Урачыстасці ў гудагайскім санктуарыі сёлета пройдуць 13-14 ліпеня (ПРАГРАМА)
Урачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай пройдуць сёлета ў мястэчку Гудагай 13–14 ліпеня. Айцы кармеліты босыя шчыра запрашаюць паўдзельнічаць ва ўрачыстасцях.
Нездарма гудагайскі касцёл лічыцца санктуарыем – асабліва намоленным месцам: Маці Божая Гудагайская творыць цуды, аздараўляе людзей. А ўнікальная крыжовая дарога, даўжынёй тры з паловай кіламетры, вядзе праз збожжавыя палі і лясныя пагоркі.
Адметнасць фэсту ў тым, што сёлета прыпадае дзясятая гадавіна асвячэння гудагайскай кальварыі, 255-годдзе асвячэння касцёла і пяць гадоў з часу атрымання ім статуса санктуарыя.
ПРАГРАМА ЎРАЧЫСТАСЦЯЎ
13 ліпеня, субота
18.00 – святая імша, якую ўзначаліць дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Заканчэнне Навэнны да Маці Божай.
20.00 – крыжовая дарога.
23.15 – нешпары пра Найсвяцейшую Панну Марыю з разважаннем.
14 ліпеня, нядзеля
0.00 – марыйная працэсія са свечкамі. Святая імша, якую адправіць дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Начное чуванне і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.
8.30 – гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі.
9.30 – святая імша на польскай мове, якую ўзначаліць ксёндз-канонік Юзаф Багдзевіч.
11.00 – вяночак да Божай Міласэрнасці.
12.00 — урачыстая адпустовая святая імша, якую адправіць мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.