасці і сапраўднай веры для кожнага з нас, – адзначыў іерарх. – Сёння чалавеку цяжка прыняць адказнасць за іншага чалавека. Ён дбае больш пра сябе. На самой справе, сям’я – гэта ўменне выракацца сябе дзеля любімага чалавека.

1.jpg

Кульмінацыяй першага дня ўрачыстасці стала Кальварыя – крыжовая дарога даўжынёй у тры з паловай кіламетры. Гудагайскі шлях – унікальны: шаснаццаць стацый – на дзве больш, чым звычайна, – раскіданы сярод жытнёвых палёў і лясоў.

2019-07-13-gudagaj2-006.jpg

2.jpg

Дзесяць гадоў таму падчас рэкалекцый для моладзі, якія сабралі больш за сотню юнакоў і дзяўчат, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў васямнаццаць крыжоў, якія сталі стацыямі гудагайскай кальварыі.

Сёлета сотні вернікаў ішлі дарогай Хрыста – неслі свой крыж і пакідалі на гэтым нялёгкім шляху свае грахі: пыху, зайздрасць, дрэнныя думкі. У канцы вірлівага жывога ланцужка ішлі святары, якія не проста спавядалі, а слухалі, раілі і дапамагалі вызваліцца з абдымкаў грахоў.

5.jpg

6.jpg

3.jpg

11.jpg

Гудагайская кальварыя… Колькі малітваў, колькі падзяк і просьбаў адбылося падчас крыжовай дарогі – дарогі ачышчэння, дарогі прабачэння і адпушчэння грахоў.

9.jpg

10.jpg

Адзін з самых кранальных і прыгожых момантаў фэсту – урачыстая працэсія, калі агеньчыкі запаленых свечак асвятляюць дарогу перад цудадзейнай Маці Божай.

2019-07-13-gudagaj-night-005.jpg

Гудагайскі храм навечна запісаны ў гісторыю Касцёла: менавіта тут трыццаць гадоў таму было абвешчана аб прызначэнні першага пасля Другой сусветнай вайны біскупа – Тадэвуша Кандрусевіча.

У гэты дзень сам іерарх узначаліў цэнтральную імшу шкаплерных урачыстасцей у мястэчку.

– Шкаплер складаецца з двух злучаных паміж сабой кавалкаў палатна, якія носяцца на грудзях – гэта вельмі сімвалічна – сказаў арцыбіскуп. – Вораг можа нападаць не толькі спераду, але і зздаду. Праз заступніцтва Марыі адбыўся цуд: знявечаны атэізмам Касцёл на Беларусі адрадзіўся.

12.jpg

У шчырай прамове намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла адзначыў плён супрацоўніцтва свецкіх і духоўных уладаў на карысць чалавека, а таксама павіншаваў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і ўсіх вернікаў з важнай для кожнага каталіка датай.

2019-07-14-2019-07-014-Gudagay-69.jpg

16.jpg

Доўгая дарога дадому

Старажылы мястэчка і навакольных вёсак расказваюць, што ў ваколіцах Гудагая мясцовыя неаднойчы бачылі выяву Маці Божай на дрэўцы.

Наконт з’яўлення ў храме цудадзейнага абраза Маці Божай Гудагайскай існуюць дзве легенды. Паводле адной з іх, пустэльнік знайшоў абраз у гудагайскіх лясах і прынёс яго ў леснічоўку. Чуткі пра цудадзейную выяву Марыі хутка распаўзліся па наваколлі – і ў леснічоўку з просьбамі і малітвамі да нябеснай заступніцы пацягнуліся людзі…

Другая версія з’яўлення цудадзейнага абраза ў гудагайскім храме падаецца больш праўдзівай. Пасля трагічнай смерці мужа пані Людвіка Войнава з роду Сулістроўскіх вырашыла ўвекавечыць памяць пра каханага, пабудаваўшы касцёл. Калі жанчына даведалася пра цудадзейны абраз – ён ужо належаў гаспадарам Гудагая панам Развадоўскім. Пасля працяглых таргоў пані Людвіга ўсё ж купіла яго… На папялішчы спаленай шведамі ў 1656 годзе капліцы жанчына загадала пабудаваць драўляны касцёл.

18 студзеня 1764 года абылося ўрачыстае высвячэнне новага храма, які па тэстаменце разам з цудадзейным абразам Маці Божай Войнава перадала айцам кармелітам босым.

Некаторыя гісторыкі лічаць, што культ Маці Божай Гудагайскай быў шырока распаўсюджаны ўжо ў ХVI стагоддзі, таму ў 1763 годзе тут і быў пабудаваны кляштар кармелітаў. На жаль, пасля паўстання Тадэвуша Касцюшкі царскія ўлады скасавалі касцёл і кляштар. Цудадзейны абраз айцы кармеліты паспелі перадаць у ашмянскі парафіяльны касцёл.

Калі гудагайскі касцёл дазволілі адкрыць, як філіял касцёла ў Солах, парафіянам аддалі толькі копію абраза. Арыгінал вярнуўся ў сцены гудагайскага храма праз 75 гадоў з дня яго ўнясення – толькі 2 жніўня 1907 года.

З гэтага часу слава пра цудадзейную Маці Божую Гудагайскую зноў пачала распаўсюджвацца. Прафесар Мар’ян Маралоўскі пісаў: “Гэта, верагодна, найстарэйшы ацалелы рэлігійны абраз нашых зямель, гісторыя якога, напэўна, пачынаецца з XV стагоддзя”.

Езуіт Алёйза Фрыдрых у сваёй кнізе “Гісторыя цудоўных абразоў Найсвяцейшай Марыі Панны ў Польшчы”, выдадзенай ў Кракаве ў 1911 годзе, апісваў 31 такі абраз – у тым ліку і гудагайскі.

Перад пачаткам вайны тагачасны пробашч парафіі Пётр Сенкевіч разам з адданымі парафіянамі зрабілі нікеліевую скрыначку, куды паклалі копію абраза – і закапалі, а саму цудадзейную выяву Маці Божай надзейна схавалі.

Кармеліты вярнуліся ў мястэчка толькі ў 1990 годзе. Да айцоў Бярнарда Радзіка і Браніслава Таркі звярнулася двое парафіян: маўляў, у алтары знаходзіцца копія абраза, а арыгінал схаваны паміж падвойнымі сценамі табернакулюма бочнага алтара – ксёндз Пётр Сенкевіч пайшоў на такую хітрасць, каб Маці Божая Гудагайская ніколі не пакідала свой дом. Калі кармеліты адарвалі дошкі – не маглі паверыць сваім вачам… Так Маці Божая Гудагайская вярнулася на галоўны алтар.

Намаганнямі кусташа санктуарыя айца Казіміра Мараўскага і іншых кармелітаў былі адноўлены кароны да цудатворнага абраза, якія 18 кастрычніка 2003 года асвяціў святы Ян Павел ІІ. А 15 ліпеня 2007 года кардынал Казімір Свёнтак падчас шкаплерных урачыстасцей каранаваў абраз папскімі каронамі.

…Штогод сотні людзей з розных куточкаў Беларусі і замежжа едуць, ідуць у Гудагай, каб сказаць Маці Божай сакральнае, набалелае, вымучанае. А айцы кармеліты старанна занатоўваюць кожнае сведчанне аздараўлення і атрыманых ласк.

 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич и Виктор Ведень (catholic.by)
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений