Выпускники уже несуществующей школы встретились через 50 лет

12:01 / 11.01.2019

Вяліка-Якентанскай васьмі­гадовай школы даўно няма – яе закрылі ў 2004 годзе. Не засталося нават яе будынка… Але ж школа – гэта не толькі сцены, дах, вокны. Школа – гэта перш за ўсё яе вучні і настаўнікі. І вось упершыню ў гісторыі Вяліка-Якентанскай школы адбылася сустрэча яе выпускнікоў, якія закончылі школу 50 гадоў таму. Ініцыятарам  і галоўным арганізатарам гэтай сустрэчы стала Юлія Багдановіч. 


7.jpg 

Злева направа: Станіслаў Пацэвіч, Уладзімір Клюня, Юлія Саковіч, Уладзімір Гродаль, Алена Гараніна, Марыя Віткоўская, Іосіф Герасім

Выпускнікі-юбіляры запрасілі мяне, іх першую настаўніцу,  а таксама настаўніцу матэматыкі Алену Альфонаўну Гараніну на святочную сустрэчу. Яны віталі нас цёплымі словамі, букетамі, падарункамі і тортам са школьным званком, кветкамі і надпісам «50 год». Мы сабраліся на дачы ў вёсцы Ажуройсці, смажылі шашлыкі, пілі чай, успаміналі школьныя гады, расказвалі пра сябе.

У гэтым класе вучылася 12 ча­лавек – на сустрэчу прыехала пяцёра: Юлія Багдановіч (Са­ковіч), Іосіф Герасім, Уладзімір Гродаль, Уладзімір Клюня, Ста­ніслаў Пацэвіч. Усе яны добра вучыліся, атрымалі адукацыю. 

Уладзімір Гродаль – тэхнік-тэхнолаг, выпуснік Вільнюскага механічнага тэхнікума, пра­ца­ваў майстрам на заводзе «Жальгірыс», потым – на Смар­гонскім агрэгатным заводзе, працягваючы пачэсную кавальскую справу сваіх бацькі і дзеда.
Іосіф Герасім пасля заканчэння Вільнюскага чыгуначнага вучылішча пачынаў слесарам у дэпо дызельных цягнікоў,  затым быў памочнікам машыніста, машыністам. Скончыўшы Ле­нін­­­градскі інстытут чыгуначнага транспарту, быў прызначаны на пасаду інжынера-інструктара па падрыхтоўцы кадраў, узна­чаль­ваў прафкам чыгу­нач­нікаў.

Марыя Іосіфаўна Віткоўская з вучнямі збоку Алена Адольфаўна Гараніна. 30.08.1980 В ПЕЧАТЬ.jpg 

Марыя Іосіфаўна Віткоўская з вучнямі, 30 жніўня 1980 года 

Уладзімір Клюня закончыў Гро­дзенскі педінстытут, аспі­ран­туру БДУ. Ён – доктар эка­намічных навук, прафесар, адзін з вядучых вучоных-эканамістаў нашай краіны. Працуе ў БДУ на кафедры эканамічнай тэорыі, з’яўляецца прарэктарам па вучэбнай рабоце. Яго навукова-педагагічная дзейнасць дазволіла рэалі­заваць міжнародныя праекты па супрацоўніцтву з уні­вер­сітэтамі многіх краін свету. Уладзімір – «Выдатнік адукацыі», яго праца адзначана шматлікімі ўзнагародамі. 

Станіслаў Пацэвіч закон­чыў Вільнюскае вышэйшае ка­­манд­нае вучылішча радыё­элек­т­ронікі, стаў ваенным.  Пасля выхаду на пенсію працаваў на Мінскім заводзе ЭВМ імя Арджанікідзэ, у Беларусбанку.

Асобна хочацца расказаць пра Юлію Багдановіч. Яна да гэтага часу працягвае нялёгкі шлях настаўніка. Атрымаўшы тры педагагічныя адукацыі – настаўніка фізікі, матэматыкі і нямецкай мовы, чвэрць стагоддзя Юлія працавала намеснікам дырэктара школы па вучэбна-выхаваўчай рабоце. І хоць мая выпускніца ўжо 10 гадоў як на пенсіі, кіраўніцтва аддзела адукацыі Глыбоцкага раёна не спяшаецца развітвацца з таленавітым  педагогам, яна – гонар Глыбоччыны. Цяпер Юлія выкладае ў сельскай школе нямецкую мову, яе вучні перамагаюць у алімпіядах, удзельнічаюць у фестывалях міжкультурных камунікацый, якія праводзяцца на нямецкай мове. 


Алена Гараніна Марыя Віткоўская. 1960 год.jpg
Гараніна Алена Віткоўская Марыя. 1960 год В ПЕЧАТЬ.jpg

Марыя Іосіфаўна Віткоўская і Алена Адольфаўна Гараніна

Муж Юліі Здзіслаў таксама настаўнік матэматыкі. А яшчэ ён добра іграе на розных музычных інструментах. Ён таксама прыехаў на сустрэчу, і нашы размовы  вяліся пад ціхую музыку – гэта надавала сустрэчы асаблівую атмасферу. 
А як пранікнёна Юля чытае вершы! Здавалася б, звычайныя, са школьнай праграмы, – а колькі эмоцый яны выклікалі:  мы то нястрымна смяяліся, то выціралі слязу…

Своеасаблівым экзаменам для нас, настаўніц-пенсіянерак, стаў школьны вальс, на які за­прасілі нас вучні. І хоць нашы ногі не вельмі слухаліся, але мы выпрасталіся і шчасліва ўсміхаліся – памаладзелі душой! 
Цікава і прыемна было пра­весці дзень з нашымі ко­лішнімі вучнямі Стасікам, Уладзікам, Юзікам, Юлькай, Вовам! Але ж іх чакала дарога дамоў у сотні кіламетраў… 

Нашы дарагія птушаняты, што вылецелі са школьнага гнязда ў далёкім 1968 годзе! Шчаслівай вам жыццёвай дарогі! Хай не будзе  на ёй крутых паваротаў, цяжкіх пад’ёмаў і непрыемных спускаў. Няхай побач з вамі крочаць мудрыя, добрыя і шчырыя людзі! 
Прыемна ўсведамляць, што мы нездарма так многа гадоў аддалі школе: тое, што «сеялі» ў нашых вучнях, дало цудоўныя ўсходы і плады!

 Марыя ВІТКОЎСКАЯ, ветэран педадагічнай працы, в. Ажуройсці.






Текст: Главный администратор