Святыні Астравеччыны: Дайлідскі касцёл
09:15 / 24.12.2018
Як нашы дзяды і прадзеды шмат гадоў назад па цаглінцы, па бярвенцу іх будавалі, так і мы з вамі ў праекце «Святыні Астравеччыны» паспрабуем аднавіць іх гісторыю.
У наступным годзе Дайлідская парафія будзе адзначаць ажно 2 юбілейныя даты: 90-годдзе касцёла і 30-годдзе вяртання святыні вернікам.
За гэты час касцёл Апекі Маці Божай зведаў холад заняпаду: некалькі дзесяцігоддзяў стаяў зачынены і напаўразбураны. Але, дзякуючы намаганням нястомных і самаадданых у веры і ўчынках людзей, якімі багатая дайлідская зямля, цяпер ён перажывае часы свайго росквіту…
2 050 вернікаў адносілася да Даўкшышскай парафіі да 1949 года.
Адкуль ёсць пайшоў?
З гістарычных дакументаў вядома, што касцёл Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі будаваўся на землях паноў Лашкевічаў, якія ахвяравалі на гэта 10 гектараў зямлі. Пастараліся і іншыя людзі: Ізыдор Белавус з Тракеляў, напрыклад, даў 6 гектараў ворнай зямлі, 1 гектар – Юстын Кашкевіч з маёнтка Валярын.
У паноў Лашкевічаў быў сын, які служыў афіцэрам у Варшаве. Там ён пазнаёміўся з дачкой прэзідэнта Троцкага. Каханне маладых было настолькі моцным, што яны пабраліся шлюбам, які ў наш час назвалі б модным словам «мезальянс»: сын правінцыйных паноў не роўня дачцэ прэзідэнта. Але, відаць, бацькам з абодвух бакоў хапіла розуму і мудрасці прыняць рашэнне дзяцей. Больш таго: цешча паніча, пані Барбара Адзінцова з роду Рамэраў, пахаваная каля Дайлідскага касцёла.
Але вернемся да будаўніцтва. Дастаткова хутка, улічваючы, што ў той час усё рабілі ўручную, – усяго за чатыры гады, з 1805 па 1809, быў узведзены драўляны касцёл пад кіраўніцтвам віленскага ксяндза-каноніка Антонія Сумістроўскага і Брыгіты Міхайлоўскай з роду Сумістроўскіх – магчыма, яго маці ці сястры.
Да 1858 года пробашчам парафіі быў Юстын Корвін Саковіч, які і пахаваны каля касцёла. Пры ім з 1820 па 1822 год у Тракелях на зямлі паноў Дабрыяновічаў побач з цудадзейнай крыніцай была пабудавана драўляная капліца Святога Якуба. З той пары ля крынічкі штогод 25 ліпеня адбываюцца ўрачыстыя богаслужэнні. У 1837 годзе, дзякуючы святару, на дайлідскіх могілках з’явілася драўляная каплічка.
На жаль, падчас Першай сусветнай вайны касцёл у Даўкшышках згарэў. Ксёндз Зыгмунд Стафінскі праводзіў богаслужэнні ў капліцы на могілках. І парафіяне вырашылі на месцы спаленага касцёла пабудаваць новы.
– Галоўнымі ахвярадаўцамі былі Уладзімір і Гэлена Лашкевічы з маёнтку Даўкшышкі, пан Качан з маёнтку Новы Двор, пан Гутаровіч з маёнтку Юзуліна і іншыя. З дакументаў вядома, што 17 чэрвеня 1927 года парафіяне ўзялі доўгатэрміновую пазыку на 1 960 злотых. Да параўнання: пуд жыта ў той час каштаваў 2 злотыя, – расказвае Казімір Станіслававіч. – Будаўніцтва працягваў ужо ксёндз Станіслаў Сташэліс і першы старшыня касцёльнага камітэта Уладзімір Лашкевіч. На будоўлю святыні былі выпісаны майстры з Вільні, якім дапамагалі мясцовыя жыхары: Ігнат Рзун, Станіслаў Рабчун, Антон Захарэўскі, Франц Грудзінскі.
– На будаўніцтва пайшло 15 680 злотых. Храм, які атрымаў тытул Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі, 13 кастрычніка 1929 года асвяціў арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі. З таго часу Марыя і апякуецца дайлідскай зямлёй. Наш касцёл унікальны тым, што ён адзіны ў Беларусі, які названы ў гонар апекі Панны Марыі, – працягвае Казімір Станіслававіч. – А ксяндза Станіслава Сташэліса, які разам з парафіянамі будаваў храм, падчас Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 годзе фашысты расстралялі каля Іўя.
Захавалася сведчанне Генавефы Бурштыновіч пра асвячэнне касцёла:
«Падсолтыс Дайлідак Баляслаў Сяргей пазычыў у некага з Вільні форму кавалерыстаў. Прыгожа апранутыя мужчыны, з шаблямі, конна сустракалі біскупа на станцыі Ашмяны. У суправаджэнні гэтай варты арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі на аўтамабілі прыехаў у Дайлідкі».
Тады Генавефе ішоў толькі пяты год, але дзяўчынка на ўсё жыццё запомніла, як сам арцыбіскуп падвёз яе на аўтамабілі.
Да 1949 года святары ў Даўкшышках працавалі па тры гады, не больш. Пасля ксяндза Станіслава Сташэліса былі Леон Масакоўскі, Адольф Мачульскі, Віктар Гагалінскі, Лукаш Попел і Аляксандр Пясляк, які ў 1949 годзе цяжка захварэў. Мясцовыя жыхары вельмі шанавалі святара за спагадлівасць і дабрыню, таму на крэсле прыносілі яго ў касцёл адпраўляць імшу. На жаль, хвароба адужала ксяндза Аляксандра, які ў лістападзе памёр і быў пахаваны каля касцёла. Часта ў Дайлідках бываў пляменнік ксяндза Аляксандра Тадэвуш Квяндкоўскі, які пасля смерці дзядзькі штогод прыязджаў на яго магілу.
Пасля смерці Аляксандра Песляка касцёл быў зачынены. У 1950 годзе храм прыстасавалі пад збожжавы склад і падсобны цэх калгаса імя Калініна – і ў гэтай якасці ён выкарыстоўваўся да 1988 года.
– У 1982 годзе здарыўся пажар: загарэлася масла пад станкамі у падсобным цэху, – расказвае Казімір Станіслававіч. – Але праз некаторы час агонь сам па сабе патух. Гэта бачылі вартаўнікі Раман Гродзь і Часлаў Бравінскі. На тых, хто быў сведкам цуду – інакш не скажаш, гэта зрабіла вялікае ўражанне. Настолькі, што хлопец з Солаў Валерый Лісоўскі, які працаваў падсобным цэху, пазней стаў святаром.
Вяртанне да вытокаў
Нягледзячы на тое што людзі не мелі магчымасці маліцца ў храме – пабожнасць і веру яны захавалі. Маёвыя набажэнствы і чэрвеньскія ружанцовыя праходзілі ва ўбогай хаце Генавефы Бурштыновіч. А касцёл быў разрабаваны. Больш таго: знайшліся людзі з прыезджых, якія ўзламалі скляпенне паноў Лашкевічаў і выцягнулі адтуль іх парэшткі, – мясцовыя жыхары потым іх вярнулі на месца.
Часы мяняліся – пачалася перабудова, улады да веры сталі адносіцца больш лаяльна. Вернікі пачалі дабівацца, каб святыню ім вярнулі. Найбольшую актыўнасць праяўлялі Адэля Байкоўская, Марыя Пятроўская, Ядвіга Матыяшкойць, Генавефа Бурштыновіч, Станіслаў Барташэвіч і іншыя. Парафіянам дапамагалі дэкан астравецкі ксёндз-прэлат Алёйза Тамковіч, ксяндзы Жупранскай і Сольскай парафій Юзаф Занеўскі і Альберт Масальскі.
У 1989 годзе святыню вярнулі вернікам: 29 лістапада пасля 40-гадовага перапынку адбылася святая імша.
– Першым старшынёй касцёльнага камітэта быў абраны Міхаіл Матыяшкойць, казначэем – Часлаў Бравінскі, – расказвае Казімір Станіслававіч. – У снежні 1989 года пачалося аднаўленне касцёла. Вялікую дапамогу аказаў калгас імя Калініна на чале са старшынёй Віктарам Ермаком: на патрэбы будаўніцтва было выдзелена каля 200 тысяч рублёў. На аднаўленні касцёла працавала калгасная брыгада пад кіраўніцтвам Эдуарда Баніцэвіча.
Духоўнае жыццё Дайлідскай парафіі аднавілася 9 верасня 1990 года, калі новапрызначаны пробашч касцёла айцец Бернард Радзік з ордэна кармялітаў адправіў тут першую імшу. З таго дня богаслужэнні ў Дайлідскім касцёле адпраўляюцца кожную нядзелю і ў святы.
Біскуп Тадэвуш Кандрусевіч 20 красавіка 1990 года нанова асвяціў касцёл. На ўрачыстасці прысутнічаў і біскуп Аляксандр Кашкевіч. Ажно 120 чалавек у гэты дзень прынялі сакрамэнт бежмавання.
У лістападзе 1991 года ў касцёле пабудаваны тры алтары: Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі, святой Тэрэсы і святога Юзафа. А абраз Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі, які ўратавалі вернікі, адвёзшы ў Сольскі касцёл, вярнуўся ў родны храм.
Аднаўленнем абразоў і роспісам алтароў Дайлідскага касцёла займалася жонка Казіміра Станіслававіча – таленавітая мастачка Тарэса Варановіч з сястрой Ірэнай Герасім і дачкой Вікторыяй.
Пасля 53-гадовага перапынку сярод людзей ізноў пачаў жыць ксёндз… Відаць, жыхары Дайлідак маюць перад Богам асаблівую ласку, бо імі апякуецца сама Маці Божая.
За дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула шчыра дзякую Казіміру Варановічу.
P.S. Мы маем намер расказаць пра ўсе храмы Астравеччыны. Хоць зрабіць гэта не так проста: з кожным годам усё менш сведак, цяжка шукаць архіўныя матэрыялы.
Калі ў вас ёсць архіўныя фотаздымкі, вы самі або з расповедаў сваіх родных ці знаёмых ведаеце пра святароў, якія служылі ў храмах, валодаеце цікавымі звесткамі пра іх будаўніцтва – патэлефануйце, калі ласка, па нумары 20-1-50 ці напішыце на электронную пошту alena.svjatka@tut.by
Адновім гісторыю святынь Астравеччыны разам!