Непадалёк ад вёскі Кярняны адбылося ДТЗ з цяжкімі вынікамі

11:25 / 16.12.2010

Непрыемны сюрпрыз надвор’я ў выглядзе адлігі і галалёдзіцы ў мінулы чацвер абярнуўся сумным дарожна-транспартным здарэннем з цяжкімі вынікамі.


У той дзень вадзіцель аўтамашыны “Фольксваген Пасат”, грамадзянін Літоўскай Рэспублікі, ехаў у накірунку з Катлоўкі ў Астравец. Не даязджаючы павароту на Кярняны, ён вырашыў абагнаць два аўтамабілі, якія рухаліся наперадзе. Аднак вадзіцель не ўбачыў, што ў гэты час насустрач ехаў аўтамабіль “Пежо-307”, у якім, акрамя вадзіцеля, жыхара Мінска, знаходзіліся яшчэ дзве пасажыркі, і вырашыў, што ён паспее “праскочыць”. Аднак пры завяршэнні манеўра абгону “Фольксваген”, у якога, дарэчы, была яшчэ летняя гума, выкінула зноў на паласу сустрэчнага руху. Адбылося лабавое сутыкненне дзвюх машын, пасля якога “Пежо-307” аказалася ў кювеце.
У выніку аварыі вадзіцель-літовец быў дастаўлены ў цяжкім стане з адкрытай чэрапна-мазгавой траўмай у рэанімацыю раённай бальніцы. Там жа са шматлікімі траўмамі знаходзіцца і адна з пасажырак “Пежо-307”. Другой жанчыне пашанцавала больш – пасля аказання медыцынскай дапамогі яна вярнулася дадому.


Марына МАЦКЕВІЧ.