Дзе, на думку астраўчан, лепш папрацаваць на суботніку

14:30 / 19.04.2019
1930

На працягу красавіка на астравеччыне прой­дзе месячнік па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый арганізацый і населеных пунктаў раёна. 

У астраўчан і гасцей горада наш карэспандэнт пацікавіўся, якія месцы ў Астраўцы і раёне, на іх погляд, патрабуюць першачарговай увагі.

Міхалоўскі.jpg

Антон Міхалоўскі, вучань:

– Мы ўсім класам звычайна  наводзім парадак каля школы: праўда, хтосьці з задавальненнем зграбае леташняе лісце, а іншыя, бывае, лянуюцца. Я жыву ў прыватным доме. Разам з бацькамі і малодшай сястрой мы ўжо навялі парадак на падворку: пабялілі дрэвы, зграблі лісце, раскрылі прыкрытыя на зіму яловымі лапкамі кветкі. Лічу, што кожны павінен прыбіраць тэрыторыю ля свайго дома і там, дзе вучыцца ці працуе.


Анімуцкая.jpg

Іна Анімуцкая, работнік чыгункі:

– Дворнікі працуюць на выдатна: не паспее развіднець, а яны, бы тыя пчолкі, ужо шчыруюць з венікамі і граблямі.

 Дружна папрацаваць трэба ў лесапарку – гэта ўлюбёнае месца прагулак многіх астраўчан. 


Мундуць.jpg

Вольга Мундуць, педагог-псіхолаг:

– Вучні і настаўнікі нашай школы штогод удзель­нічаюць у суботніках. Больш таго, наш ва­лан­цёрскі атрад штогод дапамагае пажылым людзям: вясной і восенню дзеці наводзяць ля іх дамоў парадак, зімой прыносяць ваду і дровы. Калі ў Падольцах адкрыўся філіял тэрытарыяльнага цэнтра, дзе пражываюць адзінокія старыя, валанцёры прапанавалі ім сваю пасільную дапамогу. Мне здаецца, што да працы і беражлівых адносінаў да прыроды трэба прывучаць з маленства.


Бальценас.jpg

Марыя Бальценас, прадавец-кансультант:

– Астравец чысты і дагледжаны, а вось лясы побач з горадам – жалю вартыя: паперкі, бутэлькі, абгорткі…  У людзей проста сумлення няма! Лесаводам штогод вучні дапамагаюць прыбіраць лес ад смецця. Атрымліваецца, што дарослыя смецяць, а дзеці – прыбіраюць! Трэба рублём караць тых, хто вывозіць смецце ў лес ці выкідвае яго ля дарогі.


Александровіч.jpg

Міхаіл Александровіч, арматуршчык:

– Я родам з Савецкага Саюза, таму да суботнікаў адношуся станоўча – гэта добрая і патрэбная традыцыя. Дзякуючы такой добраахвотнай працы на карысць дзяржавы і грамадства не толькі прыгажэе наш горад і раён, але і згуртоўваюцца працоўныя, вуч­нёў­скія калектывы. 

Папрацаваць на суботніку можна ў лесапарку – летам там праходзіць шмат мерапрыемстваў. Не лішне было б сабраць смецце ўздоўж некаторых дарог. 




Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений