Інфармацыйная група старшыні райвыканкама сустрэлася з калектывам СШ № 2

10:03 / 17.05.2019

Інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Ігара Шалудзіна сустрэлася з калектывам сярэдняй школы № 2. Падчас дня інфармавання разгледзелі пытанні, якія тычыліся ключавых аспектаў Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, шкоды курэння і бяспекі дзяцей падчас летніх канікулаў.

Ад Паслання да бяспекі дзяцей

З Пасланнем да народа і Нацыянальнага схода Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка звярнуўся 19 красавіка. У анлайн-рэжыме ці ў відэазапісе ў вячэрнім эфіры, слухалі і глядзелі яго, напэўна, усе беларусы, каго цікавіць будучыня краіны.

Уважліва выслухаў яго і начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязей РУП “Беларуская атамная электрастанцыя” Эдуард Свірыд – ён распавёў удзельнікам сустрэчы пра асноўныя моманты звароту кіраўніка нашай краіны.

Нацыянальная эканоміка, развіццё і добраўпарадкаванне рэгіёнаў, дзяржаўная кадравая і сацыяльная палітыка, міжнароднае становішча Беларусі, нацыянальная бяспека, барацьба са злачынствамі, правапарушэннямі і карупцыяй, змяненні ў Канстытуцыі і выбарчыя кампаніі, якія адбудуцца ў гэтым і наступных гадах, – Эдуард Іванавіч падрабязна расказаў пра кожны тэматычны блок, пры гэтым спраектаваў сітуацыю ў краіне на развіццё Астраўца і Астравецкага раёна.

свирид.jpg

Эдуард Свірыд

Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Уладзімір Мажэйка гаварыў не толькі пра здаровы лад жыцця і ўплыў тытуню на здароўе і жыццё чалавека, але і пра развіццё медыцыны ў нашым раёне.

– Актыўная стадыя будаўніцтва новай цэнтральнай раённай бальніцы набліжаецца да завяршэння. Медыцынскі цэнтр будзе аснашчаны самым сучасным абсталяваннем: камп’ютарным і магнітна-рэзанансным тамографамі, ангіографам. У сувязі з гэтым мы чакаем прыезду высокакваліфікаваных спецыялістаў, – расказаў Уладзімір Часлававіч. – Сёння ў нас працуе 100 урачоў і 362 чалавекі сярэдняга медыцынскага персаналу. 1 жніўня ў цэнтральную раённую бальніцу прыедзе 40 урачоў і 89 медыцынскіх сясцёр. З іх 15 вопытных урачоў, якія будуць укараняць новае абсталяванне.

IMG_8099.jpg

Уладзімір Мажэйка


Акрамя таго, вахтавым метадам у астравецкай бальніцы па першым часе будуць працаваць лепшыя абласныя і рэспубліканскія ўрачы.

Уладзімір Мажэйка таксама правёў прафарыентацыйную гутарку, прарэкламаваўшы медыцынскія каледжы і ўніверсітэты, у якія сёлета бальніца будзе выдзяляць мэтавыя накіраванні.

Надыход лета, як правіла, прымушае дарослых задумацца пра баўленне часу іх дзяцей. Часта, застаўшыся дома адны, яны пачынаюць шукаць сабе занятак і добра, калі іх абыходзіць бяда.

На жаль, з году ў год здараюцца сітуацыі, калі дзеці гінуць у час канікул. Як забяспечыць бяспеку дзяцей і чым можна іх заняць у час летніх канікул, расказаў начальнік РАУС Дзмітрый Місюк.

IMG_8101.jpg

Дзмітрый Місюк

У гэты ж дзень раённыя інфармацыйныя групы пад кіраўніцтвам намеснікаў старшыні райвыканкама Віктара Зелянко і Івана Карніла наведалі працоўныя калектывы РУП ЖКГ, Астравецкай сельгастэхнікі, ЦБУ №417 ААТ “Беларусбанк” г. Астраўца.

Будучыня горада

Падчас другой часткі мерапрыемства старшыня райвыканкама Ігар Шалудзін расказаў аб развіцці сацыяльнай інфраструктуры горада энергетыкаў і яго добраўпарадкаванні.

– Два гады запар Астравецкі раён заносіцца на рэспубліканскую Дошку гонару па паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця. І гэта годны вынік, – адзначыў старшыня райвыканкама.

У раёне сапраўды робіцца многае, каб палепшыць жыццё людзей. Аднак пытанні ўсё ж узнікаюць, асноўнае з іх – будаўніцтва жылля.

Сёння на чарзе ў райвыканкаме стаіць 170 шматдзетных сем’яў, 140 сірот і больш за 800 чалавек, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Пра тое, што робіцца ў гэтым накірунку, і паведаміў Ігар Шалудзін.

шалудин.jpg

Ігар Шалудзін

– Мы падыходзім да таго, каб вырашыць праблему забеспячэння жыллём шматдзетных сем’яў. Дзесьці праз месяц будзе здадзены кааператыўны дом, у якім кватэры атрымаюць 45 шматдзетных сем’яў і адзін сірата. Заканчваецца тэндар на выбар падраднай арганізацыі на будаўніцтва 64-кватэрнага дома – большая палова кватэр у ім таксама будзе аддадзена шматдзетным сем’ям. Рыхтуецца праект трэцяга дома, кватэры ў якім атрымаюць і тыя, хто стаіць у чарзе на будаўніцтва.

Яшчэ адным накірункам жыллёвай праграмы з’яўляецца будаўніцтва арэнднага жылля для работнікаў сацыяльнай сферы – у наступным годзе раён атрымае 56 такіх кватэр. Ідзе праектаванне яшчэ аднаго такога дома.

– Толькі сёлета да нас прыедуць каля 200 маладых спецыялістаў – і гэта без уліку выхадцаў з раёна, многія з якіх таксама ў гэтым годзе пасля атрымання адукацыі вернуцца на Астравеччыну. Таму трэба шукаць шляхі вырашэння праблемы забеспячэння маладых спецыялістаў жыллём, – адзначыў старшыня райвыканкама.

Развіваецца інфраструктура горада. І не толькі за кошт інвестыцыйнай праграмы, са сродкаў якой будуюцца новыя школа і дзіцячы садок, Дом дзіцячай творчасці, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, шматфункцыянальны спартыўны комплекс, комплекс сацыяльна-культурнага прызначэння, палігон цвёрдых бытавых адходаў і шэраг іншых аб’ектаў. Добраўпарадкаванне горада вядзецца і за кошт абласнога і раённага бюджэта: у гэтым годзе пачнуцца рамонтныя работы ў Дамах культуры вёскі Альхоўкі, аграгарадкоў Кямелішкі і Рытань, пракладваюцца інжынерныя сеткі ў мікрараёне аграгарадка Малі, з’явяцца тратуары па вуліцы Камсамольскай, будзе асфальтавана вуліца Сасновая, праектуецца харчблок для лагера “Ластаўка”, будуюцца станцыі абезжалезвання – і гэта далёка не ўвесь пералік.

IMG_8094.jpg

Ігар Яраслававіч таксама падзяліўся планамі па развіцці горада і раёна, анансаваў адкрыццё турыстычнага цэнтра, які ўжо працуе у тэставым рэжыме.

– Такія сустрэчы для мяне вельмі важныя. Хочацца, каб людзі больш выказвалі сваіх пажаданняў і думак, задавалі пытанні. Гэта дае пэўны штыршок для развіцця і прыняцця пэўных рашэнняў, – адзначыў старшыня райвыканкама.


Текст:
Фото: Елена Ярошевич