Лучшие труженики района получили награды накануне Первомая

13:21 / 01.05.2019

Першамай асацыіруецца не толькі з квеценню вясны, але і з працай: нездарма ж кажуць, што вясновы дзень год корміць. І вось ужо дзесяць гадоў (невялікі, але ўсё ж юбілей!) – з узнагародамі за працу: у 2009 годзе ў цэнтры Астраўца была ўстаноўлена раённая Дошка гонару, на якую штогод заносяць імёны лепшых працаўнікоў з розных сфер.

Напярэдадні Першамая на Дошцы гонару з’явіліся партрэты дваццаці лепшых працаўнікоў розных устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый раёна. А 30 красавіка падчас урачыстага пасяджэння, прысвечанага святу вясны і працы, героям дня былі ўручаны адпаведныя пасведчанні і матэрыяльныя ўзнагароды.

12121221.jpg

– Сёння мы ўшаноўваем тых, чыімі рукамі ствараецца дабрабыт нашай краіны,  сказаў, віншуючы ўсіх, хто сабраўся ў кінаканцэртнай зале “Астравец”, са святам Першамая, старшыня раённага выканаўчага камітэта Ігар Шалудзін.

IMG_6544.jpg

Словы падзякі Ігар Яраслававіч выказаў не толькі цяперашнім працаўнікам, але і ветэранам, чыімі рукамі ствараліся перадумовы для сённяшніх поспехаў, і цэлым калектывам. Дарэчы, з наступнага года, па словах старшыні выканкама, на раённую Дошку гонару будуць заносіцца не толькі асобныя працаўнікі, але і лепшыя прадпрыемствы, гаспадаркі, установы і арганізацыі раёна Астравеччыны.

А ў гэты дзень Ігар Шалудзін уручыў лепшым працаўнікам, чые партрэты былі занесены на раённую Дошку гонару, спецыяльныя пасведчанні – і для кожнага знайшоў цёплыя словы падзякі за працу.

IMG_6658.jpg

Асаблівыя ўзнагароды з рук Ігара Шалудзіна атрымалі людзі, якія сваёй працай зрабілі асаблівы ўнёсак у развіццё краіны. Медалём “100 год БССР” адзначана шматгадовая плённая праца намесніка дырэктара Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Марыі Максімавай, урача-стаматолага Міхалішкаўскай участковай бальніцы Алега Корзуна, медыцынскай сястры хірургічнага аддзялення ЦРБ Людмілы Часнойць, намесніка дырэктара цэнтральнай раённай бібліятэкі Наталлі Ачарэтавай, дырэктара ДЛГУ “Астравецкі лясгас” Рыгора Долгага, начальніка малочна-таварнага комплексу “Германішкі” КСУП “Гудагай” Галіны Карвэцкай, галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі райвыканкама Ядвігі Петрык, настаўніка беларускай мовы і літаратуры Варнянскага НПК Валянціны Боўшы.

IMG_6627.jpg

Для прафсаюзаў Першамай, які ўзнік як Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных, можна сказаць, прафесійнае свята. І з ім усіх працаўнікоў раёна павіншаваў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Расціслаў Бразінскі. Лепшым работнікам, актывістам прафсаюзнага руху Расціслаў Іванавіч уручыў Ганаровыя граматы і каштоўныя падарункі – іх атрымалі Алена Васільчык, Ядвіга Петрык, Алена Раткевіч, Дзмітрый Салагуб, Марына Шэміс, Яна Рэкець, Таццяна Лісоўская, Рэната Яфімава, Жанна Волк-Леановіч, Пётр Крупенчык, Эдуард Якубцэвіч.

IMG_6669.jpg

І яшчэ адным падарункам напярэдадні свята для ўсіх прысутных быў цудоўны канцэрт лепшых творчых сіл Астравеччыны, апагеем якога, безумоўна, стала выступленне адроджанай “Кемяліны”, якая ў сваім майстэрстве, здаецца, перасягнула нават ранейшую надзвычай высокую планку.

IMG_6761.JPG

IMG_6756.JPG

IMG_6644.jpg

Текст: Нина Рыбик