Озвучены новые вопросы переписи населения

09:37 / 01.07.2019

Рэспубліка Беларусь строга прытрымліваецца прынцыпу перыядычнасці правядзення перапісу – раз у дзесяць гадоў, – які замацаваны заканадаўствам.

Кожны перапіс мае свае асаблівасці, якія тычацца не толькі метадаў збору інфармацыі, але і пытанняў для насельніцтва.

У праграму перапісу насельніцтва 2019 года ўключаны як традыцыйныя пытанні: да прыкладу, год і месца нараджэння, грамадзянства і нацыянальнасць, склад сям’і і ўмовы пражывання, – так і новыя, сярод якіх планы па выездзе за мяжу або прычыны, па якіх чалавек не працуе па месцы жыхарства. Упершыню ўключаны пытанні аб атрыманні дадатковай адукацыі, планаванні нараджэння дзяцей і сельскагаспадарчай дзейнасці. Да слова, у Беларусі сельскагаспадарчы перапіс яшчэ не праводзіўся.

Момант падліку насельніцтва будзе ўстаноўлены па стане на 0 гадзін 4 кастрычніка. Збор персанальных дадзеных і падзей, якія адбыліся пасля моманту падліку насельніцтва, улічвацца не будуць. Так, перапісныя лісты не запаўняюцца на дзяцей, якія нарадзіліся пасля 4 кастрычніка, але запаўняюцца на асобаў, якія пасля гэтай даты памерлі.

Збірацца і апрацоўвацца дадзеныя перапісу будуць у аўтаматызаваным рэжыме. На пытанні можна адказваць на рускай або беларускай мове. Дакументы для ідэнтыфікацыі асобы перапісчыку паказваць не трэба.


НАГАДВАЕМ

4-30 кастрычніка – будуць працаваць стацыянарныя перапісныя участкі, якіх у Астравецкім раёне будзе два: у г. Астраўцы і аг. Міхалішкі.

4-18 кастрычніка – будзе праводзіцца інтэрнэт-перапіс.

21-30 кастрычніка – адбудзецца вуснае апытанне па месцы жыхарства насельніцтва.


КАГО ПЕРАПІШУЦЬ

Перапісу падлягаюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, іншаземцы і асобы без грамадзянства, якія:

пастаянна – год і больш – пражываюць на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку тыя, хто на дату перапісу часова знаходзіцца за мяжой;

часова – менш за год – жывуць на тэрыторыі Беларусі, у той час як іх пастаяннае месца жыхарства знаходзіцца за мяжой.

За тых, хто не зможа паўдзельнічаць у перапісе па прычыне знаходжання за мяжой, а таксама за непаўналетніх на пытанні мае права адказаць любы паўналетні член сям’і, апякун або папячыцель.

Текст: