Чым займаюцца дзяўчаты ў рэактарным цэху?

16:10 / 08.03.2019
919
Святлана Лебедзева, вядучы інжынер рэактарнага цэха Беларускай АЭС

IMG_2759.jpg

 – І чаму вы вырашылі, што інжынер – нежаночая прафесія? Нічога незвычайнага ў ёй  няма – яна настолькі жаночая, наколькі і мужчынская. 
Я, як і патрабуецца інжынеру, у асноўным працую з дакументамі. Думаю, сакрэт «мужчынскасці» маёй прафесіі хаваецца ў словазлучэнні «рэактарны цэх»: усё, што з ім звязана, лічыцца мужчынскай справай. Аднак, як паказвае вопыт, мужчыны добра працуюць там, дзе патрэбна фізічная сіла, з паперамі лепш спраўляюцца жанчыны. Да слова, на кожнай атамнай станцыі абавязкова ёсць жанчына-інжынер, Астравецкая – не выключэнне. У нашым рэактарным цэху, акрамя мяне, працуе яшчэ адзін інжынер «у спадніцы». 
На цяперашні час я правяраю дакументацыю па мантажы абсталявання, курырую работу па яго рэгістрацыі – гэта, паверце, велізарны аб’ём работы. 
Пасля запуску рэактара пачнуцца планава-папе­раджальныя работы, падчас якіх давядзецца праводзіць тэхагляды абсталявання.  
Прафесія інжынера патрабуе быць у першую чаргу уважлівым, да малейшай дробязі ведаць нарматыўныя дакументы. А гэта асаблівасць, на мой погляд, больш уласцівая менавіта жанчынам. Адно што інжынерам па эксплуатацыі абсталявання таго ж рэактарнагя цэха  нам наўрад ці давядзецца працаваць – для гэтага трэба мець вялікую фізічную сілу.
Мне часта даводзіцца спраўляцца з вялікім аб’ёмам работы ў кароткія тэрміны, але яе якасць ад гэтага не павінна знізіцца. Таму раблю ўсё акуратна. Увогуле я вельмі патрабавальная і не люблю, калі трэба мяняць схему работы. Мне падабаецца працаваць з нестандартнымі сітуацыямі, раскручваць праблему,  спрабаваць зразумець яе сутнасць. Кажуць, што прафесія накладвае адбітак на характар чалавека. У мяне наадварот: я заўсёды была патрабавальнай, акуратнай і адказнай –  гэтыя якасці мне вельмі дапамагаюць у рабоце. 
Ведаеце, як я прыйшла ў прафесію, якой спачатку баялася, – так, мяне, як і многіх дзяўчат, спачатку палохала слова «інжынер»? Праз фізічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Яшчэ не закончыўся першы год вучобы, як я зразумела: працаваць з дзецьмі не змагу, мне па душы індывідуальная работа. Ядзерныя рэактары выбрала таму, што гэта нестандартная для жанчыны сфера – а я з дзяцінства цягнулася да «хлапечых»  гульняў: то нешта  майстравала з канструктара, потым стала разбірать старыя тэлевізары… (Смяецца) Ну а закончылася ўсё рэактарным цэхам!
Текст: Ольга Хотянович
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений