Наталля Лукашык бярэ з сабой на работу… электрашокер

15:33 / 08.03.2019
1032
Незвычайную для жанчыны прафесію выбрала астраўчанка Наталля Лукашык. Яна – вадзіцель таксі.

IMG_2452.jpg

 – Была ў мяне машына, і было вялікае жаданне яе вадзіць. Так з’явілася ідэя стаць таксісткай. Параілася з мужам, ён падтрымаў – і я аформілася індывідуальным прадпрымальнікам. Дзеці падраслі – самы час быў станавіцца самастойнай і незалежнай. 
Спачатку працавала адна, цяпер мне дапамагаюць яшчэ два вадзіцелі – мужчыны.
Люблю сваю прафесію і нічога незвычайнага ў ёй не бачу: у Мінску жанчын-вадзіцеляў таксі – хоць адбаўляй, толькі для астраўчан гэта пакуль што нешта неверагоднае. Лічу, што жанчыны могуць усё, галоўнае – дазваляць ім рабіць тое, што ім падабаецца.
Выязджаю па выкліках толькі днём – з 7 да 19 гадзін. У начную змену на маёй машыне працуюць іншыя вадзіцелі. Лічу, што вечарам месца жанчыны – у сям’і: ёй трэба прыбраць дом, згатаваць вячэру, дапамагчы дзецям з урокамі, удзяліць час мужу... 
Першы выезд помню як сёння. Боязна было: якія будуць кліенты, як  стануць сябе паводзіць? Але нічога, абышлося.
Мужчыны працуюць з любымі выклікамі, я ж выязджаю толькі на званкі цвярозых кліентаў – вадзіцель таксі мае права адмовіцца абслугоўваць п’яных, «буйных» і неахайных. У кожным таксі ўстаноўлена відэаназіранне, якое стрымлівае жадаючых паказаць свой характар. На ўсялякі выпадак важу з сабой электрашокер – лічу, што ён павінен быць і ў любога таксіста, у нашай справе рознае можа здарыцца. 
Вялікія і цяжкія рэчы перавозіць не даводзілася – іх у маю машыну не загрузіш. А вось сумкі з багажніка дастаю часта – я не надарвуся, а кліенту прыемна. І цукеркі для дзяцей у маёй машыне на бачным месцы ляжаць. Некаторыя мамы з дзеткамі спецыяльна «машынку з цукерачкамі» заказваюць. Да таго ж малышам вельмі падабаецца, што іх возіць «цёця-вадзіцель» (Усміхаецца).
На рабочым месцы, хоць яно ў мяне і не зусім звычайнае, я заўсёды «пры парадзе»: з макіяжам і прычоскай. Прыгожая жанчына за рулём таксі – чым не VIP-паслуга? І ў Астраўцы я пакуль адна такая.
Текст: Ольга Хотянович
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений