Поздравления с Днем Победы принимали ветераны и узники

12:03 / 03.05.2019

З кожным годам сведкаў далёкіх крывавых падзей Вялікай Айчыннай вайны становіцца ўсё менш – але памяць пра іх будзе жыць заўсёды.

Напярэдадні Дня Перамогі ветэраны вайны, вязні канцэнтрацыйных фашысцкіх лагераў прымалі віншаванні і падарункі ад грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь”, “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённага Савета ветэранаў.

1.jpg

Гасцінна і з непрыхаванай радасцю сведкі далёкіх ваенных дзеянняў сустракалі гасцей ў сваіх дамах і кватэрах.

– Цяжка ўявіць, што вам давялося перажыць. Мы захапляемся вашай мужнасцю, прыкладам вашага жыцця, – адзначыла падчас віншаванняў старшыня раённага аб’яднання “Белая Русь” Ірына Раткевіч. – Здароўя вам і доўгіх гадоў жыцця!

Вязень Марыя Іванаўна Мельнікава, нягледзячы на свой паважаны ўзрост – летась жанчына справіла 90-гадовы юбілей, цікавіцца жыццём, шмат чытае – больш таго, запісана ў раённую бібліятэку, праўда, кнігі Марыі Іванаўне прыносяць на дом.

– Дзякуй вам, што памятаеце, – са слязьмі на вачах гаворыць жанчына. – І не дай Бог нікому і ніколі спазнаць тое, што перажылі мы.

IMG_6898.jpg

Вязень Міхаіл Данілавіч Жолабаў, нягледзячы на слабае здароўе, не губляе бадзёрасці духу і аптымізму:

– Светлай памяці мой сябра, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, калі ў яго цікавіліся пра здароўе, заўсёды адказваў: “Як у людзей майго ўзросту”, а потым дадаваў: “Не дачакаецеся!”.

Міхаіл Данілавіч успамінаў сваю маладосць і шчыра радаваўся, што цяпер людзі жывуць пад мірным небам.

IMG_6914.jpg

Астравец, Дзірмуны, Варняны, Фальваркі, Бабраўнікі… На Астравеччыне засталося дванаццаць сведкаў вайны: два ветэраны і дзесяць вязняў – Юрый Міхайлавіч Александровіч, Валянціна Цітаўна Ярохіна, Еўдакія Рыгораўна Сігалёва, Андрэй Міхайлавіч Чайкоўскі, Сафія Цярэнцьеўна Палуян, Галіна Мікіцічна Петрык, Ніна Іларыёнаўна Мілідовіч, Ніна Адамаўна Маргуж, Марыя Іванаўна Мельнікава, Міхаіл Данілавіч Жолабаў, Таццяна Нікіфараўна Волкава і Сяргей Мацвеевіч Буранкоў.

IMG_6888.jpg

Дзякуй вам, за мірнае неба! Ваш подзвіг запісаны ў стагоддзях – і мы яго ніколі не забудзем.

Текст:
Фото: Алена Гануліч