3 ліпеня 1944 года быў вызвалены Астравец
Трэцяга ліпеня – асаблівая дата не толькі для Беларусі, але і для Астраўца ў прыватнасці: 75 гадоў таму яны былі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Астраўчане і госці горада падзяліліся думкамі, што для іх значыць Дзень Незалежнасці.
Галіна Ровіна, пенсіянерка:
– Дні Перамогі і Незалежнасці дарагія мне ўспамінам пра дзядулю Карла Тамашэвіча. Я была маленькая, калі яго не стала, але ў маёй памяці назаўсёды засталіся яго дабрыня і спагада. Мы, нашчадкі ветэранаў, вязняў канцлагераў і тых, хто ў тыле набліжаў Вялікую Перамогу, нават уявіць не можам, праз якое пекла ім давялося прайсці і што перажыць, каб мы жылі ў незалежнай прыгожай мірнай краіне.
Ірына Антановіч з дачкой Віялетай
Віялета:
– Беларусь 3 ліпеня адзначае Дзень Незалежнасці, а наш горад, можна сказаць, –другі дзень нараджэння. Дзякуючы людзям, якія вызвалялі Астравец 75 гадоў таму, мы жывём у цудоўным горадзе, маем магчымасць вучыцца, сустракацца з сябрамі.
Ірына:
– Мая маці нарадзілася ў 1931 годзе. Мой дзядуля, яе тата, быў сувязным у партызан. Неяк ён прастудзіўся і моцна захварэў, дык мая мама, зусім дзяўчо, не пабаялася замест яго данесці ў кошыку з суніцамі некалькі мін ажно да Маладзечна.
Дзень Незалежнасці – нагода для ўсіх нас задумацца пра тое, які подзвіг здзейснілі нашы продкі, і зрабіць усё магчымае, каб вайна больш ніколі не паўтарылася.
Крысціна Біцкевіч, пенсіянерка:
– Дзень Незалежнасці – вялікае свята для кожнага беларуса. Хоць з кожным годам усё менш становіцца ветэранаў і сведкаў тых далёкіх крывавых падзей – памяць пра іх жыве і будзе жыць вечна. Людзі цікавяцца гісторыяй свайго роду, аднаўляюць з дапамогай архіваў звесткі пра загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны сваякоў, едуць за тысячы кіламетраў, каб пакланіцца іх магіле…
Калі я працавала на заводзе “Радыёдэталь”, мы ўсім калектывам хадзілі на ўрачыстыя мітынгі на 9 Мая і Дзень Незалежнасці. Ведаю, што гэтая добрая традыцыя ёсць у многіх раённых арганізацыях і на прадпрыемствах.