Аршын зямлі ўратаваў жыццё Дзмітрыю Смаляку
10:07 / 02.07.2019
«Любіце людзей!» – наказваў дзецям Дзмітрый Смаляк. Хоць, як расказваюць родныя Дзмітрыя Смаляка, ён не любіў у пасляваенныя гады ісці ў агульнай калоне франтавікоў. Асабліва калі даведаўся, што не ўсе ветэраны, якія надзявалі ў гэты дзень святочныя пінжакі з юбілейнымі ўзнагародамі, – сапраўдныя франтавікі. У некаторых прыналежнасць да ветэранаў вайны пацвярджала толькі адпаведнае пасведчанне, а сапраўднай вайны яны не бачылі, пораху не нюхалі, у атаку пад прыцэлам з аднаго боку фашыстаў, а з другога – заградатрадаў не падымаліся, сяброў не хавалі і асколкаў у сабе не насілі…
Дзмітрый Смаляк усё гэта зведаў па поўніцы. У 1940-м яго, аршанскага хлопца, які толькі што скончыў педагагічнае вучылішча, прызвалі ў Чырвоную армію.
А затым грымнула вайна… З першых дзён чырвонаармеец Смаляк ваяваў на Волхаўскім фронце. У 1942-м яго адправілі на паскораныя курсы пяхотнага вучылішча ў Архангельск – і ўжо праз паўгода новаспечаны лейтэнант камандаваў узводам на тым жа Волхаўскім фронце.
А што значыць быць камандзірам узвода пяхоты на фронце? Гэта толькі ў кіно салдаты, як адзін, з крыкамі «За Радзіму! За Сталіна!» кідаюцца ў атаку – і, як правіла, пасля бою застаюцца жывымі. А на самой справе ўсе яны, і бязвусыя нецалаваныя хлопчыкі, і сталыя бацькі сямействаў, хацелі аднаго: выжыць у гэтай мясарубцы. І падняць іх у атаку, якая для некага – гэта разумелі ўсе – магла стаць апошняй, павінен быў узводны. Як? Як заўгодна – але падняць! Найперш, вядома ж, уласным прыкладам. І калі камандзіру ўзвода ўдавалася пратрымацца непараненым некалькі тыдняў – лічы, пашанцавала.
Пра гэта Дзмітрый Харытонавіч у хвіліны шчырасці расказваў зяцю Уладзіміру Пахомчыку – як мужчына мужчыну. Дачушак і жонку Ніну Якаўлеўну шкадаваў: не для далікатнага жаночага сэрца ўсе гэтыя жахі вайны, хай лепш пра прыгажосць дбаюць.
Дзмітрый Смаляк з жонкай Нінай і дачкой Ліліяй
З дачкой Людмілай
Першае раненне Смаляк атрымаў у 1943 годзе – у нагу. Падлячыўся ў шпіталі – і зноў на фронт. Лёгкія раненні ў разлік не ішлі: перавязалі ў медсанбаце – і наперад! А ў сакавіку 1944-га яго сур’ёзна параніла ў правую руку. Выратаваць яе не ўдалося – ампутавалі. І вярнуўся Дзмітрый Смаляк дахаты з пустым рукавом – але жывы! І гэта было найвялікшым шчасцем, падарункам лёсу.
А ў 1945-м годзе яго, камуніста – у партыю Смаляк уступіў на фронце, у 1943 годзе, – накіравалі ў нядаўна вызвалены ад немцаў Астравецкі раён аднаўляць савецкую ўладу. Незадоўга да таго бандыты, якімі кішэлі мясцовыя лясы, забілі першага старшыню Дравяніцкага сельсавета Якушчонка – на гэтае месца і накіравалі Смаляка.
– Бацька быў вельмі добрым, спагадлівым чалавекам – расказвае дачка Дзмітрыя Харытонавіча Тамара Пахомчык. – Нават сёння, калі прыязджаем у дравяніцкую зону ў грыбы і пры нагодзе скажам мясцовым жыхарам, чые мы дзеці, то нам гатовы душу аддаць! Хоць ужо столькі гадоў, як таты няма, і яшчэ больш – як ён пакінуў Дравянікі.
Дачка ветэрана Тамара Пахомчык з мужам
Яго дабрыня і чалавечнасць, лічаць дзеці, уратавалі яму жыццё ў той неспакойны час. Калі дзялілі панскую зямлю паміж малазямельнымі сялянамі, Смаляк не лічыў за грэх накінуць аршын-другі каму з бяднейшых ці шматдзетных вяскоўцаў. Людзі цанілі гэта – і хавалі старшыню ад бандытаў. Двойчы запар у адной хаце ён ніколі не начаваў, а здаралася, што за ноч некалькі разоў мяняў месца «дыслакацыі»: людзі падказвалі, дзе і калі станавілася «горача». На пасляваеннай Астравеччыне было не менш, а мо, і больш небяспечна, чым на фронце: там вораг быў адзін, і ты ведаў, дзе ён, а тут – паўсюль і нябачны.
Тады ж, у трывожныя пасляваенныя часы, сустрэў на Астравеччыне Дзмітрый Смаляк свой лёс: Ніну прыслалі з Віцебшчыны настаўніцай у Расольскую школу. У першыя пасляваенныя выбары 1946 года яна была сакратаром выбарчай камісіі, а ён, як старшыня сельсавета, арганізатарам гэтай палітычнай кампаніі.
У 1946 годзе яны пажаніліся, а ў 1948-м пераехалі ў Астравец, дзе Дзмітрый Харытонавіч працаваў спачатку намеснікам упраўляючага маслапромам, а затым – інструктарам райкама партыі.
Але ў 1957 годзе давялося ім вярнуцца ў мясціны сваёй трывожнай маладосці: падчас руху 30-тысячнікаў, калі найбольш свядомых камуністаў адпраўлялі ўзначальваць калгасы, Смаляка накіравалі старшынёй у калгас «Чырвоная зара». І толькі ў 1961 годзе пасля таго, як у яго адкрылася язва страўніка, дазволілі пакінуць гэтую клопатную пасаду.
Ён працаваў у Астраўцы старшынёй сельскага спажыўтаварыства, узначальваў гарпассавет, быў дырэктарам камбіната бытавога абслугоўвання, а ў апошнія перад пенсіяй гады – начальнікам камбіната камунальных прадпрыемстваў.
– У таты не было рукі – але мама жыла за ім, як прынцэса, – расказвае Тамара Дзмітрыеўна. – Мы заўсёды трымалі гаспадарку, і догляд за ёй быў выключна бацькавым клопатам. Ён адной рукой спрытна замешваў парасятам, насіў вёдры ў хлеў, а калі нехта імкнуўся дапамагчы, прасіў: «Не перашкаджай». Нас са старэйшай сястрой Людай любіў бязмерна, а ўнучак – яшчэ больш: летам дзеці не паспеюць прачнуцца – а шклянка першых сунічак ужо стаіць каля ложка – тата раным-раненька падняўся, каб малых пачаставаць. Мама, здаралася, нешта нам забараняла, а ён заўсёды ўсё дазваляў. Вельмі марыў пра ўнукаў, хацеў, каб хлопчыкі нарадзіліся – яго працяг. А ў нас сястрой тры дзяўчынкі. Затое зараз у дзеда ажно чатыры праўнукі – вось бы радаваўся ён, каб жыў! На жаль, не дачакаўся... Але і ўнукі, і праўнукі ведаюць пра свайго дзеда-прадзеда і ганарацца ім.
Дзмітрый Харытонавіч, калі адыходзіў з жыцця, папрасіў жонку пахрысціць дзяцей – у 1995 годзе гэта ўжо можна было зрабіць. І даў дзецям запавет: любіце людзей!
І яны сёння ідуць па жыцці з бацькавымі ўрокамі і наказам. А значыць, жыве і сам Дзмітрый Харытонавіч Смаляк.