Святочныя мерапрыемствы ў Астраўцы пачаліся з тэатралізаванага шэсця
Святочныя ўрачыстасці, прымеркаваныя да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 75-й гадавіны вызвалення нашай краіны і Астраўца ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у Астраўцы пачаліся з тэатралізаванага шэсця. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі райвыканкама, прадпрыемстваў і арганізацый раёна, сілавых структур і грамадскіх аб’яднанняў.
Удзельнікі ўрачыстасці далучыліся да рэспубліканскай акцыі «Беларусь помніць» і пранеслі партрэты ветэранаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны па вуліцах Ленінскай і Карла Маркса да помніка савецкім воінам і партызанам, дзе памяць усіх загінулых ушанавалі хвілінай маўчання. А на мемарыяльную пліту кветкі ўсклалі ўдзячныя нашчадкі.
Тут жа прайшоў парад сельскагаспадарчай і ваеннай тэхнікі. Дарэчы, з характарыстыкамі аўтамабіляў і трактараў можна было пазнаёміцца не толькі падчас іх праезду, але і на працягу дня нават сесці за руль, чым ужо і скарысталіся многія астраўчане.