Аляксандр Марозаў – у Астраўцы і Мінску
15:39 / 03.04.2019
Юбілеі…
У гэты дзень у Астравецкай бібліятэцы адбылася не зусім традыцыйная сустрэча ўдзельнікаў літаратурнага аб’яднання «Астравецкай зямлі галасы»: чытальная зала была запоўнена гасцямі, якія прыйшлі павіншаваць адразу двух паэтаў-юбіляраў Аляксандра Марозава і Ганну Чакур.
І хоць, на жаль, Ганна Іванаўна не змагла прысутнічаць на імпрэзе, тым не менш віншаванні юбіляры атрымалі амаль у роўнай ступені. Цёплыя словы ў іх адрас выказалі калегі па літаб’яданню, работнікі бібліятэкі Ірына Чаркіна і Наталля Ачарэтава, рэдактар раённай газеты Ніна Рыбік, актывісты клуба «Актыўнае даўгалецце».
Аляксандр Марозаў, акрамя таго, прымаў віншаванні ад кампазітара Аляксандра Якіменкі, захавальніка фондаў раённага музея Ванды Вайшнаровіч і дырэктара завода «Радыёдэталь» Валянціна Гульбіновіча.
Віншаванні былі рознымі – у вершах і ў прозе. Але не быў бы то юбілей паэта, калі б не прагучалі яго творы. Іх было шмат – і не толькі ў выкананні самаго Аляксандра Іванавіча: чыталі госці сустрэчы, спявалі ў відэавіншаваннях даўнія сябры паэта.
Перамогі…
Паэтычны вечар Аляксандра Марозава завяршыўся ў Мінску – у Доме Масквы адбыўся гала-канцэрт рэспубліканскага этапу Міжнароднага фестывалю-конкурсу «Сусветны дзень паэзіі – 2019». Па яго выніках Аляксандр Іванавіч стаў пераможцам – і пад нумарам 36 увайшоў у сотню лепшых паэтаў фестывалю. Усяго ў конкурсе прыняло ўдзел 3 666 аўтараў з дзесяці краін. Фінал адбудзецца 31 сакавіка ў Санкт-Пецярбургу.
У гэты ж дзень Аляксандр Марозаў даведаўся, што заняў другое месца на конкурсе, прысвечаным памяці Алі Герасімовіч, «Язмінавы чай», які праводзяць літаб’яднанне Данбаса і Данецкае аддзяленне Міжрэгіянальнага саюза пісьменнікаў.