У гасцёўні "Візаві" Дзед Мароз і Снягурачка

09:36 / 30.12.2010

Перад Каляднымі і Навагоднімі святамі мы падумалі: чаму б не ўзяць інтэрв’ю ў іх галоўных персанажаў – Дзеда Мароза і Снягуркі? Праўда, перш, чым іх перахапіць, “уламаць” і пагутарыць, прыйшлося крыху папацець – вядома, напружаны графік, ні хвілінкі прастою і шматлікія падарункі, якія абавязкова трэба даставіць у тэрмін. Аднак яны ўсё ж такі знайшлі для журналіста некалькі хвілін свайго каштоўнага часу.
 Такім чынам, у нас у гасцях – самыя што ні  ёсць сапраўдныя Дзед Мароз і Снягурка (праўда, у звычайным жыцці яны часам “шыфруюцца” пад прозвішчамі Паўла Букеля і Наталлі Янкоўскай).


–Як даўно вы працуеце Дзедам Марозам і Снягуркай?
Дзед Мароз:
Пачалася мая кар’ера Дзеда Мароза, яшчэ калі жыў і працаваў у Гродна. Было весела, цікава і выгадна. А вось у Астраўцы заняўся сваёй працай нядаўна.
Снягурка: Ой, упершыню я паспрабавала сябе ў гэтай ролі яшчэ ў школе ў класе 7-м. І вось нядаўна зноў прыйшлося вярнуцца да знаёмай справы. Сказаць, каб я была вельмі пазітыўнай, узнёслай і міла-пяшчотнай Снягуркай, нельга. Я крыху іншая – можа, проста больш сучасная.  
–Ці лёгка рабіць цуды?
Дзед Мароз:
Для таго, каб іх тварыць, нават Дзеду Марозу патрэбны добрыя спонсары. А як вы думалі? А  наогул, цуды тварыць лёгка. Галоўнае, каб дзеці не расчараваліся. Яны вераць у Дзеда Мароза, казку, чараўніцтва і вельмі важна, каб і надалей працягвалі ва ўсё гэта верыць. І для гэтага трэба тварыць цуды.
Снягурка: Сапраўды, трэба рабіць усё, каб дзеці верылі ў цуды, але я не згодна, што іх тварыць вельмі лёгка. Для гэтага трэба таксама прыкласці намаганні. Напрыклад, хтосьці чагосьці хоча дасягнуць, але для здзяйснення сваёй мэты нават пальцам не паварушыць. Вось тут, выбачайце, але вам нават мы з Дзядулем не дапаможам. Трэба жадаць, імкнуцца, працаваць.
–А з вамі цуды калі-небудзь здараліся?
Дзед Мароз:
Канешне. Пастаянна. Я ж усё-такі Дзед Мароз. А калі сур’ёзна, цуд – гэта ўдзячнасць за твае добрыя справы. А яшчэ лічу, што цуды адбываюцца з кожным – проста трэба ўмець іх заўважаць.
Снягурка: Цуд – гэта тое, да чаго імкнешся і пасля дасягаеш.
–Падзяліцеся сакрэтам:  якіх цудаў і падарункаў больш за ўсё чакаюць у навагодні час дзеці, а якіх – дарослыя?
Дзед Мароз:
Нядаўна зайшоў на сайт свайго калегі з Лапландыі і заўважыў, што дзеці ў апошні час усё менш просяць якіх-небудзь матэрыяльных каштоўнасцей. На першы план выходзяць пажаданні здароўя, каб тата і мама жылі ў міры і згодзе, каб у сям’і ўсё было добра.
А дарослыя – тыя ж дзеці. Таму ім таксама хочацца звычайнага чалавечага шчасця. Ну і грошай, канешне.
Снягурка: Дзеці хочуць ёлку, свята і падарункаў пад ёй. Камусьці патрэбен ноутбук, а некаму для шчасця хопіць і маленькай дзіцячай сумачкі. У кожнага свае пажаданні.
А дарослыя больш за ўсё мараць аб шчасці і спакоі. Проста зараз у нашым свеце шмат стрэсаў. А калі ў людзей добры настрой – гэта і ёсць шчасце.
–Сучасныя Дзед Мароз са Снягуркай адрозніваюцца ад традыцыйных? Можа, у вас больш “наварочаны” сродак перамяшчэнне або нетрадыцыйнае месца для захоўвання падарункаў?
Дзед Мароз:
Сучасны Дзед Мароз умее рабіць усё! (Смяецца). Шчыра кажучы, я не бачу паміж імі розніцы. Бо Дзед Мароз – адзін! І гэта заўсёды пастаянны ўстойлівы вобраз, які не мяняецца і не павінен змяняцца. 
Снягурка: На самой справе, няхай мы крыху па-іншаму танцуем ці спяваем, але водзім усё тыя ж карагоды, раздаём падарункі і галоўнае – радуем дзяцей. Дзед Мароз і Снягурка – гэта вобразы, якія ў любым часе будуць аднолькава любімымі, жаданымі і папулярнымі.
–Чым займаецца чароўная пара ў вольны ад працы час – напрыклад, вясной ці летам?
Дзед Мароз:
Не паверыце, але працуем круглы год. У нас ёсць спецыяльная пошта: электронная і звычайная, дзякуючы якім мы даведваемся пра жаданні. Згодна з імі складаецца адпаведны спіс. Пасля мы сазвоньваемся з рознымі фабрыкамі і дамаўляемся наконт тавару – напрыклад, нам патрэбны тры КАМАЗы шакаладу. Затым упакоўваем падарункі… Ох, складана, канешне. І часам так хочацца адпачыць. Мне вось, напрыклад, Егіпет вельмі падабаецца…
Снягурка: Не час адпачываць, калі ўсе чакаюць падарункаў. А яшчэ ў нас ёсць спецыяльны крэм, з дапамогай якога мы становімся нябачнымі і тады ходзім і падглядваем, хто як сябе паводзіць на працягу года і ці заслугоўвае сюрпрызу ў навагоднюю ноч.
–А зараз – навагоднія пажаданні чытачам “Астравецкай праўды” ад Дзеда Мароза і Снягуркі.
Дзед Мароз:
Верце ў Дзеда Мароза – і будзьце больш добрымі, спагадлівымі і чалавечнымі.
Снягурка: Кахання вам, здароўя і шчасця!
Хорам: З Новым годам!


Распытвала Марына МАЦКЕВІЧ.