Чым займаюцца валанцёры “Карытаса”
16:06 / 18.12.2018
Праз шчырыя малітвы за блізкіх, дапамогу людзям, якія перажываюць у сваім жыцці не самыя лепшыя часы, мы набліжаем сустрэчу з Божым Дзіцяткам…
У парафіяльным доме касцёла Святых Космы і Даміяна, які год назад гасцінна адчыніў дзверы перад дзецьмі, моладдзю і іх бацькамі, віруе напоўненае радасцю, добрымі справамі і сустрэчамі жыццё – у гэтым я ўпэўнілася, завітаўшы на чарговую моладзевую сустрэчу.
Аднойчы я вырашыла па-суседску зазірнуць на агеньчык і зразумець, чаму дзяцей, як магнітам, цягне ў парафіяльны дом.
Дзякуючы намаганням святароў, сясцёр законных, якія найбольш апякуюцца дзецьмі і моладдзю, бацькам, літаральна за год парафіяльны дом стаў падобным на вулей, дзе кіпіць жыццё.
Тут кожны заняты сваёй справай. Хтосьці да дошкі прымацоўвае фотаздымкі з сумесных паездак і пілігрымак. Іншыя рэпеціруюць калядныя песні і пастаноўку…
Да размовы далучаюцца і іншыя дзяўчынкі – яны ў адзін голас расказалі дэвіз сваёй дабрачыннай акцыі:
«Кветка любові» няхай кранае
Кожнае чалавечае сэрца,
А любоў Божая ўсіх з’яднае –
І будзем жыць у Божай апецы.
Творчым працэсам, акрамя сястры Наталлі, кіравала і парафіянка Таццяна Лапшэвіч. Яна стала валанцёрам, дзякуючы прыкладу дачок Вікторыі і Юліі.
– Сустракаемся мы раз на тыдзень, а то і часцей, – расказвае жанчына. – Спраў хапае, асабліва падчас Адвэнту. Акрамя кветак з салодкім «вочкам», для дзяцей з прытулку зрабілі яшчэ і пакрытае каляровай глазурай пячэнне.
– Мне падабаецца дапамагаць блізкім – і гэта я раблю не толькі ў касцёле, – расказвае дзяўчына. – Ад радасці іншага чалавека на душы робіцца святлей. Спадзяюся, гэтыя кветкі падораць адзінокім людзям часцінку нашай любові.
Думкі сястры падзяляе і брат:
– Добрыя справы розныя бываюць. Часам добрага слова хапае, каб падняць чалавеку настрой.
Адвэнт – самы час зрабіць тое, што мы адкладвалі на заўтра. Знайдзіце вольнае акенца ў сваім працоўным графіку, каб пазваніць бацькам ці адведаць іх. Пакрыўдзіліся ці кагосьці пакрыўдзілі – папрасіце прабачэння… І не шкадуйце добрых слоў, як гэтыя дзеці не шкадуюць «кветак любові» для тых, каму не хапае пяшчоты, спагады, дабрыні.
На працягу Адвэнту ва ўсіх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі можна будзе ахвяраваць пасільную для сябе суму, каб набыць свечку. Усе сродкі пойдуць на патрэбы сацыяльна неабароненых дзяцей. А свечка, запаленая ў Вігілійны вечар, стане сімвалам таго, што вы рыхтаваліся і чакалі маленькага Езуса.