Династия Наливайко: на земле испокон веков

08:23 / 02.05.2019
Па-рознаму людзі выбіраюць пра­фесію. Нехта ажыц­цяўляе мару дзя­цінства, нехта ідзе «за кампанію» з сябрам, нехта прыслухоўваецца да парады бацькоў ці настаўнікаў, нехта плыве па цячэнні: куды вынесе – там і мой бераг. І нельга сказаць, што вось тое – правільна, а гэта – не: жыццё ўсё расстаўляе па сваіх месцах.

І ўсё ж, мне здаецца, самыя моцныя прафесіяналы атрымліваюцца з людзей, якія выбіраюць сямейную справу жыцця, добра ведаючы ўсе яе плюсы і мінусы.
Працоўныя дынастыі нашага раёна мы плануем паказваць у новым праекце «АП» «Сямейная справа».

У звычайным цагляным доме ў вёсцы Палушы, размаўляючы за кубкам чаю з Тадэвушам і Ганнай Налівайкамі, мы паспрабавалі падлічыць агульны працоўны стаж патомных хлебаробаў Налівайкаў-Лукашэвічаў – і збіліся на трэцім пакаленні. Напэўна, калі б была лічбавая адзінка  «спрадвеку» то яна б лепш за ўсё ахарактарызавала, колькі часу жылі  і працавалі на гэтай зямлі іх продкі.

фото001.jpg



Налівайкі

– Палушанскія мы! –  з гонарам гаворыць Тадэвуш Уладзіміравіч. – І дзяды, і пра­дзеды нашы заўсёды на зямлі працавалі. Бацька мой, Уладзі­мір Міхайлавіч, усё жыццё баранку круціў, перад пенсіяй ужо толькі на ферму даглядчыкам пайшоў, ды яшчэ і пасля гадоў восем, пакуль здароўе дазваляла, працаваў. Ён і зараз, дзякаваць Богу, жыве,  86 гадоў мае. На зіму яго сястра да сябе ў Альхоўку забірае, а на лета бацька ў сваю хату вяртаецца, пад нашу апеку. І маці, Галіна Уладзіславаўна, усё жыццё ў калгасе працавала: паляводам, даяркай, свінаркай.

Не дзіва, што і абодва сыны Уладзіміра Налівайкі, Валянцін і Тадэвуш, не ўяўлялі, што ў свеце ёсць лепшая прафесія, чым вадзіцель.

– У чэрвені 1981 года я школу закончыў – а 1 жніўня ўжо на работу ў калгас прыйшоў. Шаснаццаць гадоў мне на той час было! – узгадвае Тадэвуш Уладзіміравіч. – На вадзіцеля яшчэ ў школе вывучыўся, у вучэбна-вытворчым камбінаце – але ж да 18 гадоў правы не давалі. Аформілі слесарам. Праз два гады атрымаў правы – во радасці было! Бацька, якому перад тым толькі што далі новую машыну, спецыяльна ў адпачынак пайшоў, мне даў на яго «ластаўцы» «палётаць». Нядоўга, праўда, я на ёй катаўся: праз паўтара месяца ў армію забралі.

І ў арміі Тадэвуш таксама «круціў баранку». Вярнуўся – зноў прыйшоў у калгас. Даверылі яму ГАЗ-51. Тры гады «тэсціравалі» маладога вадзіцеля – і адправілі ў Мардовію, у Саранск, атрымліваць новы «ГАЗ-53».

фото002.jpg

Вадзіцель Тадэвуш Налівайка – пераможца спаборніцтва на жніве


– Дваццаць гадоў я на сваёй пяцьдзясяттроечцы ад’ездзіў, – з настальгіяй успамінае Тадэвуш Уладзіміравіч. – Яна мне дапамагла і з Аняй пазнаёміцца. Прыйшла да нас у калгас дзяўчына пасля тэхнікума, у дыспетчарскую яе накіравалі. Маладзенькая, прыгожая!  Вось неяк Балабановіч, тагачасны старшыня нашага калгаса, і кажа, хітравата пасмейваючыся: «Падвёз бы ты, Тадзік, дзяўчыну дахаты, у Дравянікі. Можа, і жонкай стане». 

Як у ваду глядзеў старшыня! Праз паўтара года згулялі маладыя вяселле.

Пасля «газончыка» працаваў Тадэвуш на МАЗе – з гэтым сваім верным памочнікам не раз станавіўся пераможцам спаборніцтва на адвозцы збожжа.

– І сёння сэрца ёкае, як пабачу свой МАЗ, – прызнацца ён.

Апошнім часам Тадэвуш Ула­дзіміравіч пераквалі­фіка­ваўся ў будаўнікі: здароўе стала падводзіць. 

З-за праблем са здароўем пакінуў вадзіцельскую кабіну і брат Валянцін – хоць, як і Тадэвуш, па-ранейшаму працуе ў КСУП «Гудагай», у склад якога пасля шэрагу ўзбуйненняў увайшоў спачатку калгас імя Мічурына, а затым – і «Чырвоны Кастрычнік». 

Застаўся ў калгасе і яго сын, якога назвалі па дзеду – Вало­дзем. А нявестка Наталля зараз загадвае аддзелам кадраў КСУП «Гудагай».

–  Запаланілі Налівайкі Гудагай! – жартуе Тадэвуш Ула­дзіміравіч.

Лукашэвічы

– А мае продкі – з Дравянік, – гаворыць Ганна Іосіфаўна. – І таксама ўсе яны – людзі ад зямлі. Мама, Адэля Іванаўна, паляводам усё жыццё працавала, тата, Іосіф Іосіфавіч, быў адным з першых калгасных механізатараў: усё жыццё на трактары, нават калі на пенсію пайшоў, яшчэ гады тры не мог пакінуць работу.

фото003.jpg

Іосіф Лукашэвіч усё жыццё працаваў механізатарам


Аню маці нарадзіла позна, у 43 гады. А тут яшчэ бяда ў сям’і здарылася: сын, старэйшы Анін брат, загінуў. І мама нікуды не схацела адпускаць адзіную дачушку. Адно, што дазволіла – Ашмянскі тэхнікум, які Аня скончыла з адзнакай. Пасля гэтага можна было без уступных экзаменаў паступаць на трэці курс інстытута народнай гаспадаркі, і накіраванне ўжо далі – ды маці ўзмалілася: «Як жа я адна застануся?» І дачка паслухалася: засталася дома, пайшла працаваць у свой калгас імя Мічурына бухгалтарам.

– На маму не крыўдую – няма ўжо яе даўно, як і бацькі – што ўжо старое варушыць, – уздыхае Ганна Іосіфаўна. – Але ўсё жыццё шкадавала, што не атрымала вышэйшую адукацыю.

– А і добра! – перабівае яе муж. – Інакш мы б з табой, мусіць, і не сустрэліся!

Гісторыя не ведае ўмоўнага ладу – ніхто не можа сказаць, што было б, калі б… Але лёс склаўся так, як склаўся: Аня і Тадзік сустрэліся, пажаніліся, сталі жыць у хаце, што пачаў будаваць Тадзікаў бацька. Праз год пасля вяселля ў іх нарадзіўся першынец.

– Чакалі Алёнку – а атрымаўся Алёшка, – смяецца бацька.

Праз два гады ў Алёшы з’віўся брат Андрэй, а затым – і «смятаннічак» Сашка, Аляксандр. Такі вось у Налівайкаў А-квартэт атрымаўся!

– Ва ўсіх у сям’і імёны на А пачынаюцца, адзін я – не ў тэму, – жартуе гаспадар.

Ганна Іосіфаўна ўсё жыццё працуе, можна сказаць, на адным месцы – у бухгалтэрыі. Мяняюцца толькі назвы і юрыдычны статус гаспадарак. Пачынала яна ў калгасе імя Мічурына, затым працавала ва ўзбуйненым «Чырвоным Кастрычніку», зараз вось – у КСУП «Гудагай». 
З 2008 года яна – бяззменны старшыня прафсаюзнага камітэта гаспадаркі – а гэта сведчыць пра яе аўтарытэт сярод калег.

Працяг дынастыі

На жаль, моладзь цяпер неахвотна ідзе працаваць у сельскую гаспадарку. І для гэтага ёсць аб’ектыўныя прычыны: цяжкая праца, невысокія зарплаты… Але здараюцца і прыемныя выключэнні.

...Малодшыя Налівайкі больш цягнуцца да спорту: Андрэй пасля школы нават спрабаваў штурмаваць Беларускі дзяр­жаўны ўніверсітэт фізічнай культуры – на жаль, не атрымалася. Зараз ён – студэнт Маладзечненскага гандлёва-эканамічнага каледжа, рыхтуецца стаць юрыстам. Пра кар’еру футбаліста марыць чацвёртакласнік Саша – і не проста марыць, а старанна трэніруецца!

А вось старэйшы, Аляксей, як жартуюць у сям’і, нарадзіўся з гаечным ключом у руках. З малалецтва ён цягнуўся да тэхнікі, да розных жалязяк – і з гадамі гэтае яго імкненне толькі ўзрастала. Мусіць, яму цалкам перадаліся гены абодвух дзядоў, ды яшчэ і бацькі ў дадатак!

– Лёшку дзесяць гадоў было – а ён ужо на маім «газончыку» ездзіў! Яго з-за руля не відаць – а ён едзе, – з гонарам расказвае бацька. – Памятаю, бульбу капалі, воркі збіраем па полі: Аня – на машыне, я – падаю, а Лёшка – пад’язджае. Людзі дзівуюцца: у Налівайкаў машына сама па полі едзе!

– Калі я ў аўташколу пайшла вучыцца, мяне не столькі інструктар ездзіць вучыў і не муж, а Лёшка, – дадае маці.

Дарэчы, сам хлопец аўта­школу закончыў, калі яму яшчэ і васямнаццаці не споўнілася – як і бацька. Потым не мог дачакацца паўналецця, каб атрымаць вадзіцельскі правы – і на законных падставах сесці за руль! Напачатку – мамінай машыны. Але за два гады самастойнай працы хлопец назбіраў грошай і купіў уласную «францужанку» – «Пежо».

IMG_4818.jpg

Сям'ю Налівайка ўшаноўвалі на свяце горада


Пасля дзевяці класаў Гудагайскай школы Аляксей выра­шыў, што не варта губляць час – і паступіў у Маладзечненскі політэхнічны каледж. Два гады назад атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка – і вярнуўся ў родную гаспадарку, дзе маладога спецыяліста прызначылі загадчыкам майстэрняў. 

– Мне так радасна, што Лёшку, па сутнасці, яшчэ пацана, паважаюць старэйшыя вадзіцелі і механізатары, – не хавае гонару за сына бацька. – Ён, пакуль вучыўся ў кале­джы, яшчэ і пасведчанне токара чацвёртага разраду атрымаў! Пра жалеза ўсё ведае…

– Не хацелася ўладкавацца на атамку, дзе зарплаты не параўнаць з сельскай гаспадаркай? Зноў жа –  прэстыж? – задаю я хлопцу правакацыйнае пытанне.

– Ніколькі, – паціскае Аляксей плячыма. – Мяне жыццё ў вёсцы цалкам задавальняе.

Адразу пасля каледжа юнак паступіў на завочнае аддзяленне інжынернага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта – зараз ён ужо студэнт трэцяга курса.

– У мяне ўсё ідзе па плану, – смяецца Аляксей. 

Праўда, не расказвае, што ў яго далейшых планах – мусіць, баіцца сурочыць.

…А так хочацца, каб у гэтых планах былі сям’я і дзеці, якія вырастуць – і прадоўжаць хлебаробскую дынастыю Налівайкаў!

Текст: Нина Рыбик