Лепшую сям’ю года выбралі ў Астраўцы

14:03 / 03.05.2019
1355

Яны дружныя, бо жывуць па агульных прынцыпах і каштоўнасцях. Яны моцныя, бо ведаюць, што за плячыма ёсць надзейны тыл. Яны шчаслівыя, бо знайшлі адзін аднаго. Яны – адно цэлае, яны – сям’я.

Раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”, арганізатарамі якога сталі Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзел адукацыі і сектар культуры райвыканкама пры падтрымцы раённых арганізацый “Белая Русь”, “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” і “Беларускі саюз жанчын”, прайшоў у кінаканцэртнай зале “Астравец”.

IMG_6267.jpg

Расказаць пра свае традыцыі, захапленні і прадэманстраваць творчасць на сцэне вырашылі пяць сем’яў Астравеччыны: Арцём, Кацярына і Ягор Соцы з Астраўца, Уладзімір, Гражына, Дамінік, Дарык і Васіліса Кручынскія з Гудагая, Іван, Дзіяна, Кірыл, Алег і Паліна Жытковічы з Астраўца, Віталь, Віялета, Ягор і Дарына Карчэўскія з Вароны, Мар’ян, Марына, Аліцыя, Беата і Эльвіра Кулісы з Міцюн.

Распачаўся конкурс візітнай карткай “Радавод”, падчас якой удзельнікі расказалі і паказалі гісторыі іх вялікіх і дружных сямей. І кожная была непадобнай, цікавай і відовішчнай.

У сям’і Соц любяць сабірацца на вячэрніх пасядзелках, дзе за кубкам духмянай гарбаты тата і мама расказваюць Ягору пра сваіх прадзядуль і прабабуль, гартаючы старонкі вялікага фотаальбома. А яшчэ ў сям’і з пакалення ў пакаленне перадаюцца цікавыя даўнейшыя рэчы, якія продкі зрабілі сваімі рукамі. Лапці, ільняны рушнік, кошык да гэтага часу ўтрымліваюць цеплыню рук іх колішніх гаспадароў.

IMG_6294.jpg

Галоўны скарб сям’і Жытковіч ляжыць у чароўным куфры. Гэта не каштоўныя камяні ці залатыя манеты, а дарагія сэрцу прадметы, што расказваюць пра гісторыю нараджэння іх сям’і. Вось парасон, пад якім бацькі гулялі на спатканні; пальчаткі, рукі у якіх сціскаліся ад прызнання ў каханні; свечка, агонь якой асвятліў іх дом. А вось і самае дарагое – вялікі сямейны альбом, дзе кожны фотаздымак нагадвае пра шчаслівыя і незабыўныя моманты жыцця бацькоў і дзяцей.

IMG_6225.jpg

А сям’я Кручынскіх не толькі расказала пра свае традыцыі і жыццёвыя прынцыпы, але і прадэманстравала фамільны герб, на якім вялікі дуб сімвалізуе магутнасць і еднасць, сонейка – цеплыню і ўтульнасць, кніга – разнастайнасць захапленняў, а сэрца – агульную павагу і любоў.

IMG_6322.jpg

Дружнай беларускай сям’ёй паўсталі перад гледачамі Карчэўскія. Прыгожыя народныя касцюмы, саламяныя вяночкі на галаве ў маці і дачкі, падперазаныя саматканымі паясамі бацька і сын. Гісторыю свайго радаводу Карчэўскія прадставілі ў выглядзе багатага дажыначнага снапа, за кожным каласком якога хаваецца няпросты, але цікавы лёс іх продкаў. А яшчэ варонскія канкурсанты парадавалі чыстай і сакавітай беларускай гаворкай – яны былі адзінай сям’ёй, якая выступала на роднай мове.

IMG_6246.jpg

Сям’я Куліс перанесла гледачоў у незвычайнае каралеўства, дзе гаспадарыць цар Мар’ян, гервяцкіх зямель валадар. Толькі не справіўся б ён адзін з няпростай царскай доляй без падтрымкі самых дарагіх людзей – жонкі-царыцы ды трох дачок-прынцэс. Так праз цікавую казачную інтэрпрэтацыю Кулісы прадэманстравалі, што іх сям’я трымаецца на трох асноўных кітах: разуменні, падтрымцы і любові.

IMG_6282.jpg

У другой частцы конкурсу ўдзельнікі прэзентавалі праекты “Мая сям’я – мая краіна”, у якіх расказалі пра свае дасягненні, захапленні і мары. Усе ўдзельнікі пастараліся зрабіць гэта арыгінальна, відовішчна і цікава – і гэта ў іх атрымалася.

2222.jpg

Сям’я Соц з дапамогай відэароліка прадэманстравала адзін нясумны вечар іх актыўнай, спартыўнай і няўрымслівай тройцы. Жытковічы запрасілі на борт самалёта, які здзейсніў падарожжа па найбольш яркіх падзеях іх жыцця. Кручынскія расказалі пра захапленні рукадзеллем, маляваннем і выпечкай, якія ім перадаліся ад прадзедаў. Кулісы прадставілі арыгінальную расшыфроўку кожнай літары свайго прозвішча. Карчэўскія разыгралі цэлы міні-серыял пра найбольш цікавыя і значныя падзеі з іх жыцця.

На гэтым раённы конкурс на лепшую сям’ю года скончыўся і надышла чарга журы падвесці вынікі. Дыпломам за трэцяе месца была ўзнагароджана сям’я Куліс, Дыпломам за другое месца – сям’я Соц, а пераможцам конкурсу па дружнаму меркаванню журы стала сям’я Карчэўскіх – яна прадставіць Астравецкі раён на абласным этапе. Аднак без падарункаў не застаўся ніхто– сем’і Кручынскіх і Жытковіч атрымалі падарункі ад раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “Беларускі саюз жанчын”.

Текст: Марина Мацкевич
Фото: Марина Мацкевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений