Наладчик – это звучит… почётно!
З ВАДЗІЦЕЛЯ…
Дзевяць кіламетраў ад Астраўца – менавіта столькі аддзяляе вёску Філіпаны ад раённага цэнтра – Віктар Паршутовіч ніколі не лічыў за адлегласць: у гады яго дзяцінства і маладосці аўтобусы хадзілі часта – за гадзіну па пяць разоў.
– Сядзіш за сталом у хаце, – успамінае Віктар Віктаравіч, – і бачыш, як аўтобус з Варнян пад узгорак ўзбіраецца…
А дабірацца да Астраўца яму даводзілася кожны будні дзень: скончыўшы мясцовую васьмігодку, Віктар Паршутовіч вучыўся ў Астравецкай сярэдняй школе.
Пасля школы хлопец пайшоў працаваць слесарам у аўтабазу – там яго і вучылі прафесіі. Адпрацаваў два гады – і ў армію. Пашанцавала: служыў, можна сказаць, дома – у Беларусі – у той час мала каму так выпадала.
У 1977 годзе Віктар Паршутовіч вярнуўся на Астравеччыну і зноў уладкаваўся на працу ў аўтабазу.
–Пасадзілі мяне на машыну, якая проста развальвалася, – усміхаецца мужчына. – Як на такой можна працаваць? Тут якраз падвярнулася месца ў быткамбінаце – туды і пайшоў вадзіцелем. Спачатку мне далі новую машыну ”ІЖ-2715”. Потым перасеў на УАЗ, затым – ГАЗ-53, ГАЗ-66. Апошнімі былі “Жыгулі” – на іх вазіў дырэктара, інжынера.
Куды толькі ні даводзілася ездзіць: Смаргонь, Рыга, Днепрапятроўск… Швейны цэх у быткамбінаце тады быў вялікі, прадукцыі на рэалізацыю шылі шмат. Да 2000 года круціў Віктар Віктаравіч “баранку” – пакуль не захварэў. Прыйшлося вадзіцелю перакваліфікавацца.
– На іншую работу пасля “паломкі арганізма” не пойдзеш, – гаворыць наладчык абсталявання, – “атамка” таксама не для мяне. Так і застаўся “пры доме”.
…У НАЛАДЧЫКІ
У быткамбінаце ў той час узнікла праблема з майстрамі-наладчыкамі. Віктар Віктаравіч працаваў на два цэхі – трыкатажны і швейны. Спачатку вучыўся сам, дапамагаючы вопытнаму майстру Сямёну Праўко.
– Сямён Пятровіч больш у Астраўцы абсталяванне рамантаваў, а я на раёне майстэрства адточваў, – расказвае Віктар Віктаравіч. – Там таксама былі швейныя пункты. Ён раскажа і пакажа, што трэба паглядзець, як зрабіць – я і раблю. Потым пасведчанне ў Гродне атрымаў.
Наладчыку абсталявання трэба падтрымліваць швейныя машыны ў рабочым стане, сачыць за парагенератарам, іншым абсталяваннем.
–Ужо два месяцы мы працуем на новым абсталяванні, – працягвае размову Віктар Паршутовіч. – Цяпер яго толькі ў час падмазаць, падладзіць трэба… Спачатку, канешне, было, страшнавата. Але, аказалася, гэта тое ж самае, што “Жыгулі” і “Аўдзі” – прынцып работы аднолькавы, толькі знешнасць розная. Новае абсталяванне працуе хутчэй, з большымі абаротамі – а рухавікі ціхія: праходзіш міма цэха і не чуеш, што машыны працуюць.
– Са старымі машынамі было шмат праблем, – успамінае майстар, які “пялячыў”, і не раз, кожную машыну, што ёсць у арганізацыі. – Дэталяў было не дастаць. Цяпер заяўку даў – і прывезлі, былі б грошы.
Але калі вы думаеце, што цяпер работы ў Віктара Віктаравіча няма – памыляецеся. Увесь дзень ён пры справе: то нажніцы не стрыгуць, то закройны нож затупіўся, то праводка акіслілася, то на выклік у Варняны выязджае – там таксама швейны аддзел працуе.
– Аглядваю рабочыя месцы ў цэху кожную раніцу. Швачкі падказваюць: там машына нітку рве, там увогуле не шые… Звычайна сам спраўляюся з любой паломкай, – гаворыць наладчык. – Каб аддаваць у рамонт – патрэбны грошы, і немалыя…
АДНЫМ СКАЗАМ
–Самая вялікая радасць у жыцці – момант, калі атрымалі кватэру ў Астраўцы.
–Я чалавек абавязковы: паабяцаў – зрабіў. І пунктуальны.
СЛОВА ПРА…
1.Мары.
–У школе марыў стаць бухгалтарам. Прыкладам для мяне быў галоўны бухгалтар калгаса – я бачыў яго кожны раз, калі заходзіў з бацькам у кантору ў Малях. Вось, думаў, закончу школу і… Але не склалася: работа, армія, сям’я. Спрабаваў паступіць у Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум – не атрымалася. А потым жонка стала нашым сямейным бухгалтарам – у мне патрэба адпала (Смяецца).
2. Дошку гонару
– Першы раз мяне адзначылі ў 80-я гады. Тады я працаваў у будынку, дзе цяпер суд знаходзіцца. Стараўся, не прагульваў, не піў… Людзі пазнаюць мяне на вуліцы, пытаюцца, як “даслужыўся”. Смяюся, жартую – кожнаму ж тлумачыць не будзеш.
3.Астравец
– Люблю Астравец. Тут я вучыўся, жаніўся, жыву... Цяпер Астравец прыгожы, жыццё бурліць – столькі ўсяго пабудавана! Хаця да Смаргоні яму яшчэ далекавата, але, верыцца, дагонім!