Валерыя Савіцкая заўсёды можа даць адпор хуліганам

09:07 / 08.03.2019
Валерыя Савіцкая, міліцыянер патрульна-паставой службы Астравецкага РАУС

MVI_2360_intervyu_MP4_snapshot_00_06_2019_03_05_09_49_01.jpg

 Сябры ведаюць яе як мілую, каму­нікабельную і жыццярадасную дзяўчыну, родныя – як добрую, адказную і паслухмяную памочніцу. А вось тыя, каму пашанцавала сустрэцца з Валерыяй па рабоце, упэўніліся, што ёй лепш не пярэчыць, а калі вінаваты – адразу шчыра папрасіць прабачэння.
– Я проста добрасумленна адношуся да выканання сваіх службовых абавязкаў, – гаворыць Валерыя Савіцкая. – І калі ў паўсядзённым жыцці я вясёлая, добрая, таварыская, то на службе – строгая, сур’ёзная і прынцыповая. Мяккацеласць і слабахарактарнасць – не лепшыя якасці для міліцыянера, таму ў некаторых сітуацыях даводзіцца быць жорсткай. На жаль, не ўсе разумеюць, калі мы папярэдж­ваем і спрабуем нармальна растлумачыць, што не варта парушаць правапарадак. У такім выпадку людзі атрымліваюць тое, што заслугоўваюць.
Яшчэ ў першым класе Валерыя вырашыла, што будзе міліцыянерам. Яе тата, дзядзька, а пазней і стрыечны брат служылі ў праваахоўных органах. «А я чым горшая?» – вырашыла дзяўчына. І хоць у старэйшых класах рыхтавалася паступаць на эканаміста, за тры месяцы да заканчэння гімназіі перадумала – і падала дакументы ў акадэмію МУС.
– На стацыянар не паступіла, але сёлета заканчваю акадэмію завочна, – расказвае дзяўчына. – Некаторы час працавала сакратаром у школе, праўда, надоўга мяне не хапіла – не магу сядзець на адным месцы! (Усміхаецца) А вось у патрульна-паставой службе адчуваю сябе цудоўна: гэта – маё! Мне падабаецца патруляванне, стасункі з людзьмі, незвычайныя сітуацыі. Канешне, першы час рэакцыя ва ўсіх, мякка кажучы, была здзіўленай: няўжо ў патрульнай службе з’явілася дзяўчына? Нават парушальнікі ніякавелі і пераставалі дзёрзка сябе паводзіць. Цяпер да мяне адносяцца, як і да калег-хлопцаў, здараецца,  могуць і замахнуцца. Але мы такіх хутка на месца ставім – у крыўду мяне калегі не даюць, ды я і сама адпор магу даць.
Валерыя – адзіная дзяўчына ў па­т­рульна-паставой службе. Працаваць сярод мужчын ёй лёгка і камфортна: кале­гі паважаюць, але не забываюць, што яна, хоць і міліцыянер, але ў першую чаргу – прадстаўніца прыгожай паловы чалавецтва.  
– Заўсёды віншуюць са святамі, дораць кветкі і цукеркі, – з усмешкай прызнаецца дзяўчына. – Я таксама не застаюся ў даўгу: люблю кулінарыць  і на дні нараджэнні частую іх сваімі тортамі. Наогул атрымліваць знакі ўвагі заўсёды прыемна. Работа – усяго толькі работа. І незалежна, хто мы па прафесіі, перш за ўсё мы – жанчыны.  
Текст: