О родной земле и национальных традициях рассказывает белорусская литовка
13:47 / 22.04.2019
А калі такіх любімых месцаў, якія сталі роднымі, у чалавека некалькі? У гэтым выпадку кожнае з іх займае асобны куточак у душы – як у нашай гераіні.
Родныя і знаёмыя яе называюць Онай, а ў пашпарце яна – Ганна. Дзіўна? Толькі для тых, хто не ведае, што імя Ганна па-літоўску гучыць Она. Гэтыя два імені выдаюць паходжанне іх уладальніцы: Ганна Браніславаўна Шармукшнене нарадзілася на Астравеччыне – на адным з хутароў Гервяцкага краю, землі якога спрадвек насяляюць этнічныя літоўцы.
Да каранёў
Ганна Браніславаўна нарадзілася на хутары ля вёскі Гіры, пазней яе бацькі пераехалі ў вёску Петрыкі. Адсюль падлеткам наша гераіня паехала вучыцца ў тады яшчэ Літоўскую ССР і засталася там на доўгі час, сюды ж, у Петрыкі, яна і вярнулася – праўда, ужо ў сталым узросце.
– Мы не прыезджыя, мы карэнныя: нашы дзяды і прадзеды нарадзіліся і жылі тут, – тлумачыць маці Ганны 95-гадовая Марыя Юльянаўна Мажэйка, вядомая на Астравеччыне і далёка за яе межамі народная майстрыха і самая старэйшая ўдзельніца фальклорнага гурта «Жыльвіціс». – Гэта наша родная зямля.
Гервяцкія землі насяляюць не проста літоўцы па паходжанню – яны захавалі і да сённяшняга часу зберагаюць нацыянальныя традыцыі і мову свайго народа.
– Тут ва ўсіх навакольных вёсках размаўляюць па-літоўску, добра ведаюць рускую і беларускую мовы,– расказвае Она. – Так было і раней. І ў Гірскай школе мы вучыліся на рускай мове, а другой у нас была літоўская. Вучыць нас прыязджала настаўніца з Літвы.
Аднак скончыць гэту школу Оне, як і многім яе землякам, не давялося. Калі ў Гірах перасталі выкладаць літоўскую мову, бацькі пачалі адпраўляць дзяцей вучыцца ў Літву – там яны жылі ў інтэрнатах, а на радзіму прыязджалі толькі на канікулы.
– Для нас было важна, каб дзеці ведалі родную мову, – гаворыць маці Ганны. – Як і не паўставала для нас пытання нацыянальнасці: у польскія часы, калі не згаджаўся, каб у метрыках запісвалі нацыянальнасць паляк, – ставілі прочарк. У мяне і маіх родных па дакументах нацыянальнасці не было – мы ж літоўцы.
Прадаўжальніца народных традыцый
Ганна, як і Марыя Юльянаўна, з’яўляецца захавальніцай песеннай літоўскай культуры Астравеччыны: яна чацвёрты год разам з маці спявае ў фальклорным гурце «Жыльвіціс», што створаны пры цэнтры літоўскай культуры ў аг. Рымдзюны.
Крайнія злева Ганна Шармукшене і яе маці Марыя Мажэйка
– Мы спяваем песні нашых мацярок і бабуль, – гаворыць Марыя Мажэйка.– Гэта народныя песні, спяваць якія вельмі цяжка – трэба перадаць іх самабытнасць – без інтэрпрэтацый, – рэзюмуе Ганна. – У мамы цудоўна атрымліваецца, а мне яшчэ вучыцца ды вучыцца.
Она спявае не толькі ў «Жыльвіцісе» – яна ўдзельніца вільнюскага песеннага калектыву «Вайворыкшце» («Вясёлка»). Такую назву ён атрымаў з-за рознамоўнага рэпертуару: з літоўскімі, польскімі, рускімі, беларускімі, чэшскімі, эстонскімі песнямі, – з якім гурт часта гастраліруе за межамі Літвы.
– Она сціпла гаворыць пра свае таленты – у яе не толькі голас цудоўны, яна і майстрыха адмысловая, – расказвае загадчык аддзела культуры і адпачынку аг. Рымдзюны Наталля Бялячыц. – Каб вы бачылі, як яна прыгожа шые, вяжа… Она дакамлектавала касцюмы «Жыльвіціса»: якіх элементаў не хапала – дарабіла і заўсёды сочыць, каб надзетыя яны былі па ўсіх правілах.
Пра творчую натуру і адданасць нацыянальным традыцыям гаворыць і колішняя прафесія жанчыны. Яна працавала майстрам на прадпрыемстве мастацкіх промыслаў і сувеніраў «Дована» – вырабляла там літоўскія нацыянальныя сувеніры.
– А народныя рамёствы і ў беларусаў, і ў літоўцаў аднолькавыя: ткацтва, салома- і лазапляценне, вязанне… – гаворыць наша зямлячка Ганна Шармукшнене. – Адрозніваюцца вырабы толькі каляровай гамай ды ўзорамі. Дарэчы, нацыянальныя касцюмы на Гродзеншчыне і ва Аўкштайціі (раёны Вільнюса, Ігналіны, Уціна) вельмі падобныя.
Дзукі – дыялект мясцовых літоўцаў
Ганна Шармукшнене расказала, што жыхароў розных рэгіёнаў Літвы можна з лёгкасцю пазнаць па дыялектах, аб’ядноўвае якія літаратурная мова.
Напрыклад, у Жэмайціі (раён Клайпеды) дамінуе латвійская гаворка; жыхары Сувалкіі (раён Каўнаса) ўжываюць шмат паланізмаў – гэты дыялект найбольш падобны да літаратурнай літоўскай мовы; Дзукіі (раён Варэны, Алітус) ўласціва вымаўленне слоў, у якіх замест гука «д’» ужываецца афрыката «дз».
– Дыялект беларускіх літоўцаў Астравецкага краю – дзукі, – тлумачыць Ганна Браніславаўна. – Гэта архаічны дыялект! Дарэчы, у беларускай і літоўскай мовах ёсць шмат падобных слоў, – працягвае мая суразмоўца і пачынае пералічваць: дзед – дзедас, сядзіба – содзьіба, кубак – кубкяліс… Нават назвы святаў народных падобна гучаць: Каляды – Каледос, Вялікдзень – Велікос, Івана Купалы (Яна) – Йонінес Масленіца па-літоўску Ужгавенес – ад слова «гавець».
А вось гэтыя словы для Оны самыя галоўныя ў жыцці: мама, сунус (сын), сесуо (сястра), драўге (сяброўка).
Цікавую моўную адметнасць маюць літоўскія імёны і прозвішчы.
– Большасць мужчынскіх імён і прозвішчаў утрымліваюць на канцы літару «с» – Гінтарас Мараўскас, – прыводзіць прыклады Ганна.
– А вось жаночыя прозвішчы маюць дзве асаблівасці: па-першае, яны не скланяюцца, а па другое, іх «канчаткі» залежаць ад сямейнага становішча ўладальніцы: калі дзяўчына – будзе Мажэйкайце, а калі замужняя жанчына – Мажэйкене.
Імя па бацьку літоўцы не ўжываюць – не пішацца яно і ў пашпарце.
Цэпеліны з розным начыннем
– Рэгіёны Літвы адрозніваюцца не толькі дыялектамі, але і нацыянальнай кухняй, – знаёмячы з літоўскімі стравамі, расказвае Она.
– Напрыклад, адметная страва Аўкштайціі – кугеліс (бульбяная бабка з тварагом), у Жэмайціі – жэмайчу (бліны з бульбянога пюрэ з паштэтным начыннем), у Дзукіі – грэчневая бабка, Сувалькія адметная ўнікальнымі сырамі.
Кугеліс
А вось добра вядомыя і любімыя на Астравеччыне цэпеліны ў Літве робяць не толькі з мясным, але і з розным іншым начыннем – агароднінай, тварагом, грыбамі.Да адмецінак літоўскай кухні яшчэ можна аднесці ведэрай (у беларусаў – кішка, начыненая бульбай); халодны бурачны суп на кефіры шалцібаршчай; знакаміты сухі торт «Шакоціс», які можа захоўвацца да паўгода; моцны (да 75%) старажытны спіртны напой жальгірыс і медус (медавуха). Палюбіліся літоўцам і сталі кулінарным здабыткам Тракайскага рэгіёну караімскія піражкі з мясам – кібінай.
– А яшчэ ў Літве здаўна пякуць вельмі смачны чорны хлеб – «Каўна дуона» ён называецца, – гаворыць Она. – Гэты хлеб можна захоўваць да месяца. Дарэчы, ён чымсьці падобны да нашага «Радзівілаўскага».
Пра суседзяў
Першай сталіцай Літвы быў невялічкі горад Кернава.
Нацыянальны сімвал – белы бусел.
У Літвы ёсць уласны водар – араматычны сродак «Пах Літвы». Яго стварылі як сімвал ідэнтычнасці краіны – такі, напрыклад, як гадзіннік і Швейцарыя.
Міжнародны кірмаш народных мастроў Казюкі, які стаў брэндавым святам беларускага Гродна, ладзіцца таксама і ў Літве і мае такую ж назву – Казюкас.
Нацыянальны від спорту – баскетбол. Ва ўсіх жылых кварталах літоўскіх гарадоў ёсць баскетбольныя пляцоўкі. У дзяцей гэта любімая гульня.
У Вільнюсе створаны ананімны фонд арэляў – гэта ініцыятыва, якая мае мэтай развешваць па горадзе арэлі як сродак рэлаксацыі.
У сталіцы Літвы ёсць вуліца Гарадской сцяны, якая знаходзіцца… унутры пад’езда жылога дома. Гэта рэшткі колішняй гарадской сцяны, знойдзеныя на раскопках.
Калі трапіце ў Літву
– Акрамя палацаў, касцёлаў, Куршскай касы, рэспублікі Ужупіс (Зарэчча), што ў гістарычным цэнтры Вільнюса, Літва знакамітая гарой Крыжоў, што непадалёк ад Шауляя, – расказвае Ганна Шармукшнене.
– Гэтае месца лічыцца святым, туды прыязджаюць паломнікі з розных краін, каб паставіць крыж і папрасіць Усявышняга аб нечым або падзякаваць Яму. Часта на крыжы прычапляюць запіскі, ружанцы.
Дарэчы, падобная традыцыя ёсць у армян – яны ў знак удзячнасці Богу ставяць хачкары, праўда, не ў нейкім асобным месцы.
У Друскінінкаі карыстаецца папулярнасцю замежных турыстаў Грута паркас (парк «Грутас») – гэта своеасаблівы музей савецкага часу. Туды звезены скульптуры і бюсты правадыроў СССР, камунараў, ёсць бібліятэка, дзе сабраны кнігі і дакументы таго перыяду, якія тычацца Літвы.
– У парку іграе музыка савецкіх часоў. Турысты могуць перакусіць у савецкай сталовай. Словам, калі хочаце пабываць у СССР – едзьце ў Грута, – працягвае знаёмства са знакамітымі мясцінамі краіны Она. – Надзвычай унікальная прыгожая прырода ў парку Маркучай – у народзе гэта месца называюць Пушкіноўка.
Для Ганны Шармукшнене аднолькава дарагія дзве краіны – і Беларусь, у якой нарадзілася, і Літва, дзе прайшла значная частка яе жыцця. Цяпер жанчына жыве на дзве стараны: у родныя Петрыкі яна вярнулася сем гадоў таму даглядаць састарэлую маці, а ў Вільнюсе ў яе жыве сын з сям’ёй.
– А радзіма мая тут, дзе нарадзілася, – разважае Ганна Браніславаўна. – Ведаеце, у снах часта бачу бацькоўскую хату – не гэту, петрыкаўскую, а тую, у якой нарадзілася, – хутарскую.
Бабуля і дзядуля Ганны Разалія і Юльян Петрыкі