«С детьми работать интересно» – уверен участковый инспектор ИДН Андрей Клютченя
15:24 / 04.03.2019
– На жаль, у апошні час усё часцей даводзіцца «дастуквацца» не толькі да дзяцей, але і да іх бацькоў, – уздыхаючы, адзначае Андрэй Уладзіміравіч. – Гэта раней закон парушалі ў асноўным дзеці з сацыяльна небяспечных сем’яў. Цяпер жа назіраецца адваротная тэндэнцыя: адзінага сына ці дачку бацькі песцяць, ні ў чым не адмаўляюць, усё дазваляюць. Аднак, чым лягчэй дзеці атрымліваюць жаданае, тым менш гэта цэніцца – і тым большым становіцца іх апетыт. Нярэдка яны вырашаюць, што ім усё можна – і пераходзяць рысу дазволенага. І добра, калі пасля зразумеюць, што нарабілі. Падкрэсліваю: гэта тычыцца не толькі дзяцей, але і іх бацькоў.
Дарэчы, калі Андрэй быў падлеткам, ён і ўявіць не мог, што будзе служыць у міліцыі. Вывучыўшыся пасля школы на майстра лясной гаспадаркі, ён не паспеў адпрацаваць і двух месяцаў па спецыяльнасці, як паклікала армія. Служба ва ўнутраных войсках і падштурхнула юнака змяніць прафесію.
– Я служыў у асобным узводзе спецыяльнага прызначэння ў палку канваіравання, – успамінае Андрэй Клютчэня. – Чым бліжэй быў дзембель, тым часцей задумваўся: што далей? Разглядваў два варыянты: застацца ў арміі служыць па кантракце ці пайсці ў міліцыю. Выбраў апошняе – і ў 2013 годзе прыйшоў у Астравецкі РАУС. Пачынаў дзяжурным ізалятара часовага ўтрымання, а пасля заканчэння курса павышэння кваліфікацыі перавялі ў інспекцыю па справах непаўналетніх. Калі спачатку хацелася паслужыць у розных аддзяленнях, то зараз упэўнены, што знаходжуся на сваім месцы.
Прафілактычныя выступленні ў школах, начныя дзяжурствы і рэйды, няпростыя размовы з бацькамі і спалоханыя вочы падлеткаў – многія лічаць службу ў інспекцыі па справах непаўналетніх няўдзячнай і псіхалагічна цяжкай. Але не Андрэй Клютчэня!
– Мне лягчэй працаваць з дзецьмі, чым з дарослымі, – гаворыць Андрэй Уладзіміравіч. – Я знаходжу падыход да непаўналетніх, заслугоўваю іх давер і стараюся дапамагчы. Адношуся да сваіх падапечных, як да сваіх дзяцей, – калі б сам не быў бацькам, магчыма, усё было б па-іншаму. Большасць з маіх падапечных – не злачынцы, а ўсяго толькі разгубленыя падлеткі, якім патрэбна дапамога. І калі затым яны не губляюць са мной сувязь, тэлефануюць і просяць парады ў розных жыццёвых сітуацыях – адчуваю, што жыву і працую недарэмна.