Алеся Кашко і цяпер верыць у Дзеда Мароза
09:52 / 03.01.2019
На Ражаство ўсёй сям’ёй ішлі ў касцёл. А калі вярталіся, то мы з сястрой перш-наперш заглядвалі пад ёлачку. Гэтая традыцыя захавалася і сёння: як і раней, мы з нецярпеннем чакаем гэтае свята, упрыгожваем ёлачку і менавіта на Каляды атрымліваем падарункі.
Канешне, Новы год мы таксама адзначаем: накрываем стол, загадваем жаданні, віншуем адзін аднаго…
У дзяцінстве ў нас у кожнага быў свой Дзед Мароз – яму мы адрасавалі свае просьбы. А потым бацькі выведвалі ў нас нашы пажаданні – і выконвалі іх. Аднойчы я папрасіла ў Дзеда Мароза боцікі – белыя, падбітыя футрам, такія, як у Снягурачкі, – і 25 снежня я іх атрымала. Колькі было радасці!
У школе таксама былі свае традыцыі. Пад Новы год у кожным класе працавала майстэрня Дзеда Мароза. Мы рабілі ёлачныя цацкі і ланцужкі з паперы, а потым імі ўпрыгожвалі класы і школьную ёлку.
Навагоднія ранішнікі праходзілі весела: карагоды, песні, вершы, гульні… Хлопчыкі і дзяўчынкі ў касцюмах Сняжынак, Зайчыкаў, Піратаў…. У сярэдніх класах мы ўжо ўдзельнічалі ў навагодняй праграме для пачаткоўцаў. Кім я толькі ні была: Скамарохам, Карлсанам і Снягурачкай!
Зрэшты, я і сёння веру ў Дзеда Мароза і чакаю надыходу калядных і навагодніх святаў. З задавальненнем удзельнічаю ва ўсіх дабрачынных і школьных святах – і сыграць ролю якога-небудзь казачнага персанажа не адмовілася б! Усе мы родам з дзяцінства, і кожны, асабліва ў такія чароўныя святы, як Ражаство і Новы год, чакае цудаў і здзяйснення жаданняў!