Островчане вспоминают студенчество
09:41 / 28.01.2019
Вераніка Лабуць, у адпачынку па доглядзе дзіцяці:
– Пасля школы я пайшла вучыцца ў Баранавіцкі тэхналагічны каледж. Шчыра кажучы, падабалася мне там больш, чым у школе, шкада, што вучылася толькі год, а потым пайшла працаваць.
Чым лепш? Ды, напэўна, усім: не трэба было ўставаць на досвітку, больш вольнага часу, дамашніх заданняў менш. А калі пачалася практыка, то ўвогуле – не жыццё, а казка.
Аліна Матусевіч, у адпачынку па доглядзе дзіцяці, з сынам Уладзіславам:
– Пасля дзявятага класа я адвучылася ў аграрна-тэхнічным каледжы. Гэта быў вясёлы час: новыя знаёмствы, сябры, гарады.
Аднак, калі гаварыць пра вучобу, то не скажу, што атрыманыя веды мне дапамаглі ў дарослым жыцці – у большасці яны аказаліся непатрэбнымі. Яны, канешне, пашырылі мой светапогляд, але не больш таго.
Ірына Шчуцкая, старшы інспектар Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва:
– Я вучылася ў Гродзенскім аграрным універсітэце. Школу ўспамінаць не люблю, бо там усё было аднастайна і надакучліва, а вось ва ўніверсітэце прайшлі лепшыя гады жыцця.
Група ў нас была дружная. Цяпер нас раскідала па краіне, аднак ёсць тыя, з кім мы перыядычна сустракаемся.
Людміла Іваненка, арганізатар рознічнага гандлю Астравецкага ўчастка паштовай сувязі:
– Я пасля 10 класа адвучылася ў Пінскім мяса-малочным тэхнікуме. Мы, як і многія студэнты ў СССР, ездзілі на сельгасработы, шмат вучыліся і працавалі. І гэта, напэўна, былі самыя вясёлыя гады юнацтва.
Крыху шкадую, што я па сваёй натуры дамаседка, а вось мае, не такія дамашнія, сябры ў тыя гады пакалясілі па краінах Савецкага Саюза.
Дзмітрый Кузьмін, электрамантажнік:
– Пасля школы я адразу пайшоў працаваць будаўніком – вучыўся ўсяму адразу на практыцы. Сябры-студэнты, канешне, расказвалі пра сваё жыццё, аднак у кожнага свой шлях.
А вось свайму сыну я абавязкова параю атрымаць спецыяльнасць пасля школы, бо веды ніколі лішнімі не бываюць.