Пра работу, выбар прафесіі, сям’ю расказвае Віктар Алёкса

09:20 / 06.11.2018
Некалькі гадоў запар КСУП «Гудагай» з’яўляецца флагманам раённай малочнай вытворчасці. У гэтай гаспадарцы кіруюцца прынцыпам трох «К»: кадры, каровы і кармы.

Пра шлях у прафесію, вытокі вялікага гудагайскага малака,  сям’ю мы пагутарылі з галоўным заатэхнікам КСУП «Гудагай» Віктарам Іванавічам Алёксам, чый партрэт сёлета занесены на раённую Дошку гонару.

IMG_9430 Алекса Віктар.jpg

– Вы трапілі ў сельскую гаспадарку выпадкова  ці гэта быў свядомы выбар? 
– Раённай жывёлагадоўлі я аддаў 27 гадоў жыцця – і не шкадую аб гэтым. З дзяцінства хацеў працаваць у калгасе –  праўда, тады яшчэ не ведаў, кім. 
Я нарадзіўся і вырас у Дрэвяніках – і цяпер там жыву. Мае бацькі – простыя людзі: тата ўсё жыццё адпрацаваў вадзіцелем у калгасе, маці была брыгадзірам участка. Нас з братам яны з дзяцінства прывучалі да працы: часу сядзець склаўшы рукі не было. У школе мне добра даваліся біялогія і хімія, матэматыка ішла значна слабей.
Жывёлу любіў з дзяцінства.  Бацькі, як і ўсе вяскоўцы, трымалі вялікую гаспадарку: у нас былі каровы, бычкі, свінні... Я вырашыў стаць ветэрынарам, хоць маці, па адукацыі аграном, хацела, каб і я стаў тэхнолагам палёў. Але да зямлі так, як да жывёлы, душа ў мяне не ляжала. 

Вучыцца ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце мне падабалася: быў моцны прафесарскі склад, цікавыя выкладчыкі – яны нам далі добрую базу. У інстытут я паступаў па накіраванні ад калгаса імя Мічурына і як калгасны стыпендыят атрымліваў павышаную стыпендыю – 46 рублёў. На адзін рубель у той час можна было нядрэнна паабедаць у сталовай…

Вытворчую практыку праходзіў у родным калгасе – сюды ж прыйшоў працаваць ветурачом пасля заканчэння інстытута. У горадзе  заставацца не хацелася – цягнула на радзіму. Нездарма нашы продкі казалі, дзе нарадзіўся – там і спатрэбіўся.



 – Памятаеце свае першыя працоўныя будні? І якімі былі гэтыя гады працы ў жывёлагадоўлі: з ветурача вы выраслі да галоўнага заатэхніка?
– Канешне, памятаю. Дзякуючы  працы я стаў, не пабаюся гэтага слова, прафесіяналам. Канешне, здараліся розныя выпадкі – але гэта ні з чым не параўнальны вопыт, які не купіш за грошы і не здабудзеш ва ўніверсітэтах. Першыя працоўныя дні нічым не адрозніваліся ад астатніх: дапамагчы карове ацяліцца, дастаць паслед – словам, звычайныя будні ветурача. Некалькі гадоў быў ветэрынарным гінеколагам, загадчыкам фермы «Дрэвянікі» – згадзіўся, бо не было каму працаваць.  Потым у раёне пачалася аптымізацыя гаспадарак – нас далучылі да калгаса імя Гашкевіча. Тагачасны старшыня Валянцін Часлававіч Далговіч прапанаваў стаць галоўным ветэрынарным урачом. Падумаў: чаму б і не?! І згадзіўся. Дзесьці праз пяць гадоў калгас імя Гашкевіча аб’ядналі з СВК «Гудагай». Неяк пры сустрэчы Эдуард Іванавіч Садоўскі спытаўся, ці пайду ў галоўныя заатэхнікі. «Куды радзіма адправіць, – кажу, – туды і пайду». Так і стаў галоўным заатэхнікам гаспадаркі.

алёкса 1.jpg



 – І якая з дзвюх спецыяльнасцей вам больш да душы?
– Цяжка сказаць. Я заўсёды адчуваў сябе на сваім месцы. Ветурач адказвае за лячэнне, закупку медыкаментаў, а заатэхнік – за тэхналогію кармлення, нарыхтоўку кармоў. Усюды трэба працаваць. Мая задача, як галоўнага заатэхніка, каб зладжана працавала заатэхнічная служба. У КСУП «Гудагай» пяць заатэхнікаў-селекцыянераў. 
У жывёлагадоўлі, а тым больш у такой галіне, як селекцыя, дробязяў не бывае. Увядзенне масавай ідэнтыфікацыі сельскагас­падарчых жывёл, на маю думку, спрасціла работу селекцыянерам, якія раней усе патрэбныя даныя фіксавалі ўручную ў розных журналах. Цяпер дастаткова ўвайсці ў праграму, увесці ў патрэбную графу нумар жывёліны – і на экране адразу можна ўбачыць звесткі пра асноўныя перыяды яе жыцця: дату нараджэння і ацёлу, асаблівасці лячэння і многае іншае. У маім мабільным тэлефоне ўстаноўлена гэта праграма. Я магу за некалькі імгненняў атрымаць патрэбную інфармацыю пра любую жывёліну. 



– Віктар Іванавіч, больш за 60% гудагайскага малака трапляе на перапрацоўчыя прадпрыемствы гатункам экстра. У чым тут сакрэт?
– Ніякіх сакрэтаў ці ўніверсаль­най формулы так званага вялікага малака ў нас няма. Проста кожны на сваім месцы павінен праца­ваць. Мне здаецца, што і на комп­лексах, і на фермах людзі гэта добра разумеюць. Важную ролю іграюць умовы ўтрымання  і кармы – нездарма ж кажуць, што малако ў каровы на языку.

Увогуле гатунак малака залежыць ад здароўя вымені. Лічыцца добрым, калі хатняя карова дае да 20 літраў малака. На комплексах гэтая лічба часта ўзрастае ў паўтара, а то і ў два разы. Зразумела, што ў такіх інтэнсіўных умовах рагулі трэба дапамагаць. Для гэтага выкарыстоўваюцца спецыяльныя сродкі для апрацоўкі вымені да і пасля даення, аднаразовыя сурвэткі і многае іншае.

Гаворачы пра якасць малака, нельга спісваць з рахункаў і генетычны фактар. У спецыяльнай ідэнтыфікацыйнай сістэме, пра якую я расказваў, па сутнасці фіксуецца гісторыя жыцця – асабліва гэта важна, калі камплектуецца малочны статак. На нашых малочна-таварных комплексах практыкуецца закрыты цыкл: малочных кароў гадуем самі. Напрыклад, цялушкі ад першацёлак звычайна выбракоўваюцца – лічацца слабымі. 

 Уплывае на якасць малака і стан малочнага абсталявання. Калі, да прыкладу, тэрмін эксплуатацыі сас­ковай гумы 1 500 мотагадзін – то яе нельга выкарыстоўваць 1 600 ці 1 800 мотагадзін. Абсталяванне, патрэбныя запчасткі і дэталі павінны быць належнай якасці. 

алёкса 2.jpg




– Калі размова заходзіць пра малочна-таварныя комплексы, людзі падзяляюцца на два лагеры: адны бачаць за імі будучыню, другім не падабаецца, што да жывёлы там цалкам спажывецкі, абяздушаны падыход. А вы  чый погляд падзяляеце? 
– Я абедзвюма рукамі «за» комплексы. Калі б нам яшчэ адзін пабудаваць – дык увогуле цудоўна было б. У КСУП «Гудагай» зараз 15 жывёлагадоўчых аб’ектаў: 2 малочна-таварныя комплексы, 7 малочна-таварных ферм і 6 ферм па адкорме і дарошчванні жывёлы. За дзень фізічна немагчыма іх усе аб’ехаць. А на комплексе было б усё сканцэнтравана: і жывёла, і кармы. 



– Віктар Іванавіч, ці ёсць мяжа ў вытворчасці малака: «плюсаваць»  кожны год па надоях усё ж немагчыма…
– Нам яшчэ ёсць куды развівацца: нарыхтоўваць лепшыя кармы, удасканальваць тэхналогію вытворчасці малака і многае іншае. 



Бліц-апытанне
1. Што для вас на першым месцы: сям’я ці работа?
– Не ўяўляю свайго жыцця без сям’і і без работы таксама. У мяне атрымліваецца гэта спалучаць, дзякуючы надзейнаму тылу: маім самым любімым у свеце жанчынам, дзвюм Ганнам – жонцы і дачцэ.

2. Вам хапае 24 гадзін у сутках?
– Нават калі адкажу «не» – іх усё роўна не пабольшае. Стараюся ўсё спланаванае зрабіць за дзень. Праўда, не заўсёды атрымліваецца.

3. Ці п’еце вы магазіннае малако?
– Я не пераборлівы ў малочных прадуктах. Аднак ніколі не буду піць малако з тэрмінам прыдатнасці месяц і звыш – гэта не малако, а адны кансерванты. 


Текст:
Фото: Алена Гануліч