На ўсе сто працуюць і адпачываюць у Беларусбанку
09:37 / 07.06.2019
І справа тут не толькі ў тым, што прафкам арганізоўвае мерапрыемствы, якія даўно сталі традыцыйнымі ў іншых арганізацыях раёна: святкаванне Новага года, Дня Перамогі, Дня маці або прафесійнага свята. Яны праводзяць іх ярка, весела і запамінальна – і дапаўняюць спіс агульных прафсаюзных спраў сваімі, унутрыкалектыўнымі, мерапрыемствамі.
– Калектыў наш малады і актыўны, а працоўныя будні банкаўскіх работнікаў не адрозніваюцца разнастайнасцю, – расказвае старшыня пярвічкі Алена Грамбоўская. – Таму мы стараемся як мага часцей праводзіць нешта цікавае. Канешне, часу малавата, але калі ёсць жаданне, то гэта не праблема.
…Яны разам збіраюць партфелі ў школу дзецям, удзельнічаюць у дабрачынных акцыях, дэманструюць калегам свае творчыя здольнасці ў розных конкурсах: спяваюць, малююць, выпякаюць пірагі і праводзяць майстар-класы…
Але найбольш падабаецца беларусбанкаўцам падарожнічаць, прычым не толькі па роднай краіне, але і за яе межамі. За мінулы год, які быў аб’яўлены Годам малой радзімы, дзе яны толькі ні былі! Асабліва запомніліся экскурсіі ў этнаграфічную вёску Дудуткі, музей Вялікай Айчыннай вайны і парк-музей інтэрактыўнай гісторыі Сула.
Члены прафкама актыўна ўдзельнічаюць у незвычайным праекце «Розная пятніца»: прыдумваюць тэму кожнага пятага працоўнага дня, яго колер і зараней рыхтуюць касцюмы. З самых масавых і незвычайных – зялёная пераможная пятніца, прысвечаная Дню Перамогі і 75-годдзю з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ваенная форма колеру хакі, тэматычныя фотазоны, жывыя кветкі, як падзяка загінулым воінам і партызанам, – фотаздымкі гэтага дня, як і настрой, выйшлі цудоўнымі!
Асаблівае для членаў прафсаюза астравецкага філіяла Беларусбанка мерапрыемства – Дзень маці. Яго нашы беларусбанкаўцы адзначаюць паездкамі на хакейныя матчы ў Мінск.
Ды і самі яны не лыкам шытыя: да прыкладу, спецыяліст астравецкага цэнтра банкаўскіх паслуг Юлія Сядліцкая неаднаразова скарала абласны і рэспубліканскі п’едэсталы ў першынствах па бегу.
…Прафкам цэнтра банкаўскіх паслуг № 417 «ААТ Беларусбанк» г. Астраўца на ўсе сто працэнтаў спраўляецца з задачай аб’яднання калектыву – яны, безумоўна, малайцы! Як і работнікі, якія адгукаюцца на іх прапановы, падтрымліваюць іх ідэі.
Лічба
53 супрацоўнікі ЦБП № 417 Беларусбанка з’яўляюцца членамі прафсаюза, што складае 100 % ад працуючых у калектыве.